25 жніўня 1991-га — дэпутаты зганяюць з трыбуны 1-га сакратара ЦК, спыняюць дзейнасць КПБ, Беларусь робіцца незалежнай

Сем дзён жніўня 1991 года былі аднымі з самых крытычных у найноўшай гісторыі Беларусі. Пачалося са спробы асобных кіраўнікоў СССР умацаваць камуністычную імперыю — скончылася абвяшчэннем незалежнасці рэспублік. Як гэта адбывалася? «Свабода» прыгадвае хроніку падзеяў 25 жніўня 1991-га.
Дэпутаты зганяюць з трыбуны 1-га сакратара ЦК КПБ Малафеева 1991

Дэпутаты зганяюць з трыбуны 1-га сакратара ЦК КПБ Малафеева 1991

Хроніка падзеяў 25 жніўня 1991

Раніцай працягваецца надзвычайная сесія Вярхоўнага Савету БССР.

Да трыбуны ідзе член Палітбюро ЦК КПСС, 1-ы сакратар ЦК кампартыі Беларусі Анатоль Малафееў, які мае імідж артадаксальнага камуніста і падтрымаў ГКЧП. Ён не быў дэпутатам ВС БССР, але быў народным дэпутатам СССР. 

Аднак выступіць Малафееву не ўдаецца: дэпутаты Апазіцыі БНФ і Дэмклубу блакуюць трыбуну, і фактычна зганяюць з яе Малафеева. Гэта робіць моцнае ўражанне на дэпутатаў-камуністаў, у вачах якіх першы сакратар ЦК — намеснік. Дземянцей абвяшчае незапланаваны перапынак.

Пасля крыху больш чым паўгадзіннага перапынку Мікалай Дземянцей падае ў адстаўку з пасады старшыні Вярхоўнага Савету БССР. Далей сесію вядзе першы намеснік старшыні Станіслаў Шушкевіч.

Шушкевіч прапаноўвае «з канстытуцыйных пазіцый спакойна правесці сесію і закончыць яе», але дэпутаты БНФ і Дэмклубу выступаюць супраць завяршэння сесіі.

На плошчы перад Домам ураду тысячы людзей. Іх галасы далятаюць у фае перад Авальнай залай. 

Belarus — The putsch in August 1991, the USSR Collapse.

Дэпутаты БНФ зноў патрабуюць забараніць КПБ-КПСС, а таксама зноў прагаласаваць за уключэнне ў парадак дня сесіі пытання аб незалежнасці Беларусі. 

Дэпутаты Генадзь Майсееў і Сяргей Навумчык.

Вярхоўны Савет прымае пастанову аб спыненні дзейнасці КПБ-КПСС на тэрыторыі Беларусі (прагаласавалі 212 дэпутатаў пры патрэбных 174) і пераходзіць да праекту пастановы аб наданні Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце статусу канстытуцыйнага закону.

Ад плошчы перад Домам ураду да будынку ЦК КПБ па Карла Маркса рушыць калона, якая нясе труну з надпісам «Слава КПСС». 

Шэсце па праспекце Леніна. Фота Ул. Кармілкіна

Дэпутат Аляксандр Лукашэнка заяўляе, што рашэнне аб незалежнасці нясе пагрозу ізаляцыі Беларусі ад Расіі і ад Гарбачова. Яшчэ раней ён адмовіўся рэгістравацца на сесіі.

Да мікрафона падыходзіць Зянон Пазьняк. Ён кажа, што рашэнне аб незалежнасці прыняла Украіна, іншыя рэспублікі, «і калі ў гэтай сітуацыі мы не прымем адпаведнага закону аб дзяржаўнай незалежнасці Беларусі, мы трапім у вельмі дрэннае становішча».

Пазьняк гаворыць, што Расія і пры Ельцыне застанецца імперскай, што Ельцын, пагражаючы ўзняць цэны на нафту, займаецца шантажом. «Не трэба баяцца, што тут, як казалі некаторыя дэпутаты, узнікне Албанія, Куба, Карэя. Нічога падобнага. Працэсы, якія пайшлі ў нас, нават ход нашай сесіі пацвярджаюць: яны незваротныя, яны ідуць на карысць нашаму грамадству. А суверэнітэт дасць нам магчымасць стаць свабоднымі і незалежнымі, дасць нам магчымасць развіць тыя асновы, якія мы закладваем, ідучы да рэформаў. Я прашу вас паставіць гэтае пытанне і вырашыць яго сёння. Бо заўтра можа быць позна. Нас тут не вельмі многа, і патрэбна канстытуцыйная большасць. Таму я вырашыў выступіць перад вамі, і, можа, для некаторых было гэта нечаканым».

Рэзкая крытыка Ельцына з вуснаў Пазьняка была поўнай нечаканасцю: прэзідэнт Расіі лічыўся (і справядліва) выратавальнікам дэмакратыі ад путчыстаў.

Дэпутат Міхаіл Мачуленка (былы 2-гі сакратар Гомельскага абкаму КПБ): «Я стопрацэнтна падтрымліваю народнага дэпутата Пазьняка і прапаную тут жа, зараз жа прагаласаваць за тое, што ён сказаў».

Дэпутат Уладзімер Кулакоў (старшыня Віцебскага аблвыканкаму): «Я прасіў бы таксама падтрымаць. Становішча ў эканоміцы сёння такое, што калі нам цяпер не абараніць эканамічна і палітычна рэспубліку, будзе хаос і рэспубліка пойдзе да эканамічнага краху. Таму трэба падтрымаць».

Прэм’ер-міністар Вячаслаў Кебіч: «...Я толькі што меў размову з вельмі высокапастаўленымі кіраўнікамі Расіі. І павінен заклікаць вас пасля гэтай размовы менавіта прыняць такі закон, таму што абстаноўка падпісання саюзнай дамовы вельмі змянілася. Наўрад ці такое падпісанне ў бліжэйшы час увогуле адбудзецца. Таму я таксама заклікаю вас знайсці такую форму, каб нам не парушаць Канстытуцыю. Але такі закон трэба сёння прыняць».

Міхаіл Жэбрак, былы першы сакратар Ваўкавыскага райкаму: «Я да ўчорашняга дня стаяў за абноўлены Саюзны дагавор. Але пасля ўчорашняга дня, тое, што адбылося на Украіне, мяне прымушае зрабіць заяву пра тое, што калі мы сёння не прымем таі закон, тое, што прапануе Зянон Станіслававіч Пазьняк, дык трэба тады прымаць рашэнне аб уваходзе Заходняга Краю ў склад Расійскай Федэрацыі. Іншага выйсця няма. І Беларусь не будзе існаваць, таму што тады Беларусі абсалютна не будзе».

Пачынаецца працэдура галасавання. За наданне Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце галасуюць 256 дэпутатаў, супраць — 0, устрымаліся — 0. 

Belarus — The putsch in August 1991, the USSR Collapse

У 20 гадзінаў 8 хвілінаў Станіслаў Шушкевіч віншуе дэпутатаў і жыхароў Беларусі, якая з гэтага моманту зрабілася незалежнай краінай.

Дэпутаты выходзяць на Плошчу, дзе перад людзьмі выступае Зянон Пазьняк, а Пётра Садоўскі спявае песню Купаалы «Тры дарожанькі».

Дэпутаты БНФ праз некалькі хвілінаў пасля абвяшчэння Незалежнасці, 25 жніўня 1991

Дэпутаты БНФ праз некалькі хвілінаў пасля абвяшчэння Незалежнасці, 25 жніўня 1991

 


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: