604 гады перамозе пад Грунвальдам

604 гады таму беларусы, літоўцы, палякі і чэхі перамаглі крыжакоў у Грунвальдскай бітве.



Знакамітая бітва адыграла велізарную ролю ў гісторыі народаў Усходняй і Цэнтральнай Еўропы. 15 ліпеня 1410 аб'яднаныя сілы Вялікага княства Літоўскага і Польскага каралеўства, у складзе якога тады знаходзіліся беларускія землі, пры ўдзеле татарскіх і чэшска-мараўскіх палкоў атрымалі бліскучую перамогу над крыжакамі Тэўтонскага ордэна.
 
 
Бітва пачалася апоўдні з наступу лёгкай літоўска-татарскай конніцы на левы фланг тэўтонцаў. Гэтая атака была сустрэтая артылерыйскім залпам  першым у гісторыі, але з малапаспяховым ужываннем палявой артылерыі. У адказ пачаўся контрнаступ цяжкай ордэнскай кавалерыі, якая пацясніла літоўцаў і татараў.
 
 
Адначасова немцы сутыкнуліся з моцным супрацівам літоўска-рускай пяхоты, якая засланяла баявыя парадкі польскіх войскаў ад флангавага ўдару пры адступленні літоўскай конніцы. На дапамогу гэтым палкам Вялікі князь Літоўскі Вітаўт выслаў падмацунак. Каб выправіць сітуацыю, Вялікі магістр ордэна Ульрых фон Юнгінген увёў у бой другую лінію тэўтонскай кавалерыі, аднак палякі таксама задзейнічалі рэзерв, якім камандаваў польскі кароль Ягайла.
 
 
У гэты час літоўская конніца паспяхова вярнулася на поле бою і нанесла моцны ўдар па левым флангу Ордэна. Падчас гэтай бітвы загінуў сам ордэнскі магістр. Пасля загубы фон Юнгінгена і капітуляцыі часткі тэўтонскіх войскаў, ацалелае ордэнскае войска збегла.
 
 
У гэтай бітве загінулі блізу траціны немцаў, у тым ліку практычна ўвесь камандны склад Ордэна, значная колькасць рыцараў патрапіла ў палон.
 
 
Грунвальдская бітва нанесла смяротны ўдар па нямецкай экспансіі на Усход. Агрэсія нямецкіх рыцараў на ўсход была спыненая. У гэты дзень, як вобразна сказаў у рамане «Крыжакі» лаўрэат Нобелеўскай прэміі ў літаратуры Генрык Сянкевіч, «разбілася ўся нямецкая магутнасць, якая дасюль залівала, як хваля, няшчасныя славянскія землі». Сучасныя беларускія гісторыкі і публіцысты падкрэсліваюць: пасля Грунвальдскай бітвы цягам пяці стагоддзяў, аж да 1914 года, на зямлю Беларусі не ступала нага нямецкага заваёўніка. У бітве пад Грунвальдам удзельнічалі палкі з усіх тагачасных беларускіх зямель і княстваў.
 
 
Бітва пад Грунвальдам увайшла ў гісторыю як найлепшы прыклад супольных дзеянняў і ўзаемнай падтрымкі Вялікага княства Літоўскага і Польскага каралеўства, якая не раз у будучыні ратавала ўжо агульную дзяржаву гэтых народаў.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: