Ахвяры «мядовага месяца дыктатараў»

На працягу міжваеннага дваццацігоддзя Савецкі Саюз рыхтаваўся да вайны супраць «капіталістычнага свету». Найбольш верагодным праціўнікам у будучым супрацьстаянні лічылася Польшча. У Крамлі памяталі паразу Чырвонай Арміі, атрыманую пад Варшавай у 1920 годзе, і хацелі рэваншу. Зручны момант прыйшоў у 1939 годзе.

Чырвонаармеец дапытвае польскага афіцэра

1 верасня Гітлер распачаў Другую сусветную вайну, але, насуперак чаканням нацыстаў, СССР не кінуў свае войскі супраць Польшчы. Толькі тады, калі Сталін зразумеў, што Францыя і Вялікабрытанія не збіраюцца весці супраць немцаў актыўных баявых дзеянняў, калі ўбачыў, што лёс Другой Рэчы Паспалітай перадвызначаны, тады савецкі дыктатар вырашыў «падаць руку дапамогі братам беларусам і ўкраінцам».


Лагеры для «класавых ворагаў»

Ужо 17 верасня 1939 года Лаўрэнцій Берыя накіраваў «прэм’еру» Вячаславу Молатаву нататку, у якой «прасіў» стварыць у памежнай, а па сутнасці, прыфрантавой з Польшчай паласе восем прыёмных пунктаў для вайсковапалонных і два лагеры-размеркавальнікі ў Казельску (для БССР) і Пуціўлі (для УССР). Пункты канцэнтрацыі палонных польскіх жаўнераў, афіцэраў і паліцыянтаў на тэрыторыі савецкай Беларусі арганізоўваліся ў Жыткавічах, Стоўбцах, Цімкавічах, Арахоўна, Радашковічах.

Ахоўваць палонных павінны былі канвойныя войскі НКУС, якія, у сувязі з «вызвольным паходам» адмабілізавалі і перавялі на палажэнне вайсковага часу. Да лініі дзяржаўнай мяжы палонных польскіх вайскоўцаў і супрацоўнікаў Дзяржаўнай паліцыі павінны былі суправаджаць «спецыяльныя каманды», вылучаныя са стралковых ротаў і кавалерыйскіх эскадронаў. Аднак часцей за ўсё калоны, якія рухаліся ў зборныя пункты, ахоўвалі савецкія памежнікі.

Афіцэры РСЧА размаўляюць з польскімі палоннымі пад Маладзечна

Вось як апісваў палонных польскіх вайскоўцаў адзін з савецкіх рэпарцёраў, які ў верасні 1939 года працаваў у Заходняй Беларусі:

«Я ўглядаўся ў твары афіцэраў, пашыхтаваных у полі, побач з шашой. На адных тварах […] — адчай. На іншых нават жах перад тым, што здарылася, не мог пагасіць нянавісці. […] Я выбраў у гэтым натоўпе аднаго афіцэра. […] Не, па-руску ён не гаварыў. Затое ён добра гаварыў па-французску. […]

— Я павінен ведаць: я арыштаваны ці палонны?

— Вы палонны. Польскія афіцэры вялі вайну супраць Чырвонай Арміі. Такім чынам, вы з’яўляецеся палонным.

— Тады я прашу мяне перакінуць у Францыю. Я буду змагацца ў польскім легіёне супраць Германіі. […]

— Не, у Францыю вам не прыйдзецца ехаць, былы афіцэр польскага войска. Вам не прыйдзецца ехаць і ў ваш радавы маёнтак. […]

Потым палонных афіцэраў пашыхтавалі і павялі. Яны ішлі вайсковым крокам. І наперадзе, трохкутнікам, з крумкачынымі дзюбамі брылёў, акаваных меддзю, крочылі жандары, як быццам пацвярджаючы канец панскай Польшчы».

Чырвонаармейцы размаўляюць з палоннымі


Польскія палонныя ў горадзе Ізяслава

Больш глыбокі аналіз тых падзей дазваляе сцвярджаць, што, акрамя ўзгаданых вышэй, зборны пункт для польскіх палонных быў і ў памежным Заслаўі. Некалькі гадоў таму я ля заслаўскага мікрараёна Хмелеўка выпадкова знайшоў польскі вайсковы «Стралковы знак». Да вайны тут была тэрыторыя БССР. Як артэфакт аказаўся побач з Заслаўем?

Потым гістарычны пазл склаўся: па старой радашковіцкай дарозе, побач з якой я знайшоў артэфакт, у Заслаўе вялі польскіх палонных. Магчыма, польскі жаўнер, каб не прыцягваць увагу НКУС, вырашыў выкінуць гэтую адзнаку.

Мясцовыя жыхары канваіруюць палонных польскіх жаўнераў

Жыхары вёскі Шапавалы, дзе да вайны знаходзілася стражніца польскага Корпуса аховы памежжа (КАП), адзначалі, што захопленых у палон 17 верасня 1939 года польскіх памежнікаў пагналі ў Заслаўе. Там жа ад ранаў памёр і камандзір стражніцы КАП «Шапавалы» капрал Нядзельскі.

Паводле ўспамінаў Аліцыі Мілер, у горад Ізяслава пагналі і арыштаваных у памежным Ракаве супрацоўнікаў польскай Дзяржаўнай паліцыі. Сярод іншых там быў і яе тата. Ула­дзімір Лунь скончыў 7 класаў, адслужыў у войску, а пазней адвучыўся ў Школе паліцыі ў Вялікіх Мастах на Львоўшчыне. Пасля гэтага ён быў пераведзены на службу ў мястэчка Гарадок Маладзечанскага павета, а праз паўгады паліцыянта перавялі ў паліцэйскі ўчастак у Ракаве. У жніўні 1939 года 31-гадовы «пастарунковы» ажаніўся з мясцовай дзяўчынай.

Уладзімеж Лунь з жонкай, 1939 год, Ракаў

«Немцы да Ракава не дайшлі, а вось Саветы 17 верасня сюды прыйшлі. Мама казала, што бацька ў форме выбег з дома і пабег ва ўчастак. Там ён сустрэў каменданта Дзванкоўскага, які ў бялізне паліў сакрэтныя паперы, каб тыя не трапілі ў рукі ворага. Хутка іх арыштавалі і перавезлі ў Заслаўе», — узгадвае ва ўспамінах Аліцыя Мілер.


Эшалон на Усход

Дзе дакладна ў Заслаўі трымалі палонных польскіх вайскоўцаў у верасні 1939 года, сёння сказаць цяжка. Дакументальных сведчанняў пра гэта не захавалася. Можна дапусціць, што іх размясцілі побач з гарнізонам 15-га памежнага атрада ля чыгуначнай станцыі «Беларусь» і пасля накіравалі ў Мінск, а далей — у лагеры.

Варта адзначыць, што падобная сітуацыя адбывалася і на тэрыторыі УССР. Паводле савецкіх дакументаў, толькі 19 верасня 1939 года ў месца дыслакацыі 19-га Алеўскага атрада памежных войскаў НКУС СССР было дастаўлена 17 (!) эшалонаў з палоннымі польскімі вайскоўцамі.

З канцэнтрацыйных пунктаў, створаных на мяжы, у лагеры на Усход палонных польскіх жаўнераў і паліцыянтаў перавозілі чыгуначным транспартам. Вось як адзін з савецкіх чыгуначнікаў апісваў тыя падзеі:

«У той час я працаваў машыністам у Мінскім паравозным дэпо. З другой паловы верасня да пачатку кастрычніка 1939 года з буржуазнай Польшчы я вадзіў цягнікі са станцыі Баранавічы ў Мінск і Смаленск. З Мінска, з таварнай станцыі мы вялі пусты цягнік, на вокнах рашоткі, да яго яшчэ прычаплялі вагоны-цялянікі без вокнаў. [...] У Баранавічах у гэтыя вагоны супрацоўнікі НКУС загружалі вайсковапалонных афіцэраў, і мы вярталіся ў Мінск на таварную станцыю. Нам заўсёды давалі зялёнае святло. Мой памочнік, калі спыняліся, каб заправіць вадой кацёл паравоза ля паравозных калонак на станцыях Стоўбцы ці Негарэлае, браў маслёнку і падліваў алей у буксы вагонаў. Займаючыся сваёй справай, чуў глухія галасы на польскай мове. У паравознай будцы і туды, і назад нас увесь час суправаджаў супрацоўнік НКУС. [...] На таварнай станцыі ў Мінску, да «рамкі» падавалі «варанкі», у якія як «селядцоў у бочкі» набівалі людзей і везлі ў Мінскую турму. Наш цягнік заўсёды чакала шматлікая ахова з сабакамі — нямецкімі аўчаркамі, а ўбаку стаялі «варанкі». Нас суправаджалі супрацоўнікі НКУС у форме: сінія галіфэ, бліскучыя скураныя боты, на зялёных гімнасцёрках чырвоныя пятліцы».

Савецкія войскі ўваходзяць у Ракаў, 17.09.1939 года


Адным з тых, хто ехаў у вагонах-цялятніках на Усход, быў сямнаццацігадовы Генрых Вецэк. Перад самай вайной малады хлопец з Пінска ўступіў у батальён нацыянальнай абароны, але хутка апынуўся ў савецкім палоне. Праз некалькі дзён ён і яшчэ некалькі дзясяткаў яго таварышаў па службе ў таварным вагоне ехалі ў бок БССР. Усю дарогу польскіх «палонных» супакойвалі, што яны едуць «дадому». На кожнай станцыі склад шчыльным колам атачалі вайскоўцы НКУС. Да цягніка пастаянна дадаваліся новыя вагоны з людзьмі. Мяжа ў раёне Стоўбцы-Негарэлае зрабіла на «пасажыраў» эшалона панурае ўражанне. Высечаная двухсотметровая паласа пасярод лесу, тунэлі пад чыгуначнымі шляхамі і дзясяткі салдат у характэрных блакітных фуражках з вінтоўкамі.

Маладому хлопцу запомніўся такі эпізод. У Негарэлым, прама перад чыгуначнай станцыяй, была насыпана велізарная, вышынёй з двухпавярховы будынак, піраміда збожжа. Пшаніца была савецкім трафеем. Яе прывозілі з польскай тэрыторыі і згружалі на першай савецкай станцыі. «Што ж яны робяць? — думаў Генрых. — Зараз канец верасня, дождж, холадна, зерне знікне». Неўзабаве цягнік рушыў далей. Мінск, Смаленск... І нават там гэтым няшчасным людзям казалі, што яны едуць «дадому».

Верасень 1939 года. Чырвоная Армія ў Ракаве



Катынская трагедыя

Лёс гэтых ахвяр «мядовага месяца дыктатараў» быў, у сваёй большасці, трагічны. Афіцэраў, паліцыянтаў, супрацоўнікаў КАП расстралялі ўвесну 1940 года. Іншым пашчасціла больш. Да чэрвеня 1941 года значная частка так званага «польскага кантынгенту» працавала ў шахтах, каменяломнях і іншых будоўлях ГУЛАГу, а пасля нападу Германіі на СССР уступіла ў «Армію Андэрса» і пакінула «нечалавечую зямлю», каб працягнуць барацьбу супраць нацызму.

Савецкія памежнікі пераходзяць савецка-польскую мяжу


«Пазней, пасля вайны, неяк сярод нас, машыністаў, узніклі размовы пра тыя даваенныя гады. Адзін з маіх добрых сяброў пад вялікім сакрэтам расказаў мне, што ён польскіх вайсковапалонных адвозіў у Казельск (там знаходзіўся лагер. — І.М.), які ляжаў на чыгуначнай лініі Тула—Смаленск у 250 кіламетрах на паўночны ўсход ад Смаленска. А са Смаленска вайсковапалонных на «варанках» адвозілі ў Катынь, ці Катынскі лес, і там расстрэльвалі. Як ён узгадваў, гэта былі польскія кадравыя вайскоўцы, у асноўным сяржанты і афіцэры запасу, прадстаўнікі інтэлігенцыі, якія былі мабілізаваныя ў пачатку верасня 1939 года ў войска», — адзначаў згаданы вышэй машыніст.

Катынь была не адзіным месцам, дзе бальшавікі знішчалі польскіх палонных. Каменданта паліцыі з Ракава Казімера Дзванкоўскага з Заслаўя вывезлі ў Мінск, а адтуль у Асташкаўскі лагер, дзе трымалі былых супрацоўнікаў польскай Дзяржаўнай паліцыі. У красавіку-траўні 1940 года вязняў гэтага лагера расстралялі ў турме горада Калінін (зараз Цвер) і пахавалі ля пасёлка Меднае. Сярод больш чым 6 тысяч ахвяр таго расстрэлу былі і паліцыянты з Ракава. Пастарунковы Уладзімір Лунь прайшоў праз турмы ў Мала­дзечна, Вільні, Чэрвені, а 9 траўня 1940 года яго перавезлі ў Мінск, дзе сляды яго губляюцца…

Фота з архіву аўтара



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!