30 гадоў таму мільён чалавек узяліся за рукі, каб дамагчыся свабоды

Балтыйскі шлях — жывы ланцуг, які аб’яднаў народы трох краін у іх імкненні да свабоды. Праз 50 гадоў пасля падпісання Пакту Молатава-Рыбентропа, 23 жніўня 1989 года, тры прыбалтыйскія нацыі здзівілі свет тым, што ўзяліся за рукі і сумесна запатрабавалі прызнаць існаванне сакрэтных пунктаў у Пакце Рыбентропа-Молатава і ўзнавіць незалежнасць балтыйскіх дзяржаў.


Фота з выставы ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь «Балтыйскі шлях, які змяніў свет» да 20-х угодкаў Балтыйскага шляху, што адкрылася ў лютым 2010 года 

Балтыйскі шлях — гэта ўнікальная, мірная масавая дэманстрацыя, якая адбылася 23 жніўня 1989 года, калі больш за мільён чалавек стварылі жывы ланцуг даўжынёй больш за 600 кіламетраў, які аб’яднаў народы трох прыбалтыйскіх дзяржаў — Эстоніі, Латвіі і Літвы — у іх імкненні да свабоды.

Дэманстрацыя адбылася ў сувязі з пяцідзесяцігоддзем падпісання нямецка-савецкага Пакта аб ненападзенні ў 1939 г. і сакрэтнага пратаколу да яго, у якім размяркоўваліся сферы інтарэсаў бакоў ва Усходняй Еўропе, што пацягнула за сабой акупацыю і анексію прыбалтыйскіх дзяржаў.

23 жніўня 1939 г. міністры замежных спраў СССР і Германіі — Вячаслаў Молатаў і Йоахім фон Рыбентроп, па загаду сваіх кіраўнікоў І. Сталіна і А. Гітлера, падпісалі дамову, якая закранала лёс Еўропы і ўсяго свету. Гэты пакт і яго сакрэтныя пагадненні падзялілі сферы ўплыву СССР і Германіі і прывялі да Другой сусветнай вайны, а таксама да акупацыі трох балтыйскіх дзяржаў — Эстоніі, Латвіі і Літвы.

Фота з выставы ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь «Балтыйскі шлях, які змяніў свет»


Пасля таго, як СССР спыніў сваё існаванне ў выніку рэформаў, ініцыяваных Міхаілам Гарбачовым, ідэя ўзнаўлення дзяржаўнай незалежнасці набыла рэальныя абрысы. 23 жніўня 1988 года, калі тысячы людзей у Вільнюсе, Рызе і Таліне заклікаліся да ўдзелу ў мітынгах, была апублікаваная сутнасць нямецка-савецкіх пактаў і сакрэтных пратаколаў да іх.

Увесну 1989 года на З'ездзе народных дэпутатаў СССР прадстаўнікі трох прыбалтыйскіх дзяржаў запатрабавалі правядзення аналізу законнасці нямецка-савецкіх пактаў і сакрэтных пратаколаў. Была створана даследніцкая камісія, дзейнасць якой, аднак, прасовалася павольна. Падчас рэформаў, якія праводзіліся ў Савецкім Саюзе, нацыянальныя рухі і дэмакратыі атрымлівалі недастатковую падтрымку.

У такой сітуацыі на 23 жніўня 1989 года была запланаваная масавая дэманстрацыя па ініцыятыве нацыянальных рухаў трох прыбалтыйскіх дзяржаў: Народны фронт Эстоніі: Rahvarinne, Народны фронт Латвіі і Літоўскі рух за перабудову: Sąjūdis.


Праз 50 гадоў пасля падпісання Пакту Молатава-Рыбентропа, 23 жніўня 1989 г., гэтыя тры прыбалтыйскія нацыі здзівілі свет тым, што ўзяліся за рукі і сумесна запатрабавалі прызнаць існаванне сакрэтных пунктаў у Пакце Рыбентропа-Молатава і ўзнавіць незалежнасць балтыйскіх дзяржаў.

Больш за мільён чалавек узялі адзін аднаго за рукі, каб стварыць доўгі чалавечы ланцуг, які расцягнуўся на 600 кіламетраў і звязаў тры балтыйскія сталіцы: Талін, Рыгу і Вільню.

Балтыйскі шлях стаў беспрэцэдэнтным актам салідарнасці, які прыцягнуў да сабе велізарную ўвагу ва ўсім свеце. Балтыйскі шлях паказаў, што народы трох прыбалтыйскіх краін, незалежна ад нацыянальнасці, здолелі арганізаваць агульнае мерапрыемства, якое аб'яднала людзей у іх імкненні да волі.

Вялізны жывы ланцуг, а таксама моцная міжнародная падтрымка, накіраваная на апублікаванне гістарычных фактаў, вымусіла З'езд народных дэпутатаў СССР прызнаць нямецка-савецкія пакты і сакрэтныя пратаколы да іх юрыдычна незаконнымі 24 снежня 1989 года. Гэта рашэнне павялічыла магчымасці нацыянальнага самавызначэння народаў Эстоніі, Латвіі і Літвы і стала вырашальным фактарам для дэмакратычных рухаў па ўсім Савецкім Саюзе.


Балтыйскі шлях стаўся з'явай, якая паказала, як тры невялікія краіны стварылі сумесную міжкультурную духоўную акцыю для таго, каб дасягнуць агульнай мэты — пераадолець наступствы Другой сусветнай вайны і знішчыць таталітарныя рэжымы. ЮНЕСКА ўключыла дакументальныя матэрыялы пра Балтыйскі шлях у міжнародны рэгістр праграмы "Памяць свету".

Балтыйскі шлях — гэта гістарычны знак, які жыве ў калектыўнай памяці і узбагачае разуменне сэнсу і каштоўнасцяў, салідарнасці і свабоды самавыяўлення.

Паводле znyata.com, museum.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!