Затрыманы за навуковыя інтарэсы

Навіна пра затрыманне Аляксандра Зімніцкага шакавала ўсіх яго сяброў і знаёмых, аднакурснікаў і калегаў. Пра тое, што Алесь у чымсьці вінаваты ніхто не верыць і ўсе спадзяюцца на яго хуткае вызваленне.
Аляксандр Зімніцкі на раскопках. Лучна (пад Полацкам). 2011 год

Аляксандр Зімніцкі на раскопках. Лучна (пад Полацкам). 2011 год

Вось, што пра Аляксандра распавяла яго калега Марыя Сцяпанава:

З Алесем знаёмыя са студэнцкіх гадоў: ён паступіў на гістфак БДУ на год пазней за мяне, жылі ў адным інтэрнаце, бывалі ў адных археалагічных экспедыцыях. Ён вельмі выхаваны, апанаваны і пры гэтым сціплы. З дамамі галантны. Мы яшчэ ў аддзеле смяемся, што ён са сваім красамоўствам можа начальніцу ў любой сітуацыі на свой бок перацягнуць.

Увогуле ва ўсіх у музеі (Зімніцкі працуе навуковым супрацоўнікам Нацыянальным гістарычным музеі — рэд.) вельмі добрае стаўленне да аб Алеся (можа, канешне, тое, што калектыў з большага жаноцкі сказваецца). І Алесь да ўсіх вельмі прыязна ставіцца. Калі нехта прасіў дапамогі ці нешта пытаў — ніколі, падаецца, не адмаўляў. Што, дарэчы, стала прычынай занепакоенасці, бо я да яго па кансультацыю звярнулася ў чацвер, а ён мне нічога не адказаў, хаця ж высветлілася, што паведамленне прачытана.

У сувязі з гучнымі затрыманнямі за захоўванне страйкбольных вінтовак мы яшчэ з калегамі пажартавалі: "Можа захавальніка калекцыі зброі затрымалі за захаванне зброі..." Па-дурацку неяк атрымалася. Мне вельмі за тое сорамна.

Алесь працуе ў аддзеле археалогіі, нумізматыкі і зброі (у тым жа што і я) і уласна адказвае за калекцыі зброі і абмундзіравання. Увогуле, вайсковая гісторыя з'яўляецца сферай яго навуковых інтарэсаў.

Алесь зараз вучыцца ў аспірантуры, мне падаецца яго дысертацыя звязана з вайсковай справай XVI-XVII стагоддзяў. Таму няма нічога дзіўнага (калі гэта была адна з падстаў для затрымання), што ён часта сядзіць у суполках, прысвечаных зброі — гэта яго праца, ён мусіць атрыбутаваць і даследаваць прадметы са сваіх калекцый".

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!