1863 адценні чорнага, або Што такое «жалобная біжутэрыя»?

Падчас паўстання 1863–1864 гадоў патрыятызм выяўляўся не толькі ў вайсковых дзеяннях ды канспіратыўных сетках, але і ў модзе. Так паўстала цэлая стылёвая лінія ўпрыгожанняў, насіць якую для жыхароў былой Рэчы Паспалітай лічылася добрым тонам, распавядае Алесь Кіркевіч для "Белсату".
Жалобная біжутэрыя. Фота з архіву Васіля Герасімчыка

Жалобная біжутэрыя. Фота з архіву Васіля Герасімчыка

«Чорная» або «жалобная біжутэрыя» — гэта комплекс элементаў вопраткі, упрыгожанняў і нават мэблі, які меўся падкрэсліваць патрыятычную пазіцыю ўласніка і паўставаў маркерам «свой/чужы» на вуліцы, у касцёле ці на ўрачыстым прыёме.

 

Жалобная біжутэрыя. Фота з архіву Васіля Герасімчыка 

Патрыятычныя пярсцёнкі, брошкі і нават мэбля!

Усё пачалося яшчэ да паўстання, пасля сумнавядомага разгону дэманстрацыі ў Варшаве 27 лютага 1861 году. Тады царскія войскі забілі пяцёх удзельнікаў, шмат каго збілі ды пакалечылі. У знак жалобы ў розных кутках колішняй Рэчы Паспалітай пачала спачатку распаўсюджвацца мода на крыжыкі з рознымі рэлігійна-сімвалічнымі датамі.

 

Жалобная біжутэрыя. Фота з архіву Васіля Герасімчыка

 

— Асартымент імкліва пашыраўся: бранзалеты з сэрцам і якарам, завушніцы, каралі, пярсцёнкі, брошкі, паясы, ды нават элементы мэблі, — распавядае гісторык Васіль Герасімчык, аўтар кнігі «Кастусь Каліноўскі: Асоба і легенда». — Напрыклад, вядомае крэсла з Арлом і Пагоняй з менскай майстэрні Антонія Прушынскага па вуліцы Францішканскай. Яно прысутнічае, напрыклад, на здымку з Міхалам Цюндзявіцкім, расстраляным у Менску за распаўсюд «Мужыцкай праўды».

 

Гераіня польскай стужкі «Швадрон», прысвечаная Паўстанню 1863 года

Рэчы вельмі хутка сталі папулярнымі не толькі ў Кароне Польскай, але і на тэрыторыі былога Вялікага Княства Літоўскага. Размова пераважна пра гарады (Вільня, Менск, Горадня, Ваўкавыск, нават Віцебск і Магілёў), але таксама і пра шляхецкія маёнткі. Запанку з выявай гербу Паўстання, напрыклад, на пачатку 2010-х знайшлі пад Кобрынам: зараз яна захоўваецца ў Гарадзенскім гісторыка-археалагічным музеі.

 

Жалобная біжутэрыя. Фота з архіву Васіля Герасімчыка

 

«Тых, хто не трымаўся «жалобы», маглі абліць медным купарвасам…»

Жанчыны патрыятычных перакананняў пачалі насіць чорнае, такім чынам дэманструючы жалобу. Цяжка паверыць, але нават з такімі маркерамі салідарнасці царскія ўлады пачалі змагацца — акурат як у нас у 90-ыя і нулявыя са значкамі з Пагоняй ці бел-чырвона-белымі стужкамі.

 

Жалобная біжутэрыя. Фота з архіву Васіля Герасімчыка

 

— У Горадні ў 1861–1862 гадах здараліся выпадкі, калі тых, хто не трымаўся «жалобы», маглі проста абліць медным купарвасам, — працягвае Герасімчык. — У час паўстання «чорная біжутэрыя» была забаронена расейскімі ўладамі пад пагрозай штрафу. Аднак людзі працягвалі рабіць фотаздымкі, на якіх прысутнічалі як жалобныя строі, так і патрыятычная біжутэрыя. 12 ліпеня 1863 года было нават выдадзена прадпісанне аб правядзенні рэвізіі ва ўсіх фотамайстэрнях на тэрыторыі Беларусі і Літвы.

 

Запанка з гербам Паўстання, знойдзеная пад Кобрынам. Фота з архіву Васіля Герасімчыка


Калі жанчыны насілі чорныя сукенкі, то мужчыны — шапкі-канфедэраткі або розныя стылізаваныя элементы даўняй шляхецкай вопраткі, напрыклад, шырокія паясы. Расейскай адміністрацыі заставалася змагацца з усім гэтым праз забароны. Дайшло да таго, што пад забарону трапілі нават звычайныя кіі, з якімі шпацыравалі па вуліцах шляхцічы ды мяшчане. Кій, вядома, не зброя, але ім таксама можна адлупцаваць жандара.

 

Жалобная біжутэрыя. Фота з архіву Васіля Герасімчыка

 

Паўстанцкая падвеска, знойдзеная ў печы

Пасля паразы паўстання пачаліся масавыя высылкі ў Сібір ды канфіскацыі маёмасці ўдзельнікаў. Так з’яўляецца чарговая хваля ўпрыгожанняў, крыжыкаў, ларцоў, якія нашы землякі рабілі на бяскрайніх прасторах Расіі, дзе-небудзь пад Тамбовам ці Чэлябінскам. Часцяком на іх ставіліся даты, назвы гарадоў ды перасыльных пунктаў.

 

Падвеска з тэкстам «Божа, збаў Польшчу». Фота з архіву Васіля Герасімчыка

Мноства падобнага роду рэліквіяў сёння захоўваецца ў музеях Польшчы ды Літвы, а таксама ў прыватных калекцыях. У Польшчы ў 1988-м выйшаў нават альбом-каталог «Памяткі нацыянальных паўстанняў», дзе змешчаныя сотні здымкаў такога кшталту прадметаў.

Паўстанцкія рэліквіі можна знайсці і ў Беларусі. Напрыклад, у калекцыі гарадзенскага краязнаўцы Алеся Госцева гадамі захоўвалася трайная падвеска з выявамі Арла і Пагоні ды надпісам «Божа, збаў Польшчу». Некалі артэфакт яму прынёс вучань, распавёўшы, што падвеску знайшлі ў вёсцы, калі перабіралі печку. Паводле сямейнай легенды, нехта з продкаў таго вучня быў удзельнікам Паўстання Каліноўскага і быў сасланы ў Сібір.

 

Алесь Госцеў з падвескай, якую прынёс вучань

Варта дадаць, што традыцыя паўстанцкіх упрыгожанняў, а дакладней рэплікаў з іх, нядаўна атрымала «другое дыханне». Антон і Настасся Янкоўскія, стваральнікі настольнай гульні «Паўстанцы», прапануюць пакупнікам таксама значак з паўстанцкім гербам: Пагоняй, Арлом ды Архалёнам Міхаілам. Зроблены значак паводле запанкі з-пад Кобрына, якая сёння зберагаецца ў музеі.

 

Сучасны значак, зроблены паводле паўстанцкай запанкі

 

Алесь Кіркевіч, Belsat.eu

 


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: