Абарона Белага Дома ў жніўні 1991-га: як гэта было на самай справе

Роўна 30 гадоў таму ГКЧП спрабаваў узяць уладу ў Савецкім Саюзе ў свае рукі. У адказ людзі выйшлі на вуліцы, і большая частка дзяржаўнага апарату адмовілася падтрымаць путчыстаў.

Мітынг у Мінску ў жніўні 1991. Фота Уладзіміра Кармілкіна

Лебядзіны пераварот

Раніцай 19 жніўня 1991 года ўся краіна была агаломшаная весткай пра ўвядзенне надзвычайнага становішча. Зрэшты, ад самага пачатку ўсё звялося толькі да адключэння праграм на ТБ, якія замяніла перыядычнае зачытванне заявы ГКЧП і бясконцая трансляцыя «Лебядзінага возера». Гэкачапісты відавочна былі далёкія ад сучасных тэхналогій, і ўжо адна гэтая зацягнутая «музычная паўза» выклікала насмешкі і раздражненне ў значнай часткі насельніцтва.

У той дзень, калі раніцай стала вядома аб перавароце, я быў у адпачынку. Паслухаўшы ўдосталь «Лебядзінага возера», я выскачыў у двор. Хлопец з нашага дома па мянушцы «Бэдзік» здзіўлена разводзіў рукамі: «І што цяпер рабіць? Кулямёт браць?» Бэдзік, як і многія дваровыя хлопцы, вылучаўся лёгкімі крымінальнымі схільнасцямі, але вось пра наяўнасць у яго такой грознай зброі ніхто нават не падазраваў. Я зайшоў дадому да сябра Алега, разам пачалі абмяркоўваць сітуацыю. І тут з’явіўся яго дзядуля Афанасій Карнеевіч.

— Анічога страшнага, хлопцы, — сказаў стары, пагладжваючы сваю акладзістую сівую бараду. — Вы ведаеце, пры Сталіне хоць парадак быў.

У «сталінскім парадку» Афанасій Карнеевіч ведаў толк — адбыў 10 гадоў у лагерах, патрапіўшы туды прама з фронту за неасцярожнае выказванне. І, па сямейнай легендзе, сядзеў разам з Аляксандрам Салжаніцыным, і нават стаў прататыпам Івана Дзянісавіча з яго знакамітага аповеду.

Нягледзячы на свой юны ўзрост, у той час я ўжо ўдзельнічаў у грамадскім руху і быў уваходны ў Гомельскі гарадскі страйкавы камітэт, куды і адправіўся. У час той нябачанай познесавецкай дэмакратыі гарадскія ўлады вылучылі страйкаму памяшканне ў ДК «Гомсельмаш», і многія працоўныя актывісты ўжо сабраліся там, абмяркоўваючы трывожныя весткі.

Дэпутат З’езда народных дэпутатаў СССР Віктар Карняенка таксама прыбыў у гомельскі страйкам. Па яго заўвазе, пратэсты могуць прывесці да таго, што паўторыцца гісторыя з расстрэлам у Новачаркаску ў 1962 годзе. Яшчэ ён прывёз улётку з заклікам Барыса Ельцына.
Віктар Карняенка з жонкай

Віктар Карняенка з жонкай

Гомельскі гарадскі Савет народных дэпутатаў шмат у чым складаўся з «дэмакратычных» дэпутатаў, а Гомельскі гарвыканкам узначальвала ліберальны мэр Святлана Гальдадэ. Старшыня Гомельскага страйкама Яўген Мурашка ўспамінае:

— Раніцу панядзелка 19 жніўня я і мая жонка Галіна Арцёменка сустрэлі ў вагоне дачнага цягніка. «ГКЧП! ГКЧП! Гарбачова арыштавалі!» — пранеслася па вагоне. Ніхто яшчэ толкам не ведаў, што адбываецца. Але меркаванні падзяліліся. Было нямала і такіх, асабліва сярод старэйшых узростаў, якія казалі: «Гэтыя ўжо пакажуць дэмакратам! А Гарбачова трэба павесіць».

Днём мы пайшлі ў Гомельскі гарвыканкам. Як-ніяк, тут законная савецкая ўлада і наша месца. А яшчэ Галіна Іванаўна там, уласна, працавала. У Гомельскім гарвыканкаме сабраўся ўмоўны «штаб» супраціву путчыстам — Святлана Гальдадэ, дэпутат Гурачэўскі, некаторыя іншыя. Гальдадэ прапанавала прыняць зварот да гамельчукоў, каб яны захоўвалі спакой, працоўныя заставаліся на сваіх месцах і не паддаваліся на правакацыі. А ГКЧП прызнаць спробай дзяржаўнага перавароту. На што я заўважыў — вось паставяць у цэхах аўтаматчыкаў, і будзе спакой. І прапанаваў, наадварот, заклікаць рабочых прыйсці да Гомельскага Савета народных дэпутатаў для яго абароны. Разгарэліся спрэчкі, але ўрэшце быў прыняты першы варыянт звароту, які і апублікавалі «Гомельскія ведамасці». Затым я пайшоў па цэхах — і дарэчы, там многія людзі падтрымлівалі ГКПЧ. Рабочыя казалі: «Гэтыя хоць парадак навядуць».

Гомельскі гарсавет быў адзіным у Беларусі, які выступіў супраць ГКЧП. А вось Гомельскі аблвыканкам путчыстаў падтрымаў. Было трывожна: усе чакалі арыштаў. 20 жніўня я зноў быў у гарвыканкаме. І тут стала вядома: у Гомелі на чыгуначных шляхах ля платформы для выгрузкі тэхнікі на вуліцы Чангарскай стаіць вайсковы эшалон. Ён прыбыў у Гомель, ці ідзе далей? Трэба было гэта даведацца і нешта рабіць. І мы адправіліся туды.

Па словах Яўгена Мурашкі, калі яны выглянулі з-за плота, то ўбачылі платформы з тэхнікай і купку афіцэраў, што нешта абмяркоўвалі. Першай падышла Галіна Арцёменка, потым — Яўген Мурашка прадставіўся старшынёй Гомельскага страйкаму і спытаў ваенных, з якой мэтай яны тут знаходзяцца? «Ідзём да месца дыслакацыі» — па-вайсковаму выразна прагучаў адказ. А затым камандуючы вайсковай часткай палкоўнік запэўніў: «У любым выпадку, у народ мы страляць не будзем». Пасля таго, як аб гэтым паведамілі ў гарвыканкаме, там уздыхнулі з некаторай палёгкай.

Ні аўтар гэтых радкоў, ні Яўген Мурашка не ведалі тады, што гісторыя часам паўтараецца. У 1917 годзе ў Гомелі да эшалонаў з казакамі, што ехалі для падаўлення Кастрычніцкага паўстання ў Маскве, хадзіў Лазар Кагановіч. Сваёй умелай агітацыяй ён здолеў сарваць паход казакоў на дапамогу контррэвалюцыйным юнкерам Масквы.

— Кіраўніцтва КПСС было само ў разгубленасці, — успамінае Мурашка. — Мы да таго часу ўжо выправадзілі парткам з завода «Гомсельмаш». Партнаменклатура збіралася ў сябе ў абкаме на Ланге, але нічога не рабіла. Ужо пазней я даведаўся: у сілавікоў быў спіс на затрыманні, і я стаяў у ім першым. Але там меркаванні падзяліліся — адны настойвалі на рашучых дзеяннях, але былі і іншыя людзі, якія служылі Беларусі. Яны прапанавалі пачакаць з арыштамі.

Збольшага, у Гомелі ў тыя дні ані актывісты дэмакратычнага руху, ані функцыянеры КПСС, што засталіся ва ўладзе, нічога не рабілі. Здаецца, партыйная наменклатура проста чакала, у чый бок хіснецца чаша вагаў? Але і некаторыя «дэмакраты» былі таксама дэмаралізаваныя. У той дзень я патэлефанаваў аднаму з іх, у звычайнай абстаноўцы вельмі красамоўнаму. «Андрэй?» — спытаў я яго. «Не, гэта не я» — адказаў знаёмы голас.

І на наступны дзень я вырашыў выязджаць у Маскву.

«Мяккае» стрымліванне бронетэхнікі

Нягледзячы на «надзвычайнае становішча», усе цягнікі хадзілі па раскладзе, і раніцай я прыбыў у сталіцу СССР. Накіраваўся да «Белага Дому», вакол якога збіраліся праціўнікі ГКЧП. На самай справе сапраўдная назва і прызначэнне гэтага будынка — Дом Саветаў РСФСР. І, па іроніі гісторыі, яго абаронцы выступалі ў той момант у абарону ... савецкай улады! «Белы дом» Саветаў да гэтага часу ўжо быў абнесены трыма шэрагамі барыкад. Тут ужо стаялі і першыя танкі, якія перайшлі на бок яго абаронцаў.

Прыходзілі добраахвотнікі, фармаваліся ў сотні, кожнай з якіх адводзілі свой участак абароны. І ставілі на забеспячэнне: кармілі, паілі гарбатай, нават забяспечвалі цыгарэтамі. Але ніякай зброі ў абаронцаў Белага Дома, зразумела, не было. Папярэдняй ноччу ўжо былі першыя забітыя: на Садовым кальцы пры сутыкненні абаронцаў з калонай Таманскай дывізіі загінулі 23-гадовы Дзмітрый Комар, 28-гадовы Ілля Крычэўскі і 37-гадовы Уладзімір Усаў.


Калі днём каля Белага Дома панаваў энтузіязм, то з надыходам цемры пачалі распаўсюджвацца чуткі і трывожныя настроі. У шэрагах абаронцаў замільгалі падазроныя групы нецвярозых людзей. Хтосьці папярэджваў аб з’яўленні правакатараў. У адказ на гэта п’яны дзяцюк, які стаяў побач, гучна зарагатаў:

— А мы ўжо тут!

З надыходам вечара абаронцам на першай лініі барыкад прынеслі «кактэйлі Молатава» і перадалі інструкцыю: у выпадку чаканай атакі кідаць бутэлькі з запальнай сумессю ў бронетэхніку, але не ў людзей. І «мякка стрымліваючы» надыходзячых, адыходзіць да будынка Дома Саветаў.

І вось прыйшло паведамленне: да адной з барыкад падышлі БТРы! Людзі рушылі туды. Некаторыя залезлі наверх барыкады, нехта ўзняў чорны анархістскі сцяг. Праўда, пераважная большасць сцягоў каля Белага Дома была трыкалорамі часоў Расійскай імперыі, які цяпер стаў дзяржаўным сцягам РФ. Ад калоны бронетэхнікі ў мегафон патрабавалі разысціся, пагражаючы прымяніць зброю. З барыкад крычалі ў адказ. БТРы трохі пастаялі і далі задні ход. «Слава Расіі!» — закрычалі ў натоўпе.

Усю ноч абаронцы ў першай лініі правялі на нагах, у чаканні атакі. Да барыкадаў падыходзілі жанчыны з навакольных дамоў, прапаноўвалі тым, хто стаміўся, ежу і начлег у сябе ў кватэрах. Але ніхто не сыходзіў.

Раніцай стала вядома: ГКЧП капітулявала. Ля Дома Саветаў РСФСР адбыўся вялікі мітынг, на якім выступаў Барыс Ельцын. Потым па пустых, свабодных ад транспарту вуліцах рушыў натоўп радасных абаронцаў, якія размахвалі трыкалорамі і ўсім, што трапілася пад руку. Усё гэта нагадвала нейкае свята непаслушэнства.

Але ўжо ў некалькіх кіламетрах ад Белага Дома жыццё ішло сваёй чаргой: ля Беларускага вакзалу прадавалі чабурэкі, джынсы-«варонкі» і «Камасутру» ўперамешку з навучаннямі па каратэ. Тут жа спрытныя напарстнікі аблапошвалі прасцякоў…

Дэмакратыя для «чайнікаў»

Сябры Гомельскага гарадскога страйкаму, удзельнікі мітынгу-пратэсту супраць ГКЧП, vytoki.net

Сябры Гомельскага гарадскога страйкаму, удзельнікі мітынгу-пратэсту супраць ГКЧП, vytoki.net

Увечары таго ж дня я выехаў у Гомель. Характэрна, што большасць маіх спадарожнікаў па перапоўненым плацкартным вагоне спачувала хутчэй ГКЧП, і нават перажывала за яго паразу.

23 жніўня ў Гомелі пад аховай міліцыі прайшоў мітынг пераможцаў-«дэмакратаў». На наступны дзень вялікі мітынг адбыўся ў Мінску, на ім жадаючыя прымалі прысягу на вернасць Беларусі. Яўген Мурашка вывез на яго вялікую групу гамельчукоў.
Мітынг у Мінску. Фота Уладзіміра Кармілкіна

Мітынг у Мінску. Фота Уладзіміра Кармілкіна

А ў Гомелі дэмакратычны гарвыканкам фармаваў народную дружыну для ўзяцця пад ахову аб'ектаў КПСС, да таго часу ўжо абвешчанай Міхаілам Гарбачовым па-за законам. Група такіх дружыннікаў, забяспечаных адпаведнымі мандатамі за подпісам мэра Святланы Гальдадэ, дзяжурыла ўначы ў «Доме палітпрасвету» на вуліцы Ланге. Дружыннік Лёха «Чайнік», з дваровых дзецюкоў «з раёна«, прапанаваў «трошкі» экспрапрыяваць выяўленыя ім модныя тады відэамагнітафоны. «Усё роўна ж народу не дастануцца» — па-філасофску матываваў сваю крымінальную прапанову Лёха. На што аўтар гэтых радкоў строга заклікаў яго выконваць грамадзянскую свядомасць і самадысцыпліну.

Але ў адным Лёха «Чайнік» як у ваду глядзеў — народу ад таго, што адбылося, дасталася не так ужо і шмат. Ужо неўзабаве пасля тых падзей былі згорнутыя не толькі многія сацыяльныя гарантыі, але і дэмакратычныя заваёвы часоў «перабудовы».

Рэальнымі пераможцамі ў «ліхія» 90-я аказаліся зусім іншыя сілы.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: