Айцец Іаан Наўроцкі: балаховец з ордэнам «Чырвонай зоркі»?

Пра незвычайны лёс бацюшкі Іаана з Ружанаў пісалі і раней. Сюжэт шмат у чым хрэстаматыйны: святар у гады нямецкай акупацыі ратуе савецкіх ваеннапалонных пад страхам смерці. Расійскі фільм «Поп» з Сяргеем Макавецкім у галоўнай ролі — акурат пра такі выпадак. Аднак гісторыя Іаана Наўроцкага зусім не такая простая.


Айцец Іаан (стаіць чацвёрты злева) у 1953 годзе

Іван Уладзіміравіч Наўроцкі нарадзіўся ў 1900 годзе ў Славянску Харкаўскай губерні. Наўроцкія — вядомая на Харкаўшчыне сям’я святароў. Бацька нашага героя служыў да Кастрычніцкага перавароту па розных вёсках, дзядзька ж, Рыгор Наўроцкі, у 1904-м быў настаяцелем Васкрасенскай царквы ў самім Славянску. Прыйшоў 1917 год, а за ім Грамадзянская вайна. Бацька Івана Уладзіміравіча ды малодшы брат былі расстраляныя бальшавікамі.

У часы Савецка-польскай вайны Іван Наўроцкі быў мабілізаваны ў Чырвоную Армію. Вядома, што ў красавіку 1920-га ён знаходзіўся ў Екацярынадары ў складзе 3-га лёгкага артылерыйскага дывізіёну 21-й дывізіі. Удзельнічаў у легендарным наступе на Варшаву, аднак наступ захлынуўся, а сам Наўроцкі трапіў у палон. Зрэшты, хто ведае? Улічваючы паходжанне, а тым больш лёс бацькі і брата, — мог і сам здацца. Але гэта здагадкі.


У лясной канцэсіі Булак-Балаховіча

Тут і пачынаюцца «белыя плямы» ў яго біяграфіі. У 1923-м ён атрымлівае станоўчы адказ з Паўнамоцнага Прадстаўніцтва СССР у Варшаве адносна… сваёй амністыі. Была такая практыка: ад 1922 года кожны ўдзельнік «белых» ці любых іншых антысавецкіх фарміраванняў мог атрымаць амністыю і вярнуцца ў СССР (гэта не тычылася толькі кіраўнікоў, накшталт Махно, Пятлюры або Савінкова). Але навошта амністыя былому палоннаму чырвонаармейцу?

Партрэт Івана Наўроцкага з дакумента пра амністыю, 1922 год

Справа ў тым, што акурат за кошт палонных чырвонаармейцаў вельмі часта фарміраваліся сілы апанентаў бальшавікоў, асабліва напрыканцы вайны. Практыкавалі тое і Барыс Савінкоў, і Станіслаў Булак-Балаховіч, рыхтуючыся да свайго апошняга «Палескага паходу» ўвосень 1920 года. І тут зноў цікавае «супадзенне». Паводле ўспамінаў унучкі айца Іаана, Кацярыны Міцянок, яе дзядуля пасля Рыжскай дамовы 1921 года працаваў на лесанарыхтоўчых працах у Белавежскай пушчы.

Як вядома, менавіта ў гэты час Польшча дала Балаховічу ў пушчы лясную канцэсію, а таксама дазволіла ўзяць сваіх хлопцаў з лагераў для інтэрнаваных, куды тыя трапілі пасля няўдалага «Палескага паходу», перайшоўшы пры адступленні польскую мяжу. Балахоўцаў «бацька» рассяліў у раёнах Белавежы, Гайнаўкі і Нараўцы. Дык вось, Іван Наўроцкі ў 1923 годзе працаваў акурат у Нараўскім надлясніцтве (Nadleśnictwo Narewkowskie Lasów Państwowych).

Канешне, мы маем толькі ўскосныя доказы службы Наўроцкага ў фарміраваннях Балаховіча. Але адкуль узяцца іншым? Захоўваць дакументы ці фотаздымкі такога характару было занадта небяспечна.


Ад палясоўшчыка да святара

Новая мяжа раздзяліла Івана Наўроцкага з маці. Магчыма, менавіта з гэтай прычыны яму была патрэбная дакументальна зацверджаная амністыя ды віза ў СССР, якую ён атрымаў у 1923 годзе. Ці скарыстаўся ён ёй? Невядома. Вядома, што жыць і працаваць ён застаўся на тэрыторыі Польшчы, у лясніцтве ў Белавежскай пушчы. Праца ў тыя часы ў польскай дзяржаве — далёка не апошняя. З заробкам у 450 злотых (на 1929 год) Наўроцкі мог сабе дазволіць паступіць на тэалагічнае аддзяленне Варшаўскага ўніверсітэта, жыць у сталіцы, а на вакацыі ездзіць дадому і працаваць.

Віза Івана Наўроцкага ў СССР, 1923 год


Падчас вучобы ў Варшаве Іван Уладзіміравіч пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай — Лідзіяй Іванаўнай, дачкой праваслаўнага святара, які служыў пад Беластокам. У 1931 годзе яны ажаніліся. Падобныя «карпаратыўныя» шлюбы — старая, яшчэ з дарэвалюцыйных часоў, традыцыя. Ад 1934 года Наўроцкі з’яўляўся чальцом «Брацтва праваслаўных багасловаў у Польшчы». Да 1937-га айцец Іаан служыў у Камянцы пад Брэстам, а з 1937-га па 1961-ы, да смерці, быў настаяцелем Св.-Петра-Паўлаўскай царквы ў Ружанах.

Іван Наўроцкі ў Варшаве, 1928 год


Паводле ўспамінаў родных, у 1939-м, пасля далучэння Заходняй Беларусі да СССР, да Наўроцкіх дайшлі чуткі, што іх збіраюцца высяляць у аддаленыя раёны «чырвонай імперыі», як «социально чуждый элемент». Што рабіць? Каб зберагчы, прынамсі, жонку ды чатырохгадовую дачушку, айцец Іаан пайшоў на крайні для святара крок: фіктыўны развод. Дарэчы, у чэрвені 1940-га архіепіскап Палескі Аляксандр узнагародзіў Наўроцкага залатым наперсным крыжам, але атрымаў яго святар толькі праз два гады.

Дакумент аб праве на нашэнне залатога крыжа, 1922 год


У храме — лагер, за царскімі варотамі — аперацыйная…

У 1941-м, падчас імклівага наступу Вермахта, ваколіцы Ружанаў былі наўпрост высланыя целамі забітых чырвонаармейцаў. Хто будзе іх хаваць? Іх злучэнні ў паніцы адступалі або разбягаліся, мясцовыя жыхары баяліся, а немцам было дакладна не да гэтага. Айцец Іаан, ведаючы нямецкую мову, звярнуўся да афіцэраў наконт дазволу на пахаванне. Прычыну знайшоў вельмі прагматычную: калі трупы не хаваць — пачнецца эпідэмія, а значыць, захварэюць і самі немцы. Дазвол ён атрымаў. Так пачалася яго гісторыя «супрацы з акупантамі».

Савецкія палонныя, лета 1941-га (фота з калекцыі аўтара)

Далей — болей. Наўроцкі пераўтварыў царкву ў… лагер для палонных. У самым храме знаходзіліся палонныя, за царскімі варотамі — аперацыйная, лазарэт для параненых. Будынак і прылеглая тэрыторыя ахоўвалася немцамі, але гэта лепш, чым звычайны кавалак поля, абгароджаны калючым дротам. Разам з матушкай, айцец Іаан арганізаваў пастаяннае гарачае харчаванне для палонных, а прыхаджанам загадаў несці старую бялізну, каб выкарыстоўваць яе як бінты.

Цікава, што аперацыі ў царкве-лагеры праводзіў ваеннапалонны — ваенурач 3-га рангу Віктар Лекамцоў, які пазней збег і далучыўся да партызанаў. У лютым 1943-га, ужо ў лясах, ён у экстрэмальных умовах ратаваў кіраўніка партызанскага атраду «Сокал» і вядомага савецкага дыверсанта Кірылу Арлоўскага. Наточаная напільнікам і дэзынфекаваная ў кіпені піла, якой ваенурач праводзіў аперацыю без анестэзіі, дагэтуль захоўваецца ў музеі ў Маскве.

З Наўроцкім у Лекамцова склаліся цёплыя адносіны, захавалася іх ужо паваенная перапіска. Сам жа Віктар Аляксеевіч стаў заслужаным урачом РСФСР, пра яго пісалі артыкулы і здымалі фільмы.

Ваенурач 3-га рангу Віктар Лекамцоў


У закладнікі прапанаваў сябе, жонку і дачок

Быў і такі выпадак: двое савецкіх акружэнцаў абстралялі жаўнера Вермахта. У падобнай сітуацыі, калі ўзгадаць прынцып калектыўнай адказнасці, што працаваў на вайне, усе ружанскія мужчыны апынуліся ў небяспецы. Але і тут айцец Іаан не разгубіўся: пайшоў у камендатуру і паручыўся за ўсіх жыхароў мястэчка, — маўляў, яны не пры справах. А ў якасці гарантыі сваіх слоў прапанаваў у закладнікі… сваю сям’ю: сябе, жонку і ўжо дзвюх дачок (шасці і аднагадовую). На тым справа і скончылася — святару паверылі.

Калі дапамога савецкім ваеннапалонным была легальнай (немцы пра гэта ведалі ды далі дабро), то дапамога яўрэям, якія хаваліся па сутарэннях былога палацу Сапегаў — не. Роўна як і дапамога двум параненым жыхарам вёскі Байкі, спаленай карнікамі, якія з апёкамі прыйшлі да святара. Ёсць звесткі, што айцец Іаан даў прытулак дзвюм жонкам сваіх былых калегаў па ўніверсітэце: мужа адной з іх забілі немцы, іншай — партызаны.

Айцец Іаан Наўроцкі ў Брэсце, 1935 год

Трагічны лёс дачкі і загадкавая смерць

Пасля вяртання Саветаў у 1944-м Іаана Наўроцкага не забылі. Святара неаднойчы выклікалі на допыты рознага характару: ці быў у антысавецкіх арганізацыях, як трапіў на тэрыторыю Польшчы і іншае. Але не арыштоўвалі. Затое стваралі цяжкасці дзецям. Старэйшай дачцэ, Лідзіі, занізілі адзнакі падчас заканчэння школы, каб не атрымала медаль, а ў далейшым мела цяжкасці пры паступленні ў Ленінград.

Лёс малодшай наогул трагічны. Мілу не залічылі ў Гродзенскі медыцынскі, бо ў анкеце яна ўказала, што бацька — святар. Дзяўчына ўжо мела парок сэрца, а пасля гісторыі з непаступленнем дадаліся яшчэ нервовыя захворванні — памерла ва ўзросце 19 гадоў. Літаральна праз два месяцы, увосень 1961-га, загінуў пры нявысветленых абставінах і айцец Іаан. Наезд машыны — нячастая з’ява для невялікага мястэчка. У Ружанах казалі, што «ўсё было загадзя спланавана», але родныя адмаўляліся верыць. Матушка, Лідзія Наўроцкая, пражыла найдаўжэй — 83 гады. Яе старшая дачка Ліда нарадзіла двух дзетак.


Таямніца пад «Чырвонай Зоркай»

Расповед пра незвычайны і нават гераічны лёс святара можна было б скончыць, але… Пасля трагічнай смерці айца Іаана родныя выявілі, што акрамя царкоўных узнагародаў, бацюшка меў яшчэ і ордэн «Чырвонай Зоркі». У сям’і вылучылі версію, што ўзнагарода атрыманая за ратаванне і дапамогу савецкіх ваеннапалонных, але гэта малаверагодна. Якая матывацыя была ў святара хаваць ад усіх падобную ўзнагароду, якую меў далёка не кожны афіцэр рэгулярнай арміі, што штурмаваў Кёнігсберг ці дайшоў да Берліна?

Зазвычай, святарам у гады Другой сусветнай вайны ў СССР выдавалі ўзнагароды «За шчырую працу ў гады Вялікай Айчыннай Вайны 1941–1945 гг.» Часам яны маглі атрымаць таксама медалі «За абарону Ленінграда» ці «За абарону Масквы». Зрэдку маглі атрымаць медаль «Партызану Айчыннай Вайны ІІ ступені». У выключных выпадках, як тое было з Патрыярхам Маскоўскім і Усяе Русі Алексіем — ордэн «Працоўнага Чырвонага Сцягу». Даць святару ордэн «Чырвонай Зоркі», баявую (!) узнагароду, адно за дапамогу палонным — нешта надзвычайнае.

Ёсць іншыя варыянты. Ордэн мог быць атрыманы за ўдзел у нейкай баявой аперацыі ў гады Другой сусветнай вайны, пра абставіны якой не было прынята казаць. Альбо, калі браць усе варыянты, айцец Іаан мог дзейнічаць у інтарэсах савецкіх спецслужбаў і да 1939 года — гэта таксама тлумачыла б маўчанне пра пачэсную ўзнагароду нават у сямейным коле. Ёсць і яшчэ варыянт: з 1944-га па 1957-ы ордэн выдаваўся кадравым ваенным (у тым ліку ГРУ), супрацоўнікам унутраных органаў і дзяржбяспекі за выслугу 15 гадоў у войску ці органах. Але ж — толькі дзеючым і кадравым.

Ні ў якім разе мы зараз не вешаем ярлыкоў: «агент», «супрацоўнік МДБ» і іншае — для гэтага няма падстаў. Наўпрост, без пэўных дэталяў — як тое з палонам і ўдзелам у антысавецкіх фарміраваннях у 1920-м, з таямнічым ордэнам «Чырвонай зоркі» — партрэт Івана Ула­дзіміравіча Наўроцкага быў бы няпоўны. Зрэшты, магчыма, абставіны яго жыцця і смерці некалі стануць больш яснымі для яго нашчадкаў. Пакуль жа дзверы архіваў КДБ зачыненыя, мы можам адно высоўваць версіі.


Фотаздымкі з архіву І. Наўроцкага з прыватных калекцыяў



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!