1994 — год, калі мы апошні раз выбіралі

Апошнія сапраўдныя выбары ў нашай краіне адбываліся ў 1994-м. Мы пагарталі падшыўкі газет 26-гадовай даўніны, каб узгадаць, з якіх падзей пачынаўся той год.
Выбары першага прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Фота Сяргея Брушко	

Выбары першага прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Фота Сяргея Брушко 


Працягваем публікацыю версіі гісторыі незалежнай Беларусі, ў якой акцэнт робіцца на малавядомыя і кур’ёзныя факты.

«Якая краіна такі і пераварот», — іранічна рэагавала прэса на дзіўныя рухі часткі ўнутраных войскаў у раёне Тэатру аперэты 18 студзеня 1994-га. Наблізіўшыся да парламенту, дзе праходзілі дэпутацкія баталіі, жаўнеры раптам чамусьці рэціраваліся. У выніку імідж Вярхоўнага Савета пацярпеў: заканадаўчы орган празвалі «аперэткай» — з намёкам на тое, што салідны парламент дакладна маглі разагнаць.

Між тым зімой 1994-га ў «аперэтцы» было вельмі спякотна. На той сесіі ляцелі галовы многіх міністраў. Нарэшце, 26 студзеня быў адкліканы з пасады спікера Станіслаў Шушкевіч. Адстаўка, як вядома, адбылася дзякуючы Лукашэнку, які прадставіў праект рэзалюцыі аб асабістай адказнасці кіраўніка ВС за недастатковую барацьбу з карупцыяй. Пытанне ўдалося паставіць на галасаванне і атрымаць патрэбную колькасць галасоў.

Мяркуючы па каментарах сучаснікаў, Шушкевіч сапраўды вычарпаў рэсурс лавіравання паміж фракцыямі дэмакратаў і наменклатуры. «Свабода» пісала: «За 885 дзён кіраўніцтва Шушкевіч мала чым дапамог дэмакратыі, хаця факт яго прысутнасці на пасадзе кіраўніка дзяржавы трохі стрымліваў наменклатуру». Аднак пры ўсім гэтым аўтар Ігар Гермянчук меркаваў, што «адстаўка (Шушкевіча) паскорыць канец рэжыму (Кебіча)».

Найбольш буйна, падаецца, адзначыў сыход «Шушы» дэпутат Анатоль Лябедзька. Ён і яшчэ два дэпутаты ў вечар 26-га неслаба накацілі, каб у выніку праз палітыку пабіцца з нейкім Гасюком. Апошні бутэлькай шампанскага зламаў аднаму з апанентаў сківіцу. Падаспелым ахоўнікам парадку, каб супакоіць Анатоля, давялося надзець на яго кайданкі.

Каб закрыць тэму, трэба нагадаць, што ў той жа дзень, калі спісалі Шушкевіча, памёр Алесь Адамовіч. Інтэлігенцыя, як пісала «Знамя Юности», убачыла ў гэтым знак бяды.

Вакансію спікера заняў генерал Мечыслаў Грыб. Сёння ён карыстаецца рэнамэ паслядоўнага дэмакрата, але ў лютым 1994-га многія бачылі ў ім гэткага Піначэта. Як мінімум, прыход Грыба расцэньваўся як падпарадкаванне парламента Кебічу. «Свабода» адразу закінула кампрамат, што новы спікер па нацыянальнасці паляк, які прагматычна запісаўся беларусам для кар’ернага росту.

Трэцяга лютага незалежныя прафсаюзы анансавалі страйк з пакетам патрабаванняў да кіраўніцтва краіны: адстаўка ўраду Кебіча, шырокая кааліцыя, датэрміновыя выбары ў Вярхоўны Савет. Па ходзе да тых патрабаванняў дадаўся яшчэ адзін: «Інфляцыю спыніць толькі беларускі талер!»

Страйку, які адбыўся 15 лютага, папярэднічаў мегапсіхоз унутры вертыкалі. Галоўны санітарны ўрач Мінска абвясціў пра эпідэмію грыпу і заклікаў не наведваць масавыя зборы. Па загадзе дырэктара Дома друку не выйшаў нумар «Свабоды», якой, да таго ж, выкацілі мільённы пазоў. На папулярнай праграме «Крок» паведамілі, што ў нетрах МУС рыхтуецца спецыяльная брыгада па лакалізацыі Сяргея Антончыка (кіраўніка страйкаму). Лаяльны ўладам Саюз афганцаў паабяцаў вывесці супраць страйкоўцаў 30 тысяч ветэранаў. Нарэшце, прагназавалі, што ў дзень страйку з’явіцца ўказ аб забароне БНФ.

vytoki.net

vytoki.net

Страйк, па вялікім рахунку, нешта ўяўляў сабою толькі ў тых гарадах, дзе меліся моцныя незалежныя прафсаюзы — Мінск, Орша і Салігорск. Самая незвычайная акцыя прайшла ў Бабруйску, дзе да гарсавета выйшаў голы мужык. Яго імгненна адправілі ў псіхушку.

vytoki.net

vytoki.net



Што да сталіцы, то тут пратэсты прафсаюзаў падтрымала група дэпутатаў Мінгарсавета, пад вокнамі якога (на плошчы Незалежнасці) і сабраліся маніфестанты колькасцю прыкладна 4-5 тысяч чалавек. Адсюль у сілу моцнага марозу яны рушылі на Карла Маркса 38. У выніку Мечыслаў Грыб прыняў дэлегацыю вуліцы, паабяцаўшы данесці іх патрабаванні да прэзідыуму ВС.

vytoki.net

vytoki.net



На гэтым тэма пратэсту заглухла, хоць на 22 лютага была абяцаная другая серыя. Напярэдадні былі інцыдэнты накшталт адключэння святла ў будынку незалежных прафсаюзаў, але гэта была ўжо агонія.

Гісторыя акцыі 15 лютага будзе няпоўнай без згадкі пра прыгоды актывістаў Партыі Аматараў Піва (ПАП), якая тады якраз выйшла на палітычную сцэну. У гэты дзень прадстаўнікі ПАП нахаляву раздавалі на плошчы Незалежнасці піва і сасіскі. Гэты філантрапічны акт, які шырока асвятліла прэса, зрабіў «аматарам піва» неверагоднае паблісіці. Калі ў зімовых сацыялагічных апытаннях ПАП наогул не фігуравала, то на сярэдзіну сакавіка яе рэйтынг склаў адразу 6 працэнтаў. Зрэшты, такі поспех чагосьці каштаваў партыйцам. Па дарозе з акцыі актывістаў ПАП арыштавалі і трымалі ў пастарунку двое сутак. У выніку быў складзены пратакол аб парушэнні правілаў продажу 100 кілаграмаў сасісак (!). Пад хапун трапіў нават дырэктар крамы, які прадаў тыя сасіскі. Яго звольнілі.

Сімвал ПАП, Аўтар: Michal Anempadystau — BLP, CC BY-SA 3.0, commons.wikimedia.org

Сімвал ПАП, Аўтар: Michal Anempadystau — BLP, CC BY-SA 3.0, commons.wikimedia.org

Безумоўна, фіяска лютаўскіх пратэстаў было наўпрост звязана з апатыяй ў грамадстве. Людзі ўсё менш спадзяваліся на ўладу, якая сама не хавала сваю слабасць. Так, напярэдадні 1994-га прэм’ер Кебіч падчас сустрэчы з Саюзам кампазітараў паабяцаў музыкам «дапамагчы выжыць». Вырашаць свае праблемы беларусы намагаліся самастойна і часам вельмі арыгінальна. Напрыклад, на Плошчы Перамогі пасярэдзіне белага дня невядомыя залезлі на вышыню бардзюраў будынкаў (каля 10 метраў) і знялі трансфарматары з неонавай рэкламы на суму 2 мільёны рублёў. У міліцыі зламыснікі прызналіся, што хацелі абмяняць здабычу на пару бутэлек гарэлкі.

Прыступ палітычнай актыўнасці назіраўся хіба ў тых, хто доўга марыў пра рэванш за крах СССР і, нарэшце, атрымаў шанец адарвацца. Менавіта тады каля філармоніі адбылася феерычная акцыя: пад камандаваннем акцёра Уладзіміра Гасцюхіна група славянафілаў паспрабавала сарваць канцэрт вядомага сваімі ліберальнымі поглядамі Булата Акуджавы. У доказ сваёй антыпатыі на адрас барда пратэстоўцы ламалі яго кружэлкі і скакалі на іх рэштках.

Відавочна, што ўзімку 1994-га народ куды больш за страйкі цікавіў чарговы скачок долара, курс якога да канца лютага пераваліў за 9 тысяч зайчыкаў (у пачатку года «зялёны» каштаваў 7 тысяч рублёў). У гэты час увайшоў ў моду жарт: «Рублёвай зоны з Расіяй не будзе. Калі і будзе, то як мінімум сторублёвая». Тыя ж, хто не займаўся бізнесам і крыміналам, кампенсавалі невясёлае існаванне прыкладна на 22 долара ў месяц (памер тагачаснай сярэдняй зарплаты) серыяламі. «У Беларусі на выбарах пераможа той, хто паабяцае зняць яшчэ тры тысячы серый серыялу «Багатыя таксама плачуць», — вымушаны было канстатаваць адно СМІ.

У кантэксце апісаных трэндаў быў не дзіўны ажыятаж, які выклікала наступная навіна: 1 красавіка ў Мінску адбудзецца ўстаноўчы з’езд Беларускай партыі дурняў. Але спачатку Вярхоўнаму Савету трэба было прыняць Канстытуцыю.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: