За «пятай калонай» ужо не схаваешся

«Мы нічога і нікога не баімся», — казаў Лукашэнка 23 сакавіка на нарадзе па грамадскай бяспецы. У гэтыя хвіліны грамадскіх актывістаў затрымлівалі па абвінавачваннях у падрыхтоўцы масавых беспарадкаў, якіх яшчэ не было. Пагадзіцеся, улада, якая «не баіцца», так не дзейнічае.


 

Пратэсты працоўных у красавіку 1991 года. Фота intefax.by

Праблемы ўжо ёсць

За два апошнія дні ўлада і непасрэдна Аляксандр Лукашэнка здзейснілі столькі розных крокаў і заяў, што гэта ім абавязкова адгукнецца — як унутры краіны, так і па-за яе межамі.

Па-першае, заява кіраўніка Беларусі пра тое, што нашых «баевікоў» рыхтавалі і праплочвалі Украіна і Літва, нароўні з паведамленнем пра начынены зброяй джып, які спрабаваў пратараніць беларускую мяжу з боку Украіны, ужо выклікалі адпаведную рэакцыю.

Літоўскі бок назваў гэта трызненнем. Украіна пайшла далей. Памежнікі нашай суседкі даказалі, што гэты джып украінскую мяжу не праходзіў. А значыць, гэта, хутчэй, чарговая пужалка беларускіх спецслужбаў і «карцінка» для беларускага тэлебачання. А наконт лагераў, — Украіна запатрабавала афіцыйнага тлумачэння і «абмену інфармацыяй» на гэты конт.

Цікава, як адпаведныя ведамствы будуць зараз выкручвацца? У кулуарах казаць пра тое, што Лукашэнка нешта «падхарашыў»? Нашым паўднёвым суседзям гэта наўрад ці спадабаецца.

У любым выпадку, мы ўжо атрымалі праблемы з гэтага боку, і атрымаем яшчэ.

Джыны з МУС і КДБ

Але выказваннямі кіраўніка Беларусі справа не скончылася. Варта яму было прамовіць, што спецслужбы затрымалі «дзясяткі баевікоў», як МУС і КДБ пачалі ажыццяўляць гэтае «пажаданне» ў рэальнасці. Заўважу: СПАЧАТКУ Лукашэнка выказаўся, а ПОТЫМ пачаліся арышты.

Невядома адкуль намалявалася крымінальная справа пра падрыхтоўку масавых беспарадкаў. Прычым, спіс «баевікоў» уражвае. Уражвае сваёй бязглуздасцю. Па-першае, гэта былыя актывісты такіх арганізацый, як «Зубр» і «Белы Легіён». Гэтыя арганізацыі гадоў пятнаццаць як не існуюць. Па-другое, гэта тыя «маладафронтаўцы», якія адзначыліся не далей як месяц таму абаронай Курапатаў. І калі былых вайскоўцаў з «Легіёну», якія зараз займаюцца цалкам мірным кніжным бізнесам, яшчэ можна было з вялікай-вялікай нацяжкай назваць «баевікамі», то актывісты-курапатаўцы на справе даказалі мірны характар іх пратэсту.

Малюнак, створаны прапагандыстамі БТ вельмі бляклы. Нават недасведчанаму ў зброі чалавеку было зразумела: тое, што нам паказваюць у якасці «канфіскаванай у экстрэмістаў зброі», страляць і ўзрывацца не можа. Прапіленыя ўздоўж патроны, пафарбаваныя белым гранаты, паляўнічыя стрэльбы са знятымі стваламі, нейкія муляжы аўтаматаў… Падаецца, нават у спецслужбах разумеюць: даваць неўраўнаважаным прапагандыстам у рукі сапраўдную зброю небяспечна.

Такім чынам, па крымінальнай справе аб масавых беспарадках (якіх, паўтаруся, яшчэ не было), затрыманыя 23 чалавекі. У іх праведзеныя вобшукі. У лепшым выпадку — знойдзеная легальная паляўнічая зброя альбо «зброя» для страйкболу. У горшым — падчас ператрусу ў Дашкевіча знік кот па мянушцы Леапольд. Інтэрнэт зараз варожыць: ці забралі яго як сведку?

А зараз пытанне: як з такой доказнай базай давесці справу да суда? Адказ — ніяк. Зразумела, актывістаў будуць трымаць за кратамі столькі, колькі спатрэбіцца, аднак у выніку іх давядзецца альбо адпусціць за адсутнасцю доказаў, альбо мы пабачым такі судовы працэс, перад якім паблякнуць працэсы экс-кандытатаў у прэзідэнты 2010 года.

Пратэсты 19 лістапада 2010 года. Фота newsby.org


Не моц, а слабасць


Канешне, гэтымі дэманстратыўнымі «пасадкамі» ўлада спрабавала даказаць, найперш, самой сабе, што яна моцная,. Бо іншым даказаць гэта не атрымалася.

Усе разумеюць, што моцная ўлада — тая, якая не палохаецца выслухаць апанентаў. Тая, якая не баіцца прызнаць свае памылкі і выправіць іх. Тая, якая не перакладае адказнасць за гэтыя памылкі на нейкага «знешняга ворага».

Арыштамі па раптоўна ўзніклай «масавабеспарадачнай» справе і адміністрацыйнымі «пасадкамі» актывістаў апазіцыі ўлада значна нашкодзіла самой сабе.

Найперш, яна паказала менавіта слабасць і напалоханасць. Мітусня Лукашэнкі ад «я замарозіў дэкрэт №3» да «я яго нават не прыпыняў» паказвае: ён відавочна не ведае, як рэагаваць на сітуацыю. Звыклая рэакцыя рэпрэсіямі — нават не рэакцыя, бо не вырашае праблему. Прэвентыўныя «пасадкі» напярэдадні акцыі 25 сакавіка ўспрымаюцца дакладна як напалоханасць улады пратэстамі. «Не напалоханая» ўлада проста праігнаравала б Дзень Волі, як яна рабіла гэта апошнія гады тры.

Другое: пад прэвентыўныя адміністрацыйныя і «крымінальныя» арышты трапілі найбольш актыўныя грамадскія лідары. І зараз, калі 25 сакавіка людзі збяруцца ў Мінску ля Акадэміі Навук, — а яны абавязкова там збяруцца, бо застрашыць і запалохаць абсалютна усіх не атрымаецца ніколі, — то нельга будзе казаць, што гэта «пятая калона». Уся «пятая калона» перасаджаная, — аж да таго, што «прынялі» звышпамяркоўнага лідара прадпрымальнікаў Анатоля Шумчанку.

Давядзецца прызнаць — на акцыі 25 сакавіка ў Мінску і 26-га ў рэгіёнах прысутнічае беларускі народ. Прынамсі яго частка.

Санкцыі замест грошай

Трэцяе: той, хто разыграў для Аляксандра Рыгоравіча алармісцкі сцэнар, скрайне ўдала абраў для гэтага час. У краіне знаходзіцца спецдакладчык па Беларусі камісіі па палітычных пытаннях і дэмакратыі Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы (ПАРЕ) Андрэа Рыгоні. Ён павінен падрыхтаваць справаздачу для ПАРЕ па Беларусі.

І што ён напіша ў той справаздачы? Пра тое, як у Сінявокай за два тыдні арыштавалі больш за 300 чалавек, прычым 23 з іх — па крымінальным артыкуле? Што падчас яго знаходжання ў Мінску 48 праваабарончых арганізацый свету звярнуліся да Лукашэнкі з заклікам адпусціць затрыманых, а ўлады замест гэтага працягнулі арышты?

Арышты і затрыманні адбываліся ў той час, як прадстаўнікі беларускай апазіцыі знаходзіліся на слуханнях па Беларусі ў польскім Сейме. І адразу ж расказалі калегам пра сітуацыю. Польскае МЗС і без гэтага намякнула беларускаму боку, што санкцыі ЕС у дачыненні да мінскіх чыноўнікаў былі прыпыненыя ў абмен на дэмакратызацыю і павагу правоў чалавека. А дэпутаты Сейма ў дадатак запэўнілі Уладзіміра Някляева, што стануць ініцыятарамі ўвядзення (дакладней, аднаўлення) санкцый у выпадку рэпрэсій 25 сакавіка.

І ў той жа час у ЗША, доўга не думаючы, пачалі разглядаць пытанне пра ўзнаўленне санкцый у адносінах да 10 беларускіх прадпрыемстваў, да якіх яны былі прыпыненыя раней. А значыць, можна з пэўнай доляй упэўненасці казаць, што і крэдыту Міжнароднага валютнага фонду, якога мы так дамагаліся, нам не дадуць. Наўрад ці МВФ дасць грошы «санкцыйнай» краіне.

Адначасна надышло паведамленне, што тэрміны сустрэчы прэзідэнтаў РФ і Беларусі Уладзіміра Пуціна і Аляксандра Лукашэнкі і дата правядзення Вышэйшага дзяржсавета Саюзнай дзяржавы да цяперашняга часу яшчэ канчаткова не вызначаныя. То бок, не дамовіліся ні па газе, ні па нафце, ні па новых крэдытах.

Такім чынам, эканамічнае становішча людзей будзе пагаршацца, што прывядзе да ўзмацнення пратэстаў.

І на заканчэнне

Самае цікавае, што раней падчас масавых «пасадак» страх грамадства адчуваўся ў паветры амаль фізічна. Зараз гэтага страху не адчуваецца. З усіх куткоў прэ раззлаванасць. Зніклага ў выніку ператрусу ката Дашкевіча хутка ператварылі ў мем. Народ замест аватарак у фэйсбуку даволі масава ставіць эмблему «Белага легіёну». Над паведамленнямі КДБ больш кпяць, чым пужаюцца.

Акцыя 25 сакавіка пры любым раскладзе адбудзецца. Праўда, яе арганізатары ўжо амаль у поўным складзе адклікалі свае подпісы пад заяўкай у Мінгарывыканкам. Рашэнне гэтае вельмі спрэчнае: ледзьве не месяц яны нас заклікалі прыйсці на марш, а зараз — у кусты…

Але можна дакладна казаць, што адказнай за правядзенне Дня Волі і за ўсе магчымыя інцыдэнты падчас маніфестацыі будзе сама ўлада. Проста таму, што, як казалася вышэй, «пятая калона» арыштаваная. Вінаватай яе не зробіш — яна ўжо сядзіць.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!