Алесь Краўцэвіч: Законапаслухмянасць — гэта наш генетычны код

З савецкіх часоў прынята лічыць, што беларусы — мірная нацыя, ніколі на нападала на іншых, а ўсе войны, у якіх яна ўдзельнічала, мелі выключна абарончы характар. «Радыё Свабода» разам з гісторыкам Алесем Краўцэвічам разбіраецца, ці так гэта.
Князь Альгерд. Бітва на Сініх Водах

Князь Альгерд. Бітва на Сініх Водах

У савецкіх падручніках не згадвалася пра тое, што беларусы на кагосьці нападалі, бо тыя падручнікі не былі падручнікамі дзяржавы, якая з'яўляецца суб’ектам уласнай гісторыі, кажа Краўцэвіч. Гэта былі каланіяльныя падручнікі, напісаныя ў Маскве. Яны мелі на мэце даказаць, што беларусы — частка Расіі або, прынамсі, імкнуліся ўсю сваю гісторыю далучыцца да Расіі. На самой жа справе, кажа гісторык, усё было не так.

«Кожны народ меў у гісторыі перыяд моцнай дзяржаўнасці, якім яны цяпер ганарацца. Італьянцы ганарацца Рымскай імперыяй, галандцы — тым, што ў першай палове XVII ст. Галандыя была цэнтрам гаспадарчага свету, ці Францыя перыяду Напалеона. Усе маюць перыяд, калі яны дамінавалі на большай ці меншай прасторы. Іншыя народы, якія з цяжкасцю могуць знайсці такія адназначна вялікія дзяржавы ў мінулым, спрабуюць іх прыдумляць», — расказвае Алесь Краўцэвіч.

Беларусам прыдумляць нічога не трэба, бо яны аднаўляюць сваю гісторыю, перакананы гісторык. А ў ёй былі такія перыяды, калі дзяржава беларусаў дамінавала ў пэўнай прасторы, найперш ва Усходняй Еўропе. А дамагчыся гэтага без нападаў на іншых было немагчыма.

«Усяслаў Чарадзей напаў, зняў званы, абрабаваў, спаліў, каб задушыць канкурэнта»

«Калі браць такія выпадкі, калі беларусы паводзілі сябе як імперцы, агрэсіўна, то гэта датычыць перыяду не толькі ВКЛ, а яшчэ раней — Полацкага княства. Найбольш гэта звязана з асобай Усяслава Чарадзея, які змагаўся за як мага большы кантроль над шляхам „з варагаў у грэкі“. З гэтай мэтай ён напаў на Вялікі Ноўгарад, зняў званы, абрабаваў, спаліў, каб задушыць канкурэнта на гэтым шляху. І з гэтай мэтай ён часта ваяваў з кіеўскімі князямі, не заўсёды бараніўся, часта атакаваў. Гэта вельмі яскрава апісаныя кіеўскімі і наўгародскімі летапісамі эпізоды».

У гісторыі ВКЛ адзін з самых вядомых эпізодаў агрэсіі адбыўся за два гады да смерці першага вялікага князя Міндоўга з дружынай. У ёй былі і беларусы, і літоўцы. Міндоўг атакаваў горад Уяздаў — гэта цяперашняя Варшава.

«Ён спаліў, захапіў, аднаго князя мясцовага забіў, другога ўзяў у палон. Яшчэ больш яскравы выпадак — 1275 год: дружына Давыда Гарадзенскага на загад вялікага князя Трайдэна напала на горад Драгічын, на ўладанні князя Льва Галіцкага. Яны акурат напалі на царкоўнае свята, жорстка спалілі, разрабавалі. Але, можа, самы класічны эпізод карыслівай атакі — гэта Сіняводскі паход Альгерда ў 1362 годзе. Некалькі соцень кіламетраў, з адборнай дружынай, прайшоў у стэп цяперашняй Украіны. Разбіў татарскіх князёў, каб захапіць пункт на вельмі важнай гандлёвай дарозе, якая вяла з Еўропы ў Феадосію. Па гэтай дарозе перасоўваліся тавары і звонкая манета. Гэта першая перамога над татарамі на іх тэрыторыі», — расказвае гісторык.

Таксама Краўцэвіч згадвае маскоўскія паходы Альгерда. У беларускай літаратуры іх прынята было расцэньваць як няўдалыя. Рабіў гэта нават Уладзімір Караткевіч. Але гісторык называе паходы Альгерда вельмі ўдалымі, бо ён не меў на мэце знішчыць Маскву, а паставіць яе на месца і ўратаваць свайго саюзніка — Цвярское княства. І гэтага ён дамогся.

У найноўшай гісторыі агрэсіўнымі дзеяннямі Беларусі ў 2021 годзе гісторык называе атаку межаў ЕС пры дапамозе мігрантаў і нагадвае, што вышэйшыя дзяржаўныя чыны Літвы, Латвіі і Польшчы назвалі яе «гібрыднай вайной».

«Вярнуўшыся з эміграцыі ў ВКЛ, Вітаўт пустошыў, паліў і рабаваў»

Сярэднявечныя войны былі бязлітаснымі. Іх сэнс быў у тым, каб напасці і спустошыць варожую тэрыторыю. Калі напады былі знянацку, то другі бок выстаўляў войска столькі, колькі паспяваў.

На працягу XIII стагоддзя войскі ВКЛ беспакарана рабавалі Польшчу, бо тая была раздробленая і не магла адказаць. Ні на адзін з дзясяткаў паходаў яны не адказалі. Рыцары ВКЛ выводзілі здольных да працы мужчын у палон. Тых, хто супраціўляўся, забівалі. Забіралі жанчын і дзяцей.

Адзін храніст у тыя часы пісаў, што палонная полька была настолькі звыклайя з'явай у Літве, што, калі па Нёмане неяк плыла крыжацкая ладдзя з разведчыкамі і пераапрануты ў жанчыну ліцвінскі воін пачаў крычаць па-польску: «Вызваліце мяне з няволі, я хрысьціянка», — рыцары паверылі і прысталі да берага. І іх усіх знішчылі.

«І мазавецкія князі бараніліся — былі разбітыя. І татары бараніліся — былі разбітыя, і маскоўскі князь спрабаваў бараніцца — і потым спалохаўся. Было рабаванне, гэта была звычайная тактыка. Нават Вітаўт, калі змагаўся за ўладу ў ВКЛ, прыходзіў з атрадамі тэўтонскіх рыцараў у Беларусь і Літву з эміграцыі, з Прусіі. І таксама пустошыў, паліў і рабаваў. Гэта была тактыка тагачаснай вайны», — гаворыць Краўцэвіч.

У 1654 годзе маскоўцы напалі на Амсціслаў, пачалася Трынаццацігадовая вайна. Горад ворагі захапілі пасля двухтыднёвай аблогі.

«Людзі, якія ўратаваліся, расказвалі, што вымагалі грошы: каб паказалі, дзе схавалі. Падымалі зрубы, клалі туды людзей і потым зрубы апускалі, а людзей душылі. У нас пра такія масавыя выпадкі я не чуў. Але несумненна, калі лісоўчыкі нападалі на нейкае паселішча, то яны таксама маглі катаваць, каб ім выдалі скарб. А тое, што рабавалі і палілі — гэта звычайная рэч. Тое самае было, калі ўрываліся ў Прусію. Таму што аснова дабрабыту любой дзяржавы ва ўсе часы — сялянская праца. Калі знішчыць палі, вывезці сялян, гэта будзе вялікі эканамічны ўрон дзяржаве».

«Падчас Грунвальдскай бітвы сяляне сядзелі на дубах і любаваліся боем»

Ваявалі ў сярэднявечных войнах баяры — то-бок прафесійныя рыцары. Сярэднявечнае грамадства было падзеленае на тры саслоўі: духоўныя, каторыя моляцца, рыцары, каторыя ваююць, і сяляне, каторыя працуюць. Таму сяляне ў Сярэднявеччы не ваявалі. Праўда, былі выключныя сітуацыі — як, напрыклад, расійская акупацыя ў XVI -XVIІ стагоддзі. Сяляне браліся за вілы і косы і разбівалі марадзёраў.

«Падчас Грунвальдскай бітвы біліся войскі, вырашаўся лёс Еўропы, а на дубах, якія рэдка былі раскіданыя каля поля бітвы, сядзелі сяляне і любаваліся, назіралі, як гэта адбываецца. Ваявалі рыцары, яны былі загартаванымі ў баях. Рыцар змагаўся, і за гэта яму шмат што даравалася. Іншы варыянт — гэта прынцып пагоні. Ягайла тлумачыў, што ў нас ёсць у народзе такі звычай, што пры нападзе крыжакоў або татараў, якія схапілі палон і вяртаюцца назад, запаволеныя ў руху, кожны мужчына, які насіў зброю, меў абавязак кінуцца ў пагоню і адбіць гэты палон».

Пачынаючы з XV стагоддзя, феадальнае рыцарства замяняецца ў Еўропе на наймітаў, на прафесійнае наёмнае войска.

Як Вітаўту далі па зубах

Самым вядомым выпадкам, калі войскам ВКЛ далі адпор падчас іх агрэсіі, стала Бітва на Ворскле ў 1399 годзе. Вітаўт сабраў вялікае войска: князёў, палякаў, рыцараў Тэўтонскага ордэна і падуладных татараў. І пайшоў браць пад уладную залежнасць татарскую прастору.

«Хан татарскага войска пачаў перамовы з Вітаўтам. Вітаўт сказаў: "Прызнайце маю ўладу і змясціце на сваёй манеце мой партрэт у знак таго, што вы мне падпарадкаваныя". Той цягнуў час, пакуль не прыйшла другая арда і ўжо колькасная перавага была на баку татараў. Вітаўта адгаворвалі атакаваць, але ён не паслухаў. І атрымаў па зубах, ледзь уратаваўся. Войска было аточанае, разбітае, Вітаўт уцякаў як мог. Загінулі дзясяткі рыцараў, князёў».

«Лепш дамовіцца, агрэсія была ў крайнім выпадку»

Але большасць войн былі ўсё ж абарончымі. Напрыклад, Старадубская вайна, абарона ад нападу Маскоўскай дзяржавы, вяртанне захопленых земляў. Паўтара стагоддзя змагання з Тэўтонскім ордэнам — і не толькі на сваёй тэрыторыі. Войскі ВКЛ хадзілі ў Прусію, даходзілі да Мальбарка, атакавалі Інфлянты.

Ці можна пасля ўсяго гэтага сцвярджаць, што беларусы мірныя людзі? Алесь Краўцэвіч лічыць, што так. Гэтаму беларусаў навучыла за сотні і тысячы гадоў жыццё на памежжы.

«Беларусы заўсёды жылі на памежжы суіснавання людзей розных этнасаў, канфесій, культур. І яны прызвычаіліся быць мірнымі і памяркоўнымі. Яны прывыклі дамаўляцца. А потым гэты генетычны код сцэментаваў Літоўскі статут. Таму законапаслухмянасць — гэта наш генетычны код. Усе жылі па адных законах, а тыя былі даволі справядлівыя. Беларусы неахвотна лезуць у бойку. Каб спакойна жыць, трэба было дамаўляцца, а не забіваць суседа, паважаць яго адметнасць. Лепш дамовіцца, агрэсія была ў крайнім выпадку», — кажа гісторык Алесь Краўцэвіч.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: