100-годдзе БНР: Дакументы сведчаць

«Мы считаем, что белорусы не являются нацией и что те этнографические особенности, которые их отделяют от остальных русских, должны быть изжиты», — пісаў Кнорын у артыкуле, надрукаваным газетай "Звязда". Той самы Кнорын, у гонар якога названа вуліца ў Мінску...

Калаж "Радыё Свабода"

Распад Расійскай імперыі ў 1917 годзе паставіў перад беларускімі палітычнымі і грамадскімі дзеячамі вельмі складаныя пытанні, на якія трэба было тэрмінова знайсці адказы. Прычым вырашаць праблемы трэба было адначасова і так, каб задаволіць усіх.

Як дамагчыся аб’яднання ўсіх тэрыторый, на якіх жывуць беларусы, у дзяржаўна-адміністрацыйную адзінку? Беларуская дзяржаўна-адміністрацыйная адзінка будзе часткай іншай дзяржавы ці самастойнай дзяржавай? Калі часткай іншай дзяржавы, дык якой? Якія правы павінна мець беларуская дзяржаўна-адміністрацыйная адзінка ў складзе іншай дзяржавы? Якой па форме і змесце павінна быць улада на тэрыторыі Беларусі? Як вярнуць акупаваныя падчас Сусветнай вайны землі пад беларускае кіраўніцтва, як вярнуць на Беларусь яе жыхароў, якія падаліся ў бежанства? Адназначнага адказу на гэтыя пытанні не было — розныя палітычныя сілы прапаноўвалі свае мадэлі.

Сярод палітычных і грамадскіх дзеячаў і арганізацый, што дзейнічалі на тэрыторыі Беларусі, пераважная большасць прытрымлівалася сацыялістычных поглядаў. На тыя часы ў агульным плане гэта выглядала як прыярытэт справядлівасці над законам, праўды над правам. Формай землеўладання і арганізацыі найбольшай сацыяльнай групы беларускага насельніцтва — сялянства — прапанаваліся сялянскія абшчыны (камітэты), якая б забяспечвалі існаванне калектыўных формаў жыцця і працы. Прадугледжваўся непасрэдны ўдзел народа ў стварэнні законаў і ў кіраванні дзяржавай.

На пачатак 1918 года ў беларускім грамадстве былі агучаныя і сталі найбольш вядомыя два погляды на лёс Беларусі. Першы з іх быў сфармуляваны ў кастрычніку 1917 года ў звароце «Ко всему Народу Белорусскому». Гэты зварот падпісалі Выканаўчы камітэт Вялікай беларускай рады, Выканаўчы камітэт Цэнтральнай вайсковай беларускай рады і Беларускі выканаўчы камітэт Заходняга фронту.

У звароце, у прыватнасці, было занатавана наступнае (захаваны правапіс арыгіналу): «Белоруссия, включающая в свои пределы Виленскую, Витебскую, Гродненскую, Минскую, и Могилевскую губ., западные уезды Смоленской губ. и северные уезды Черниговской губернии, является единой и неделимой страной, спаянной братскими узами со всей остальной Федеративной Российской Республикой. В данный момент только своими силами сможет она отстоять свою волю и обеспечить свои национальные судьбы в дальнейшем… Един и неделим народ белорусский. Религия не должна служить причиною розни между православными и католиками белорусами, потому что они — один народ с общим языком и историей. Белоруссия должна быть демократической республикой, спаянной с Великороссией и другими соседними Республиками России на основе федерации. В пределах автономной Белоруссии все прочие народности края должны пользоваться нацинально-персональной автономией. Вся власть в Белоруссии должна принадлежать Краевой Раде, избираемой на основах всеобщего, равного, тайного и пропорционального голосования. Вопросы общегосударственного строительства, вопросы международной политики и торговые договоры с иностранными государствами должны входить в компетенцию высшего законодательного органа Российской демократической федеративной республики. Никаких таможенных границ между Белоруссией и остальными республиками Российской федерации не должно быть. Краевой Раде должно принадлежать право созидания местных законов, развития, разработки и применения к местным условиям законов, издаваемых высшим законодательным органом Российской демократической республики… Проведение в жизнь обязательного бесплатного обучения, поднятие и развитие белорусской культуры, изучение истории края и родного языка являются жизненным интересом белорусского народа. Основание в Белоруссии высших учебных заведений: университетов, сельскохозяйственных и политических институтов и проч. является крайне необходимым для поднятия культурных сил страны».

Такую мадэль развіцця Беларусі падтрымалі беларускія сацыял-дэмакраты: як меншавікі, так і пэўная частка бальшавікоў — Белнацком, які быў створаны пры СНК РСФСР. Няцяжка заўважыць, што менавіта гэтая мадэль развіцця ажыццяўлялася ў савецкай Беларусі ў 1920-я гады — толькі Краевая Рада мела іншую назву.

У Звароце таксама вызначалася, што ўладу, якая будзе клапаціцца пра нацыянальныя беларускія інтарэсы, народ павінен абраць на з’ездзе прадстаўнікоў народа ў снежні 1917 года ў Мінску.

Усебеларускі з’езд, які працаваў у Мінску, у ноч з 17 на 18 снежня быў гвалтоўна разагнаны па загадзе старшыні Савета народных камісараў Заходняй вобласці і фронту Карла Ландэра. Але з’езд паспеў абраць Раду, якая, з пункту погляду тагачаснага права, мела юрыдычныя падставы прадстаўляць інтарэсы беларускага народа. Са свайго складу Рада абрала Выканаўчы камітэт, які са студзеня 1918 года з’яўляўся адзіным прадстаўніком інтарэсаў беларускага народа, у першую чаргу, на акупаваных тэрыторыях.

Бальшавікі і іх кіраўніцтва, што ў той час знаходзіліся на тэрыторыі Беларусі, лічылі: беларусаў як нацыі не існуе. У верасні-кастрычніку 1917 года ў газеце беларускіх бальшавікоў «Звезда» яе рэдактар Вільгельм Кнорын (у Мінску ёсць вуліца, што носіць гэтае імя), надрукаваў некалькі артыкулаў, у якіх, у прыватнасці, зазначыў: «Мы считаем, что белорусы не являются нацией и что те этнографические особенности, которые их отделяют от остальных русских, должны быть изжиты». Вядома, ніякай дэмакратычнай беларускай рэспублікі нават у складзе РСФСР яны бачыць не хацелі.

У лютым 1918 года Германія спыніла мірныя перамовы, распачатыя ў Брэсце, і пачала наступ па ўсім фронце — ад Пінска да Рыгі. Савет народных камісараў Заходняй вобласці і фронту 19 лютага выехаў у Смаленск. У гэты перыяд Выканкам Усебеларускага З’езду ўзяў на сябе адказнасць за лёс беларускага народу — пра гэта ён абвясціў у дакуменце пад назвай «Першая Устаўная грамата да народаў Беларусі» (21 лютага 1918 года). І ўжо ў сакавіку 1918 года была выпрацаваная і абнародаваная новая мадэль развіцця Беларусі.

Гэтая мадэль коратка выкладзеная ў «Другой Устаўнай грамаце да народаў Беларусі» ад 9 сакавіка 1918 года (захаваны правапіс арыгіналу): «У часе сусветнай вайны, што бурыць адны моцныя дзержавы і аслабаняе другія, абудзілася Беларусь да дзержаўнаго жыцьця. Пасьля трох с паловай вякоў і няволі ізноў на увесь сьвет кажа беларускі народ аб тым, што ен жыве і будзе жыць. Вялікі Народны Збор — Усебеларускі Зьезд 5-17 сьнежня 1917 року, дбаючы аб долі Беларусі, зацьвердзіў на яе землях рэспубліканскі лад. Выпаўнаючы волю Зьезду і баронючы дзержаўные правы народу, Спаўняючы Камітэт Рады Зьезду гэтак пастанаўляе аб дзяржаўным устрою Беларусі і аб правох і вольнасьцях яе грамадзян і народаў:

1. Беларусь у рубяжох разсялення і лічбеннай перавагі беларусскага народу абвяшчаецца Народнай Рэспублікай.

2. Асноўныя законы Беларускай Народнай Рэспублікі зацьвердзіць Устаноўчы Сойм Беларусі, скліканы на асновах агульнаго, роўнаго, простаго, патаемнаго і прапарцыянальнаго выбарчага права, ні зважаючы на пол, народнасць і рэлігію.

3. Да часу, пакуль зьбярэцца Устаноўчы Сойм Беларусі, законодаўчая ўлада у Беларускай Народнай Рэспубліцы належыць радзе Усебеларускага Зьезду, дапоўненай прадстаўнікамі нацыянальных меньшасцяў Беларусі.

4. Спаўняючая і адміністратыўная ўлада у Беларускай Народнай Рэспубліцы належыць Народнаму Сэкрэтарыяту Беларусі, які назначаецца Радаю Зьезду і перад ею трымае атвет.

5. У рубяжох Беларускай Народнай Рэспублікі абвяшчаецца вольнасць слова, друку, сходаў, забастовак, хаўрусаў; безумоўная вольнасьць сумлення, нізачэпнасьць асобы і памяшкання.

6. У рубяжох Беларускай Народнай Рэспублікі усе народы маюць права на нацыянальна-пэрсанальную аўтаномію; абвяшчаецца роўнае права усіх моваў народаў Беларусі.

7. У рубяжох Беларускай Народнай Рэспублікі права прыватнае уласнасьці на зямлю касуецца. Зямля перадаецца без выкупу тым, хто самі на ей працуюць. Лясы, вазеры і нутро зямлі абвяшчаецца ўласнасьцю Беларускай Народнай Рэспублікі.

8. У рубяжох Беларускай Народнай Рэспублікі устаноўляецца найбольшы 8-і гадзіновы рабочы дзень.

Абвяшчаючы усе гэтыя правы і вольнасьці грамадзян і народаў Беларускай Народнай Рэспублікі, мы, Спаўняючы Камітэт Рады Зьезду, абавязуемся пільнаваць законнага парадку жыцця у Рэспубліцы, сьцерагчы інтарэсаў усіх грамадзян і народаў Рэспублікі і захаваць правы і вольнасці працоўнаго люду. А так сама даложым усіх сілаў, каб склікаць у найбліжэйшым часі Устаноўчы Сойм Беларусі. Усіх сыноў Беларускай зямлі клічам памагчы нам у цяжкай і атветнай нашай працы».

Відавочна, што толькі праз 100 гадоў беларускаму народу ўдалося дасягнуць абвешчаных кіраўніцтвам БНР «правоў і вольнасцяў». І тое пакуль яшчэ не на поўную моц.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць