Апошняя вандроўка Ганны Доўгерт

Беларуская рэвалюцыя (ці контррэвалюцыя) у 1921 годзе сышла ў падполле, змяніліся формы барацьбы з савецкай уладай. Сталіцу накрыла шпіёнская паводка. На мінскіх вуліцах павольна пачуваліся агенты з-за мяжы, нават пазнавалі адзін аднаго пры сустрэчах.


Даволі паспяхова працавала выведка «Зялёнага Дуба». Укараненне ў савецкія/антысавецкія арганізацыі (аддзелы), узначаленне іх і маніпуляванне дзейнасцю — такі метад удала выкарыстоўваўся ўсімі бакамі для знішчэння ворага. Памежныя тэрыторыі Беларусі былі ў цэнтры ўвагі як антысавецкіх замежных гульцоў, так і падначаленых Дзяржынскага.

Савінкаўская агентура

З лёгкай рукі спрактыкаванага палітыка і тэрарыста Савінкава пачыналася ўсё някепска. Разгалінаваная сетка ячэек яго Народнага саюза абароны Радзімы і свабоды (НСАРіС) ахапіла Мінскую і ўсходнія губерні Беларусі. Савінкаўская агентура прасачылася ў савецкія вайсковыя і выканаўчыя ўладныя ўстановы. Савінкаў і яго саюзнікі распрацавалі нават план агульнага паўстання з мэтай захопу ўлады ў Беларусі як калідора прасоўвання на расійскія сталіцы — і паспрабавалі яго здзейсніць напрыканцы лета 1921-га. Але праект праваліўся, добра спрацавала чэкісцкая агентура, «краты» падкапалі і абрынулі ўсю сетку падпольных камітэтаў.

Блізкі сябра Савінкава, паплечнік па арганізацыі тэрорных акцый (нават замах на Леніна рабіў) Жорж Сямёнаў быў перавербаваны ведамствам Дзяржынскага. У Мінску, Ігумене, Слуцку, Гомелі, нават у Капаткевічах і шмат дзе яшчэ рыхтаваліся да паўстання, чакалі сігналу з Варшавы, дзе знаходзіўся галоўны штаб Савінкава. Але час «Х» не настаў. Планы паўстанцаў, імёны кіраўнікоў, спісы ўдзельнікаў Сямёнаў перадаваў у Маскву.
Маштаб падрыхтоўкі паўстання, мабілізацыя вялікай колькасці людзей і сёння ўражвае, як і здзіўляе мізэрны вынік акцыі. Пасля арышту Савінкава яго былыя сябры і паплечнікі назвалі гэтага няўдалага палітыка «чалавекам фразы і позы», які бяздарна распарадзіўся каласальнымі фінансавымі і людскімі рэсурсамі.

Дзяўчына з Маладзечна

А вось дзеянні сціплай беларускай дзяўчынкі, імя якой засталося толькі ў аналах спецслужб, заслугоўваюць пашаны і добрай памяці. У сваю апошнюю вандроўку Ганна Доўгерт (Доўгерд) выправілася 100 гадоў таму, у спякотны дзень лета 1921 года. 17 жніўня яна пакінула Маладзечна і накіравалася ў Мінск.

Маладзечна па тых часах быў важным стратэгічным пунктам беларускай дыверсійнай арганізацыі «Зялёны Дуб» (поўная назва — «Беларуская сялянская партыя Зялёнага Дуба», далей «ЗД»). Тут месціўся штаб на чале з яго кіраўніком Уладзімірам Ксеневічам (баявая мянушка — Грач). Сюды з баявых паходаў вяртаўся сам атаман «ЗД» Вячаслаў Адамовіч — Дзяргач. Наездамі з’яўляліся «незалежныя» атаманы, імёны якіх былі вядомыя па абодва бакі мяжы. Накшталт Цімохі Хвядашчэні, права за якім на усебеларускую славу прызнавала нават упраўленне выведкі Заходняга фронту Чырвонай Арміі. Частымі гасцямі ў штабе былі і саюзнікі «ЗД», прадстаўнікі «Народнага саюза абароны радзімы і свабоды». Арганізацыя Савінкава спрабавала мабілізаваць незадаволенае саветамі сялянства на агульнае паўстанне.

Жыццяпіс Ганны Доўгерд да 90-х гадоў мінулага стагоддзя хаваўся ў стосах крымінальных спраў розных спецсховішчаў, і дастаць яго адтуль было вельмі няпроста. Дакумент па справе «Прыгажуні» (мянушка Ганны па агентурнай распрацоўцы) — так званая агентурная запіска за подпісам О.К.З. — даволі падрабязна намаляваў недалёкае мінулае разведчыцы і яе маральнае аблічча. «Прыгажуня» прыбыла ў Мінск непасрэдна ад Савінкава — той яе ведаў асабіста.

Пры Керанскім дзяўчына жыла ў Кіеве, дзе пасля кастрычніцкага перавароту яе бацьку і брата расстралялі бальшавікі. Пасля гэтага яна ўцякла, працавала ў падполлі, пры ўзнікненні ва Украіне махноўшчыны служыла ў атрадзе Змітра Сакалоўскага (дарэчы, пасля яго гібелі аддзел узначаліла яго сястра), потым перайшла ў армію Пятлюры. Была інтэрнаваная ў Польшчу, працяглы час пакутавала без прытулку, а потым паступіла на службу да Савінкава і ў «Зялёны Дуб».

Гераіня чапляе не толькі сваёй маладосцю (20 гадоў) і прыгажосцю, але і больш сур’ёзнымі рэчамі: выбарам каштоўнасных арыенціраў і, як сёння б сказалі, высокім узроўнем выканання свайго прафесійнага і грамадзянскага абавязку. Разам са сваім заручоным Вячкам Адамовічам, вядомым атаманам антысавецкай партызанкі Дзергачом, марыла пра вольную незалежную Беларусь. Яе ахвярнасць у немалой ступені грунтавалася на каханні, — гэта часта бывае ў жыцці жанчыны, якая ў палітыку прыходзіць услед за сваім каханым.

Крымінальная справа Доўгерт інфармуе, што яна — «дэмакратка» па палітычных перавагах (сама так заявіла падчас допыту), па прафесіі — агент выведкі. У апошніх характарыстыках крыецца прычына такой доўгай непрысутнасці ў беларускай гісторыі. Жыццёвая актыўнасць Ганначкі віравала ў рэчышчы антысавецкага партызанскага, «зялёнага руху», дакладней сказаць — вайны з лесу.

Апошні шлях партызанкі акуратна адсачылі чэкісты, а следчы ВЧК Ігнацый Антонавіч (Іцка Янкелевіч — сапр.) Візнер падрабязна занёс у крымінальную справу, якую ў 1990-я гады з’явілася магчымасць прачытаць.

Галоўны штаб «ЗД» займаў пакой у гатэлі «Вільня», сціплай начлежцы па адрасе Віленская, 23 (цяпер — раён старой часткі Маладзечна). Да новай дзяржаўнай мяжы — невялікая адлегласць. У кірунку Савецкай Беларусі па абодва бакі дарогі, па якой спяшалася Ганна з новым заданнем, напагатоў да узброеных нападаў стаялі атрады: у Красным (станцыя Уша) — аддзел Дзергача, у Дубрава — Антонія Касінскага (Юлія Пушкевіча), у Мігаўцы, маёнтку вядомага палітыка Уласава — каля 300 баевікоў.

Мяжу Ганна перайшла з дакументамі на імя Марыі Зайцавай у вёсачцы Крычкі. На той час гэта месца блізу станцыі Радашковічы (вёска Пятрышкі) у маладзечанскім кірунку было вельмі папулярным (як і знакаміты Ракаў) «акном» для рознага кшталту агентаў, кантрабандыстаў, спекулянтаў, гандляроў. Пад Радашковічамі яе сустрэў чалавек, які, імаверна, і здаў яе ЧК.

Адрасы ў Мінску, якімі забяспечыў сваю каханку Маню Зайцаву Дзяргач, складаюць мапу тагачаснага, так бы мовіць, Мінска-нацыянальнага, беларускага. Дамы і кватэры, куды заходзіла дзяўчына, належалі людзям, арыентаваным у сваёй дзейнасці, культурніцкай і палітычнай на беларускую справу. Паралельна існаваў і другі Мінск — горад чэкістаў, здраднікаў, агентаў, у павуцінне якіх яна і патрапіла.

У першы дзень Ганначка зайшла да Уладзіміра Тэраўскага на вуліцу Шпітальную. Гэта імя знакавае ў беларускай культуры: кіраўнік Беларускай капэлы і хору пры Старажоўскай царкве, выкладчык Беларускага педагагічнага інстытута, сябра Часовага Беларускага нацыянальнага камітэта, адзін з заснавальнікаў Таварыства беларускага мастацтва. Поўныя тэатральныя залы збіралі спектаклі, якія музычна аздабляў Тэраўскі. У энцыклапедычных даведніках наўрад ці знойдзецца згадка пра яго ўдзел у зяленадубскіх справах. Арышт 2 верасня 1921 года і прысуд да смяротнага пакарання потым клопатамі сваякоў і нацыянал-камуністаў Чарвякова і Ігнатоўскага быў змененыя на пяць гадоў катаржнай Смаленскай турмы. Эпізод сустрэчы з разведчыцай зноў згадалі чэкісты падчас арышту кампазітара ў 1938-м, годзе татальнай сталінскай чысткі.
Уладзімір Тэраўскі

Уладзімір Тэраўскі

Свой чалавек чэкіст Банга

Са знакамітым музыкантам Ганна пазнаёмілася ў чэрвені 1921 года. Як сведчыць пратакол допыту Уладзіміра Тэраўскага (крымінальная справа 1938 г.) сустрэча з Маняй Зайцавай (так прадставілася яму Ганна) адбылася на Старажоўскіх могілках каля Перэспенскай царквы. Падчас пахавання адной з харыстак Маня перадала Тэраўскаму прывітальную запіску ад стрыечнага брата з Наваградку. Брат прасіў аказваць дзяўчыне магчымае садзейнічанне ў яе справе. Ужо на кватэры кампазітара Маня, разглядаючы фотаздымкі, пазнала сярод харыстаў Тэраўскага свайго Вячку (Дзергача), а таксама ад’ютанта штаба «ЗД» Міколу Крывашэіна (баявая мянушка — Корч). Дарэчы, амаль усе, хто меў дачыненне да справы «шпіёнскай групы ў Мінску», так ці інакш былі звязаныя з хорам Тэраўскага і беларускім тэатрам — «Мастацтвам». Культура перадусім!


Шлях з харавой групы да арганізацыі баевікоў, як сведчыць гэты прыклад, быў вельмі кароткім. На гэты раз Уладзімір Васільевіч паведаміў госці пра «Беларускую справу» (так у тэксце пратаколу допыту). Актыўнасць, у асноўным, палягала ў галіне культуры і мовы. Але ў Тэраўскага падчас вобыску знайшлі рэвальвер «бульдог».
Тэраўскі накіраваў Ганну да свайго памочніка і суседа Кубара, які жыў у 2-м Шпітальным завулку. Там дзяўчына заначавала.

Уладзімір Мікалаевіч Кубар — яшчэ адно імя беларускай культуры, забытае не па заслугах. У 1919 годзе ён далучыўся да капэлы Тэраўскага, з гэтага часу быў шчырым і актыўным памочнікам кіраўніка хору. Пасябраваў з Дзергачом і Мікалаем Крывашэіным, якія служылі ў тэатры і капэле. Знаёмства з імі таксама абцяжарыла лес Кубара і яго сямейных. Уладзімір Кубар быў адным з 4-х асуджаных па гэтай справе да смяротнага пакарання.

Раніцай 18 жніўня, пакінуўшы кватэру ветлівых Надзеі Акімаўны і Уладзіміра Мікалаевіча Кубараў, разведчыца накіравалася да яшчэ аднаго знакавага ў тых падзеях і, галоўнае, у яе планах фігуранта. Той, каму пашчасціла патрымаць міністэрскі партфель у першым урадзе Савецкай Беларусі, больш вядомы як арганізатар беларускага тэатра і артыст Усевалад Сцяпанавіч Фальскі, пражываў на вуліцы Вясёлай (раён сучаснай Першамайскай). Фальскі доўга распытваў госцю пра «ЗД» і мэты арганізацыі, згадваў добра знаёмага па сумесных пастаноўках у тэатры Дзяргача, цікавіўся яго дзейнасцю. На што Ганначка адказвала, што апошні заняты «фарміраваннем атрадаў, жадае аднавіць незалежнасць Беларусі».

На допыце ў ЧК Фальскі пацвердзіць, што знаёмы з Дзяргачом. Ад яго атрымліваў лісты. Распавядзе, што той «быў аўтарам некаторых п’ес, падпісваўся псеўданімам Дзяргач. Палякі знялі з рэпертуару некалькі яго твораў», — згадаў Фальскі колішнюю апазіцыйнасць польскай уладзе свайго калегі». Не падабаўся гаспадару дома хаўрус зяленадубцаў з польскім генштабам. Але госця патлумачыла, што «ЗД» мае свае, таемныя ад палякаў мэты.

Фальскі сабраў для Ганны падборку савецкіх газет, якія былі каштоўнай інфармацыяй для разведкі. 3 верасня 1921 года Фальскі быў арыштаваны, палітыка напаткаў сумны лёс — ён, як і Тэраўскі, быў асуджаны на расстрэл, потым памілаваны, але ў Беларусь больш не вярнуўся.

Служачая ваеннага тэлеграфа, а потым і Штаба Мінскага раёна, — органа, які адмыслова ў чэрвені 1921 года быў створаны для барацьбы з «палітычным бандытызмам» у Беларусі — Ганна Бруевіч (аператыўная мянушка «Артыстка») была галоўным адрасатам нашай гераіні. Да яе на вуліцу Юр’еўскую Доўгерт абавязкова заходзіла за свежымі навінамі і апошнімі дакументамі.

На Старажоўцы жылі маці і брат зялёнадубца Мікалая Крывашэіна — Карча, якія былі вельмі радыя атрымаць звесткі пра свайго малодшага і падарунак, багаты па тых часах, — скураныя боты. Гасціннасцю Крывашэіных часцяком карысталася Ганна. Яны ведалі яе як Маню Зайцаву. Георгій, які меў доступ да армейскіх матэрыялаў, дапамагаў таксама ў зборы інфармацыі, што мела непапраўныя наступствы і каштавалі жыцця 27-гадоваму хлопцу.

Дом Адамовічаў, дзе жыў яе заручоны Вячка з бацькамі да прыходу саветаў, абмінуць Ганна ніяк не магла. Маючы даручэнне Дзергача, у адзін са сваіх візітаў у савецкі Мінск Ганна дасталася і да сваяка свайго каханага. Будынак №21 на Міхайлаўскай займаў з дазволу родзічаў вядомы ў Мінску доктар-псіхіятр Сямён Іванавіч Валачковіч. Яго таксама зачэпіць зяленадубская справа. Доктар быў асуджаны на два гады папраўчых работ у канцэнтрацыйным лагеры «з вывадам на месца працы… у працоўную калонію для псіхічна хворых».

У шырокай геаграфіі рухавай дзяўчыны згадваецца і тагачасны адрас ЧК Беларусі на Петрапаўлаўскай (сучасная вуліца Энгельса). Упэўненая, што чэкіст Банга — «свой чалавек», Ганна заходзіла ў будынак, асабліва не хаваючыся. Назіральная служба ЧК дала яму мянушку «Чорны». Без страху наведвала яна і кватэру прыгожага брунета. Менавіта з ім разведчыца сустракалася перад самым арыштам. 26 жніўня чэкіст Чорны і Ганна сустрэліся за Конным пляцам каля «Беларускай хаткі». Сустрэча адбылася амаль уначы, а палове на 12-ю. Філеры, якія на месцы ўжо чакалі гэту пару з 11-й гадзіны, заўважылі, што Чорны пакінуў пару белых коняў і ардынарца на Сянной плошчы, пехам пайшоў у напрамку прызначанага месца. Чорны перадаў Ганне план Мінска і патрабаваў аплату за інфармацыю. За баявыя загады па Заходнім фронце, якія пажадала атрымаць разведчыца, ён запрасіў яшчэ 50 мікалаеўскіх пяцісоценак.

Раніцай 29-га жніўня Марыя Зайцава, як засведчыў даклад аператыўніка сакрэтнага адзела, з Дачнікам (такую мянушку чэкісты далі Георгію Крывашэіну) накіраваліся да Траецкай плошчы, каля былога земскага шпіталю развіталіся. Ганна пакінула горад, і толькі праз 18 вёрст здагадалася, што за ёй увесь час сочаць. Яе арыштавалі. Агентурныя матэрыялы былі перададзены следчаму Візнеру.

У ноч на 19 кастрычніка Марыя Зайцава — Ганна Доўгерт разам з другой Ганнай — Бруевіч — былі расстраляныя.

Шпіён, выйдзі вон!

Вядома, што выдаў разведчыцу ЧК чалавек, блізкі да кіраўніцтва савінкаўскай арганізацыі ў Варшаве, завербаваны савецкімі чэкістамі. Яго мянушка была «Арцыбашаў». Яго Ганна сустрэла ў Радашковічах падчас пераходу мяжы ў той лёсавызначальны для яе ліпеньскі дзень 1921 года.

Большая частка грандыёзнага спектакля «Трэст» (Сіндыкат-2, «Крот» і інш.) адбылася на беларускай сцэне. Аднак «акцёрскія трыумфы» беларускіх чэкістаў мала вядомыя, хаця свае ролі ў аперацыі яны выканалі на выдатна: гулялі ў савінкаўцаў і мясцовых актывістаў — «ліберальных дэмакратаў», прадстаўлялі «сваіх людзей» у памежных службах і нават у падраздзяленнях ЧК-ГПУ.

У доўгім працэсе даследавання гэтай шпіёнскай гісторыі намаляваліся некалькі версій ідэнтыфікацыі таго самага мужчыны, сустрэча з якім так трагічна скончылася для Ганны. Першая з іх не выключае знакамітага авантурыста, памочніка Савінкава, перабежчыка Аперпута (Селянінава, Стауніца і гэтак далей). Ён быў арыштаваны ў чэрвені (па другіх даных — у траўні) 1921 года ў Мінску на кватэры Пятра Яўнзема, бацькі знакамітай спявачкі Ірмы Яўнзем, па Каломенскаму завулку, але, як сцвярджаюць крыніцы, ён у гэты час знаходзіўся на Лубянцы.

Яшчэ адзін «крот» па чэкісткай мянушцы Пётр, які «ўпісаў яркую старонку ў гісторыю знешняй выведкі СССР», глыбока, да знішчэння, «падкапаў» камітэт НСАРС у Магілёве. Менавіта ён шчыраваў тры папярэднія гады ў замежжы. Станіслаў Глінскі (ён жа Смірноў) — польскі камуніст, з канца 1920-га быў прызначаны Масквою памочнікам начальніка па агентурнай рабоце Асобага аддзела 16-й арміі. Тут трэба патлумачыць, менавіта 16-я армія выконвала функцыі галоўнага рэпрэсіўнага органа на тэрыторыі Заходняга фронту, змагалася з антысавецкім паўстанцтвам. 29 жніўня 1921 года (звярніце ўвагу на дату! Якраз перад масавымі арыштамі ў Мінску, якія пачаліся 3 верасня) Глінскі быў узнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга за №49 за удзел у паспяховай аперацыі па ліквідацыі «савінкаўскіх тэрарыстаў» і адначасова прызначаны начальнікам Асобага аддзялення пры Беларускай ЧК.
Глінскі

Глінскі

У кіраўніцтве Саюза Савінкава і «ЗД» ведалі Станіслава Марцінавіча (пад якім прозвішчам не вядома) як чальца падпольнай антысавецкай арганізацыі «Ліберальныя дэмакраты». Вядома, што гэты «ліберальны дэмакрат» у раёне Слуцка сустракаўся з прадстаўніком генерала Булак-Балаховіча для абмеркавання планаў арганізацыі антысавецкага паўстання ў Беларусі і захопу Мінска ў жніўні 1921 года. Больш за тое, чэкіст выконваў ролю кантралёра ўзброеных сіл «ЗД» і Народнага Саюза, карыстаючыся перахопленымі яўкамі і паролямі, інспектаваў (!) партызанскія аддзелы. Верагоднасць, што менавіта з ім дзяўчына гуляла па Мінску і абмяркоўвала задачы падрыхтоўкі ўзброенай акцыі, вельмі вялікая. Глінскі — варшавяк па паходжанні, а ў тыя гады вельмі папулярным у дэмакратычным асяродку замежжа быў рускі пісьменнік Арцыбашаў, аўтар спачатку эратычных раманаў, а потым вострапалітычных антысавецкіх артыкулаў у газеце Савінкава «За свободу». Псеўданім мог спадабацца агенту з прэтэнзіямі на інтэлігентнасць і еўрапейскі шык.

Пасля ліквідацыі мінскага падполля Глінскі ўжо ў якасці начальніка Заслаўскага Асобага памежаддзялення працягнуў аператыўную гульню з савінкаўцамі — уключна да арышту Барыса Савінкава.

Як толькі на Лубянцы зразумелі маштабы небяспекі ў Мінску, у беларускую сталіцу зляцеліся чэкісцскія цяжкавагавікі. У Мінскім ЧК з’явіліся пасланцы з Лубянкі Ігнацый Візнер і Віктар Банга. Абодва ў гэты перыяд выконвалі абавязкі асобых упаўнаважаных ВЧК. Візнер, следчы па справе савінкаўцаў і зялёнадубцаў, вядомы ў гісторыі спецслужб як следчы па справах кранштадскіх паўстанцаў, «Петраградскай баявой арганізацыі У.М. Таганцава» (справа насамрэч была сфабрыкаваная). Ён адправіў на смерць паэта Гумілёва. Карнік не дажыў да 40 гадоў, па невядомай прычыне памёр у 1923 годзе, але ж набыў вядомасць тым, што не шкадаваў смяротных прысудаў.
Візнер і Дзяржынскі

Візнер і Дзяржынскі

Віктар Отавіч Банга граў ролю актыўнага савінкаўца, які быццам пратачыўся ў кіраўніцтва Мінскай ЧК. Раней ён служыў у аператыўным аддзеле штаба 3-га кавалерыйскага корпуса, які фармаваўся ў Полацку ўлетку 1920 года пад кіраўніцтвам легенды Грамадзянскай вайны Гая. А ў 1921-м Банга вярнуўся ў Мінск супрацоўнікам па асобых даручэннях Асобага адзела ВЧК. Нават калі Ганну затрымалі чэкісты, яна спаслалася на знаёмства з Банга, настолькі ён быў пераканаўчым: «…за мяне могуць паручыцца… адзін чэкіст, прозвішча яго Банга, добры чалавек, актыўны, многа карысці зрабіў савецкай уладзе, непакалебімы, нават ордэн Чырвонага Сцяга атрымаў за барацьбу з бандытызмам». Магчыма, дзяўчына і віншавала «савінкаўца» з атрыманнем узнагароды. З аператыўных матэрыялаў вынікае, што з Банга Ганну пазнаёміў нехта Паўловіч. Сапраўды, ён фігуруе ў матэрыялах следства, але ў спісах падсудных па гэтай справе яго імя адсутнічае. Зайсці да Паўловіча параіў дзяўчыне Дзяргач, знаёмы з ім раней, трэба думаць, як з адным з актыўных дзеячаў тагачаснай культурнай тусоўкі.

З крымінальнай справы ўжо самога Віктара Отавіча 1938 года (адплата прыйшла праз 17 гадоў) вынікае, што ў камуністычную партыю ён трапіў па пратэкцыі земляка, латыша Вільгельма Кнорына, на той момант сакратара Мінскага савета. А да таго, як пачалася яго бальшавіцкая біяграфія, служыў у паліцыі. Можа, таму ён меў такі давер у падпольшчыкаў? Банга на допыце ў 1938-м прызнаўся ў сваёй шпіёнскай дзейнасці, што падчас нямецкай акупацыі ён быў завербаваны як агент разведкі пад мянушкай «Брудэр» («Брат»).

Разам з Глінскім ён быў узнагароджаны ордэнам Чырвонага сцяга і баявой зброяй за ліквідацыю мінскага падполля. Банга затрымаўся ў Беларусі як мінімум яшчэ на тры гады на незаўважнай пасадзе начальніка памежнага аддзела ў Цімкавічах. І ўвогуле, гэтая гісторыя не дадала славы ні Візнеру, ні Банга, ні Глінскаму. Апошні таксама загінуў у 1930-я. І памяць пра чэкістаў была таксама сцёртая, як і пра нашу гераіню, імя якой загучала толькі напрыканцы 1990-х.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: