Сяргей Стрыбульскі на волі! (абноўлена)

Сяргей Стрыбульскі вельмі ўдзячны ўсім, хто яго падтрымліваў.

Доўгачаканая сустрэча: Сяргей Стрыбульскі і ягоны сабака Айва

Сяргей вызвалены пад падпіску аб нявыздзе. Зараз ён знаходзіцца сярод сваіх сяброў. Бліжэйшым часам збіраецца, як ён кажа, "рабіць звычайныя рэчы": прыйсці дахаты, прыбрацца там, забраць сваю Аву (сабака). А яшчэ збіраецца дапамагаць хлопцам, якія застаюцца за кратамі.
Фота з фб Юрыя Меляшкевіча

Сяргей вельмі ўдзячны ўсім тым людзям, якія пісалі яму лісты, выходзілі на акцыі салідарнасці. "Я нават не ведаю, як усім аддзячыць! Гэта была вялікая і вельмі адчувальная падтрымка!" — кажа Стрыбульскі.

Паводле яго меркавання, "справу патрыётаў" усё ж давядуць да суда, але, хутчэй за ўсё, тыя, каго ўлады пазначылі як арганізатараў, атрымаюць умоўныя тэрміны.
Фота з фб Юрыя Меляшкевіча

Ёсць інфармацыя, што на волі хутка апынуцца і некаторыя іншыя фігуранты справы патрыётаў. Ужо вядома, што на волі Аляксандр Зімніцкі.

Нагадаем, Сяргея Стрыбульскага затрымалі 21 сакавіка каля 18-й гадзіны на скрыжаванні вуліц Лібкнехта і Каржа ў Мінску. Яму выстаўлена абвінавачанне ў навучанні і падрыхтоўцы да масавых беспарадкаў паводле 3 часткі 293 артыкула Крымінальнага кодэксу ("Навучанне і падрыхтоўка асобаў для ўдзелу ў масавых беспарадках"). Утрымліваўся ў СІЗА №1.

Чытайце таксама: Неабыякавы чалавек з вялікім сэрцам 
          Стрыбульскі: «Нехта хоча, каб я ператварыўся ў ваўкалака» 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!