«Апошняя надзея». Як французскія танкі не ўратавалі Другую Рэч Паспалітую

Летам 1938 года на вайсковым палігоне «Лясны» пад Баранавічамі адбыліся маштабныя вучэнні польскага войска «Заняткі 32а».

Падчас іх польскія пяхотнікі і танкісты 3-га танкавага батальёна практыкавалі наступ пяхотнага батальёна, узмоцненага танкамі, на ўмацаваныя пазіцыі пяхоты. Выбар месца быў невыпадковы: зусім побач знаходзілася савецка-польская мяжа, і «Двуйка» валодала інфармацыяй, што бальшавікі рыхтуюць да будучай вайны значныя танкавыя сілы.

На гэтых стратэгічных вучэннях прысутнічалі і замежныя вайскоўцы, сярод якіх быў афіцэр танкавых войскаў Французскай Рэспублікі маёр Мішэль Малагуці. Гэтая акалічнасць не была выпадковай: па-першае, Францыя была адным з галоўных вайсковых хаўруснікаў Другой Рэчы Паспалітай, а па-другое, менавіта з берагоў Сены палякі чакалі пастаўкі сучаснай вайсковай тэхнікі — і найперш танкаў.

На вайсковых вучэннях. Бачны прадстаўнік Францыі


Ад крэдыту да справы — шлях далёкі

Яшчэ ў 1935 годзе Варшава ўпершыню загаварыла пра «вытворчасць новых лёгкіх танкаў “Рэно” для Польшчы». 6 верасня 1936 года ў замку Рамбуе пад Парыжам была падпісана польска-французская ўмова аб вылучэнні ўрадам Францыі крэдыту ў 2,6 мільярдаў франкаў для Польшчы на набыццё вайсковай тэхнікі і абсталявання. У сакавіку 1937 года Францыю наведала дэлегацыя польскіх ваенных інжынераў, якая павінна была «паглядзець» новы танк і абмеркаваць магчымасць яго даўзбраення польскай гарматай «Бафорс». На сустрэчы, якая адбылася 11 сакавіка, высветлілася, што вежа французскага танка занадта малая, каб размясціць там польскую гармату. Гэта паменшала польскі энтузіязм.

У адной са справаздачаў, зробленых пасля візіту ў Францыю, адзначалася: «Гэты танк можна выкарыстоўваць толькі для падтрымкі пяхоты. Ён не прыдатны для самастойных дзеянняў. Валодае абмежаванымі магчымасцямі барацьбы з танкавамі сродкамі праціўніка. [...] Аднак для суправаджэння пяхоты — гэта найлепшы танк у свеце». Ужо ў красавіку 1937 года Варшава ўсё ж прыняла рашэнне распачаць ліцэнзійную вытворчасць «Р-35» у Польшчы. Аднак справа не рухалася наперад, бо французы зацягнулі вылучэнне крэдытных сродкаў.

Польскія танкісты ля танка Р-35, 1939 г.

Пазней Польшча пачала звяртаць увагу на французскі танк «Сома S35», аднак французы палякам яго нават не далі агледзець. Урэшце, летам 1938 года Варшава зразумела, што з усяго спектру французскай вайсковай тэхнікі яна можа атрымаць толькі «R-35», пры гэтым абсталяваныя гарматамі ўзору 1918 года, знятымі з «ветэранаў» Першай сусветнай танкаў «FT 17» (пры гэтым для сябе французы на той момант ужо распрацавалі новую паўаўтаматычную 37-міліметровую гармату). Пры гэтым польскія вайскоўцы разумелі, што ва ўмовах новай вайны танк, які не мае добрага супрацьтанкавага ўзбраення, асуджаны на знішчэнне. У гэтай сітуацыі Варшава пачала шукаць іншыя магчымасці: у сакавіку 1939 года палякам удалося дамовіцца на ліцэнзійную вытворчасць чэхаславацкіх сярэдніх танкаў фірмы «Шкода». Але падпісанню кантракту перашкодзіў Вермахт, які 15 сакавіка ўвайшоў у Прагу.

Польскі кулямёт на вучэннях


Самотны батальён

Ужо 15 чэрвеня 1939 года ваенны аташэ Польшчы ў Парыжы палкоўнік Фыда інфармаваў Варшаву, што «генерал Гамелен (начальнік Генштаба французскага войска. — І.М.) вусна пацвердзіў гатоўнасць перадаць батальён танкаў «R-35» і некалькі «Гочкісаў». У Цэнтральным ваенным архіве Польшчы захоўваецца ліст другога намесніка міністра абароны Польшчы брыгаднага генерала Мацеёўскага на імя брыгаднага генерала Тадэвуша Касакоўскага ад 15 ліпеня 1939 года, у якім, у прыватнасці, адзначалася: «У сувязі з прызначэннем для нас матэрыяльнага крэдыту ў суме 430 мільёнаў французскіх франкаў [...] адзначаю, што пастулатам Галоўнага штабу ёсць набыццё 300 танкаў у прапанаваных французамі партыях (тып “Рэно”, “Гочкіс” і адзін узвод “Сома”)».

Варшава атрымала батальён французскіх лёгкіх танкаў, якія часткова паходзілі з 503-га танкавага палка французскага войска, а некаторыя машыны толькі сышлі з канвеера. У ліпені 1939 года «Рэно» і некалькі «Гочкісаў» у Дзюнкерку былі пагружаныя на польскі грузавы карабель «Левант». З порта ў Гдыні танкі накіравалі ў Варшаву (у польскай сталіцы пакінулі некалькі машын для вывучэння інжынерамі Войска Польскага. — І.М.). Галоўны штаб Войска Польскага вагаўся над тым, куды накіраваць каштоўны стратэгічны груз. Было прынята рашэнне размясціць «R-35» у Луцку, на тэрыторыі паўднёва-ўсходніх ваяводстваў Другой Рэчы Паспалітай.

Танкі «Рэно R-35»


Відавочна, выклікана гэта было жаданнем азнаёміцца з новай тэхнікай і падрыхтаваць польскіх танкістаў да «працы» на ёй. Пры гэтым, паводле польскага абарончага плану «Захад», тэрыторыі Заходніх Беларусі і Украіны лічыліся тылавымі раёнамі. Чаму новыя танкі не накіравалі, напрыклад, у Брэст, дзе быў танкавы батальён, цяпер сказаць цяжка. Як бы тое ні было, транзітам праз горад на Бугу французскія баявыя машыны 21 ліпеня 1939 года трапілі ў Луцк і былі залічаныя ў склад 12-га польскага танкавага батальёна пад камандаваннем маёра Ежы Луцкага.

Разам з танкамі ў Заходнюю Украіну прыехала і французская вайсковая дэлегацыя ў складзе маёра Мішэля Малагуці, лейтэнанта 507-га танкавага палка Гастона дэ Фрамэна, шэф-ад’ютанта 506-га танкавага палка Андрэ Альбера, ад’ютанта Эспрыт Тусан Куртуа і шэф-сяржанта Станісласа Бярнацкага. Кіраўнік французскай дэлегацыі ўжо згадваўся ў гэтым артыкуле — напярэдадні Другой сусветнай вайны гэты чалавек паспеў наведаць польскія вайсковыя манеўры ў Заходняй Беларусі, пазнаёміўся з польскімі бранятанкавымі сіламі і таму добра падыходзіў як кансультант для польскіх вайскоўцаў. Ужо 31 ліпеня 1939 года пачаліся тэарэтычныя і практычныя заняткі па асваенні новай тэхнікі. Варта адзначыць, што разам з тэхнікай з Францыі быў дастаўлены і боезапас. Так, сярод іншага, «R-35» мелі супрацьтанкавыя снарады ўзору 1935 года, у якіх знаходзіўся літы сталёвы стрыжань.

Танкі «Рэно R-35»

І ўсё ж такі вайна…

Як адзначае польскі даследчык Енджэй Корбал, падчас практычных заняткаў здараліся паломкі тэхнікі. Аднак гэта не спыняла працу па засвойванні палякамі новых танкаў. Тым больш, усе добра разумелі, што вайна вось-вось пачнецца. 22 жніўня 1939 года маёра Мішэля Малагуці тэрмінова адклікалі ў Парыж. 1 верасня Германія напала на Польшчу. У гэты момант польскае камандаванне ліквідавала 12-ты танкавы батальён і на яго базе стварыла 21-шы батальён лёгкіх танкаў (тры ўзводы па 13 танкаў і запасны ўзвод, які складаўся з 6 танкаў), а таксама шэраг іншых дробных падраздзяленняў.

Вайсковая частка трапіла ў рэзерв Галоўнага камандуючага і была размешчаная па вёсках вакол Луцка. 11 верасня 1939 года быў выданы загад аб транспарціроўцы французскіх танкаў у Львоў з пазнейшым уключэннем іх у склад 10-й кавалерыйскай брыгады Войска Польскага пад камандаваннем палкоўніка Станіслава Мачка. Не маючы магчымасці пагрузіць танкі на цягнік (не было адпаведных платформаў), французскія танкі паехалі ў Дубна сваім ходам. Там баявыя машыны пагрузілі на чыгуначныя платформы і накіравалі ў Жоўкву. У гэты час жаўнеры палкоўніка Мачка мужна змагаліся супраць немцаў і чакалі падтрымкі.


Эвакуацыя

«Танкі “R-35” на той момант былі вельмі сучаснымі французскімі машынамі, узброенымі 37-міліметровымі гарматамі. Яны былі павольнымі, але добра браніраванымі і цудоўна рухаліся на поле бою. Батальён складаўся з трох рот, і там было больш за трыццаць танкаў. З такой сілай мы ў попел знішчым праціўніка», — пісаў тады начальнік штаба 10-й брыгады маёр Францішак Скібінскі. Аднак немцы разбамбілі чыгуначныя шляхі ля станцыі Броды, і 15 верасня 1939 года батальён зноў сваім ходам паехаў у Львоў.

Пазней гэтую частку накіравалі ў Станіславаў, куды французскія танкі дабраліся 17 верасня 1939 года. У гэты дзень Чырвоная Армія перайшла савецка-польскую мяжу. Замест таго, каб ісці на дапамогу Львову, 21-шы танкавы батальён атрымаў загад эвакуявацца ў Румынію ці Венгрыю. 18 верасня французскія танкі былі ў Каламыі, адкуль яны накіраваліся непасрэдна на мяжу.

«На жаль, батальён не адыграў у вайне ніякай ролі. Ён ніводнага разу не пабыў у баі, а загады Галоўнага камандавання, якія накіравалі яго з-пад Львова ў Станіславаў і далей у Румынію, амаль з лініі фронту, напоўнілі сэрца жаўнераў горыччу, незадавальненнем і адсутнасцю веры ў камандаванне», — адзначаў ва ўспамінах маёр Луцкі.

Шэсць танкаў «R-35» працягвалі ахоўваць чыгуначны мост ля Ніжнёва пад Станіславам. Яны атрымалі загад далучыцца да батальёна. Таксама на мяжы засталася група танкаў пад камандаваннем паручніка Марыяна Фіялкоўскага, які з боем супраць прасавецкіх актывістаў прабіўся праз Каламыю па дарозе збіраючы адзінкі Войска Польскага. Ля Снятыня «французы» сустрэлі «амерыканцаў». Польскі ўзвод наткнуўся на перадавое падраздзяленне савецкіх танкістаў, якое складалася з танкаў БТ (мадэль танка распрацаваў амерыканскі інжынер Джон Крысці. — І.М.). Аднак абышлося без бою (савецкія танкі былі ў адлегласці 1,5 кіламетры ад польскіх. — І.М.) і 18 верасня 1939 года чатыры танкі паручніка Фіялкоўскага пераехалі польска-румынскую мяжу. Яшчэ пяць польскіх танкаў «R-35» эвакуяваліся ў Венгрыю.

Усяго ў Румыніі аказалася 34 танкі «R-35» польскага паходжання, якія ў Старажынцы пагрузілі на чыгуначныя платформы і накіравалі ў Таргавіштэ, дзе знаходзіўся 2-гі танкавы полк румынскіх войскаў. Французскі лейтэнант Фромэ таксама эвакуяваўся ў Румынію. Наступныя некалькі тыдняў ён вучыў румынскіх танкістаў, як карыстацца новай тэхнікай. 4 кастрычніка 1939 года гаспадарамі польскіх танкаў сталі румыны. Пратакол аб іх перадачы ў дэпазіт падпісаў маёр Луцкі.

Польскія танкісты ў Венгрыі, верасень 1935 года


Абараніць гонар

Разам з 21-м батальёнам у Луцку фарміравалася танкавая рота пад камандаваннем паручніка Юзафа Якубовіча, якая павінна была стаць асновай для другога батальёна танкаў «R-35», што павінны былі прыбыць у Польшчу праз Румынію ў пачатку вайны (пасля 17 верасня 1939 года транспарт з танкамі, які ішоў у порт Канстанца, быў накіраваны ў Ліван. — І.М.). У склад роты ўваходзілі тры танкі «Гочкіс» і чатыры «Рэно». 17 верасня 1939 года гэтае падраз­дзяленне накіравалася ў Львоў. Ля мястэчка Краснае польская танкавая калона сутыкнулася з савецкімі танкамі. У выніку — нічыя: бакі страцілі па адной знішчанай машыне. Тады загінуў падхарунжы Вітальд Петрашэўскі. Танкавая рота паручніка Якубовіча пачала адыход на захад, падчас якога згубіла яшчэ два танкі. Пазней гэтая танкавая група падтрымала пяхоту ў баі супраць нямецкай 44-й пяхотнай дывізіі. Тады палякам удалося ўзяць у палон вялікую колькасць гітлераўцаў. Па сутнасці, у гэтым баі «R-35» паказалі ўсё, на што былі здольныя, і выйшлі з бітвы пераможцамі. Няхуткія машыны далі магчымасць польскай пяхоце падысці да нямецкіх пазіцый і выбіць ворага. Дзеля таго і ствараўся гэты танк.

У наступных баях палякі страцілі яшчэ адзін танк, пры гэтым знішчыўшы адну баявую машыну непрыяцеля. 22 верасня 1939 года танкавая група паручніка Якубоўскага ўступіла ў бой з савецкімі танкамі са складу 36-й танкавай брыгады РСЧА. У ім бальшавікі знішчылі адзін польскі танк. Апошні польскі танк быў знішчаны 24 верасня 1939 года ў чарговым баі супраць бальшавікоў (па адной з версій, быў кінуты без паліва. — І.М.). Пазней танкі Якубоўскага вывучалі савецкія інжынеры ў Кубінцы.


«Французы» супраць Гудэрыяна

Тады, у верасні 1939 года, шмат залежала нават не ад ведаў стратэгіі і тактыкі, а ад банальнай мужнасці і гераізму. Канешне, батальён танкаў не мог зрабіць карэнны пералом у Вераснёўскай кампаніі 1939 года, аднак выкарыстанне «R-35» як ударнага кулака магло дапамагчы польскім войскам выратаваць палажэнне хаця б на адным з участкаў фронту. Такі прыклад ёсць, і ён таксама звязаны з французскімі танкамі. Гаворка ідзе пра старыя «Рэно ФТ-17», якія, нягледзячы на маральную састарэласць, аказалі супраціў нацыстам падчас абароны Брэсцкай крэпасці ў верасні 1939 года.

На момант нападу Германіі на Польшчу апошняя мела каля 70 такіх машын, і 32 з іх выкарыстоўваліся як баявыя дрызіны. У склад 2-га танкавага батальёна ўваходзілі 111-я, 112-я (камандзір — паручнік Вацлаў Стаклос) і 113-я (камандзір — паручнік Ежы Астроўскі) роты ціхаходных танкаў (па 15–16 машын у роце). У верасні 1939 года першая з іх змагалася пад Лукавам, а дзве другія былі накіраваныя ў Брэст-на-Бугу, дзе ўзмацнілі сілы абаронцаў Брэсцкай крэпасці. 14 верасня 1939 года авангард нямецкага 8-га танкавага палка 10-й танкавай дывізіі пры падтрымцы артылерыйскага агню пайшоў у атаку на абаронцаў Кобрынскага ўмацавання. Немцаў сустрэлі стрэлы польскіх супрацьтанкавых стрэльбаў, а таксама гарматы танкаў 112-й роты. Пасля абеду некалькі дзясяткаў нямецкіх танкаў пайшлі ў атаку, аднак іх сустрэлі танкі «Рэно ФТ-17», якія знаходзіліся на поўначы ад крэпасці.


Па-сутнасці, тут адбылася «Фермапільская бітва», калі адзін бок валодаў сучаснай вайсковай тэхнікай і лічбавай перавагай, а другі — маральна і фізічна састарэлымі баявымі машынамі, але вялікім жаданнем «біць гэтых сучыных сыноў» (так, паводле ўспамінаў польскіх камандзіраў, крычалі беларусы-жаўнеры 20-й пяхотнай дывізіі Войска Польскага, ідучы ў атаку на немцаў у бітве пад Млавай у першыя дні Другой сусветнай вайны. — І.М.). У выніку немцы вымушаныя былі адступіць. Аднак 12 польскіх танкаў было знішчана, і 113-я танкавая рота фактычна перастала існаваць.

А калі б замест старых «эфтэшак» насустрач немцам выехалі «R-35»? Апошнія мелі тую ж самую старую гармату, былі не вельмі хуткімі, але мелі браню таўшчынёй у 40 міліметраў — пры тым, што браня найбольш распаўсюджанага тады нямецкага танка PzKpfw II была ўсяго 14,5 міліметра. Тая бітва магла ператварыцца ў збіццё немцаў. Але гонар «Рэно» і польскай зброі давялося абараняць машынам, якія па ўсіх паказчыках саступалі нямецкай танкавай зброі. Разам з гэтым варта адзначыць, што перамогу атрымліваюць не машыны, а людзі. І лакальным пераможцам у тым баі былі мужныя польскія танкісты. Тры машыны, якія засталіся ў складзе 113-й роты, адышлі ў крэпасць.

Танкі Рэно ў адной з брам Брэсцкай крэпасці


Баі ў брамах

Абаронцы Брэсцкай крэпасці выкарысталі «Рэно ФТ-17» у якасці нерухомых агнявых кропак, а таксама заблакавалі імі ўязныя брамы. 16 верасня 1939 года немцы распачалі генеральны штурм, які польскім абаронцам удалося адбіць. Аднак 17 верасня было прынята рашэнне адступаць з крэпасці. Вырвацца з цытадэлі спрабавалі і старыя «Рэно», аднак у Тэрэспалі польскія падраздзяленні трапілі ў нямецкую засаду. Тады, відавочна, акрамя польскіх жаўнераў загінулі і «эфтэшкі».

Пасля адступлення з Брэста камандуючы абаронай Брэсцкай крэпасці брыгадны генерал «доўбарчык» Канстанцін Плісоўскі быў апошнім камандзірам Навагрудскай кавалерыйскай брыгады. Падчас спробы прарвацца ў Венгрыю ён трапіў у бальшавіцкі палон і ўвесну 1940 года быў расстраляны ў будынку ўпраўлення НКУС Харкава. Камандзір польскага 21-га танкавага батальёна, у складзе якога былі новенькія «R-35», маёр Ежы Луцкі эвакуяваўся з жонкай у Румынію, а адтуль — у Парыж. Палкоўнік Мачак аддаў яго пад вайсковы трыбунал, які, аднак, апраўдаў няўдалага танкіста. Французскі маёр Мішэль Малагуці ваяваў у войску Шарля дэ Голя і даслужыўся да звання генерала.

Польскі арол на Холмскіх варотах Брэсцкай крэпасці

Сёння ў Брэсцкай крэпасці існуе шмат савецкіх помнікаў. Аднак там варта было б паставіць і адзін несавецкі. Сімвалам мужнай абароны крэпасці польскімі жаўнерамі ў верасні 1939 года (сярод якіх было і шмат беларусаў. — І.М.) мог бы стаць танк «Рэно ФТ-17», які да канца выканаў сваю службу і дапамог абараніць гонар жаўнераў у рагатыўках.

Фота з уласнага архіва Ігара Мельнікава



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: