95 гадоў таму таму падзялілі Беларусь. Гадавіна падпісання Рыжскай мірнай дамовы

95 гадоў таму была падпісана Рыжская мірная дамова (1921) заключаная пасля заканчэння польска-бальшавіцкай вайны паміж РСФСР і УССР з аднаго боку, і Польшчай з другога.



На перамовах прысутнічалі дэлегацыі расійскай і ўкраінскай савецкіх рэспублік без удзелу прадстаўнікоў тагачаснай савецкай Беларусі, якую палякі і саветы падзялілі паміж сабой.

Прафесар, гісторык Алесь Краўцэвіч распавядае:

— Бальшавікі на перамовах прапаноўвалі аддаць Польшчы больш тэрыторыі, чым палякі прасілі. Гаворка была пра мяжу 1772 года — да першага падзелу Рэчы Паспалітай. Але польскія нацыянал-дэмакраты баяліся, што ў такім выпадку атрымаецца на тэрыторыі польскай дзяржавы занадта шмат чужога этнічнага элемента і палякі не змогуць яго асіміляваць, гэта будзе пагражаць адзінству дзяржавы і трэба будзе рабіць федэрацыю.

У выніку, каля 4,5 мільёна жыхароў Заходняй Беларусі часова сталі грамадзянамі ІІ-й Рэчы Паспалітай. Больш за 110 тысяч квадратных кіламетраў адышлі да Польшчы.

Гомельскі гісторык Юрый Глушакоў дае ацэнку Рыжскай дамове ў гутарцы з Міколам Бянько:

— Як атрымалася, што Польшча перамагала?

— Быў моцны наступ на Варшаву, дзе, дарэчы, удзельнічала 16-я беларуская армія, выйшлі на левы бераг Віслы, але авантурыстычныя паводзіны Рэўваенсавета Паўднёва-Заходняга фронту, у ліку якога быў таварыш Сталін, наступ на Львоў і Варшаву прывёў да вельмі спрагназаванай паразы. Палякі, трэба аддаць ім належнае, мужныя ваяры, калі яны змагаліся на сваёй тэрыторыі, яны далі вельмі моцны адпор і адбілі наступ Чырвонай арміі.

— Чаму не была створана буферная дзяржава. Чаму пайшлі на падзел Беларусі?

— Наколькі мне вядома, большасць польскіх дзеячаў вельмі дрэнна ў 1920 годзе ставілася да стварэння беларускай нацыянальнай дзяржавы. Гэта зразумела з пункту гледжання польскіх нацыяналістаў, бо існаванне самастойнай беларускай дзяржавы пагражала цэласнасці той Рэчы Паспалітай, якую яны бачылі. Не толькі савецкі ўрад, але і варшаўскі ўрад таксама не жадаў мець зносіны на перамовах у Менску, а потым у Рызе, з беларускай дэлегацыяй.

— Чаму Антанта праігнаравала заклік дзеячаў БНР?

— Вельмі цікавае пытанне. Справа ў тым, што заходнія дэмакратыі, а Антанта — гэта яскравы прадстаўнік заходняй дэмакратыі, — яны ўвесь час, што тады, што цяпер, кіруюцца зусім не дэмакратычнымі падыходамі, а вельмі прагматычнымі падыходамі. У 1919 годзе Антанта рабіла стаўку, як заўжды, на мацнейшага. Англія, Францыя, іншыя краіны ды іх хаўруснікі рабілі стаўку на мацнейшага, а ў той сітуацыі тым мацнейшым гульцом для іх была Польшча. Нават стаўленне да белагвардзейскага руху ў Расіі, калі ўзнікалі супярэчныя пытанні, Антанта таксама рабіла стаўку на Пілсудскага, а не на Дзянікіна ці на Урангеля.

Польская армія — другая ў Еўропе на той час, пасля Чырвонай арміі, гэта рэальная моц, вось і ўсё. Колькасць польскага войска вырашыла пытанне ў вачах Антанты.

— Кантрыбуцыю якога памеру павінны былі выплаціць савецкія ўлады?

— 30 мільёнаў злотых Савецкая Расея, Украіна і Беларусь павінны былі выплаціць польскаму боку. Фактычна, гэта былі рэпарацыі ад савецкага боку, які лічыўся прайграўшым у гэтай вайне, але гэта было замаскавана пад выплату нейкіх сродкаў у якасці кампенсацыі за той уклад, які Царства польскае ўнесла ў развіццё Расійскай імперыі ў папярэднім стагоддзі. Але гэта спрэчнае пытанне, бо менавіта наяўнасць вельмі магутнага расейскага рынку спрыяла велізарнаму ўздыму польскай прамысловасці. Мы ведаем, што Лодзь, Беласток, Варшава пераўтварыліся ў вельмі моцныя прамысловыя цэнтры, якія сваю прадукцыю адпраўлялі на бязмежны расейскі рынак, у тым ліку ў Азію і нават далей.

Рыжская дамова падзяліла этнічныя землі Украіны і Беларусі. У Польшчы апынуліся так званыя Заходняя Беларусь і Украіна. У Савецкім Саюзе былі створаныя поўнасцю залежныя ад Масквы БССР і УССР.

Юрка Ляшчынскі, Мікола Бянько, Беларускае Радыё Рацыя

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: