Міраслаў Лазоўскі, адзін з былых лідараў «Белага Легіёну», моцна збіты і змешчаны ў СІЗА

Людзі ў масках прывезлі акрываўленага Лазоўскага дадому для вобшуку каля 20.00, пасля чаго забралі ў СІЗА.

Тэлефон Міраслава не адказваў прыкладна ад 19-й гадзіны. Тады ён з’ехаў з офісу ЗБС “Бацькаўшчына”, ехаў праз пл. Незалежнасці ў бок пл.Маякоўскага, дзе ў яго была прызначаная сустрэча.

Каля 20.00 яго прывезлі людзі ў масках дадому для вобшуку. Міраслаў быў моцна збіты, галава акрываўленая. Са словаў спецслужбоўцаў у цывільным, той “аказаў супраціў” падчас затрымання.

Вобшук трываў каля 2-х гадзін, быў канфіскаваны спартовы рыштунак, нажы ды інш. Пасля Лазоўскага вывезлі ў СІЗА, па папярэдніх звестках на Валадарскага. Паводле якога артыкулу прайшло затрыманне і вобшук пакуль таксама невядома.

З’явілася таксама інфармацыя пра знікненне іншых былых чальцоў “Белага Легіёну”. Зараз гэтыя звесткі правяраюцца.

“Белы Легіён” быў спартова-патрыятычнай арганізацыяй, якая дзейнічала ў 1990-х, пасля спыніла сваё існаванне. Апошні раз назва арганізацыі гучала ў СМІ у кантэксце выбуху 3 ліпеня 2008 году ў цэнтры Мінску. Тады былі затрыманыя Міраслаў Лазоўскі, Ігар Корсак і Сяргей Чыслаў. Тады ў хуткім часе ўсіх выпусцілі, усе падазрэнні знялі.

Апошнімі гадамі Лазоўскі працуе памочнікам дырэктара выдавецтва “Кнігазбор”, займаецца распаўсюдам беларускай літаратуры і кніжнымі прэзентацыямі па ўсёй Беларусі.

Ёсць верагоднасць, што затрыманні былых чальцоў “БЛ” звязаныя з заявай кіраўніка Беларусі пра “трэніровачныя базы баевікоў”, якія Лукашэнка агучыў сёння.

 

 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!