Арышт — лагер, арышт — расстрэл

Лёс Антона Кашко, беларуса, які служыў у арміі Калчака, — і тыповы, і асаблівы адначасова. Пастановай тройкі НКУС БССР ад 9 жніўня 1937 года Антон Кашко быў асуджаны на расстрэл, і 22 жніўня 1937 года яго расстралялі. Месца расстрэлу невядомае.


Вясковае жыццё, вайна, Белая армія
Вёска Боцкавічы Дзятлаўскага раёна ў першай палове ХХ стагоддзя ўваходзіла ў склад Слонімскага павета. У 1897 годзе ў вёсцы пражывалі 473 жыхары, а напачатку Першай сусветнай вайны — крыху больш за 500 жыхароў.

Жылі ў вёсцы і сем’і з прозвішчам Кашко. Звычайныя беларускія сем’і, якія з ранку да вечара працавалі на зямлі, каб было з чаго жыць і гадаваць дзяцей.

У праваслаўнай сям’і Аляксандра Кашко 21 лютага 1891 года нарадзіўся сын Антон. Маленства яго прайшло ў родных Боцкавічах. А потым хлопчык скончыў царкоўнапрыходскую школу. У 13 гадоў Антона Кашко бацькі аддалі вучыцца ў гімназію ў Ліду. Там ён скончыў 6 класаў і паступіў на аднагадовыя курсы настаўнікаў у Наваградак. Пасля курсаў яго накіравалі на працу настаўнікам у Мазырскі павет. Але там не аказалася працоўнага месца, таму юнак паехаў працаваць у Бабруйскі павет. Настаўнічаў Антон Кашко на Бабруйшчыне да пачатку Першай сусветнай вайны.
Радзіма Антона Кашко

Радзіма Антона Кашко



Летам 1914 года яго прызвалі ў войска і залічылі ў чацвёртую роту 118 пяхотнага Шуйскага палка радавым. А потым адразу накіравалі на фронт ва Усходнюю Прусію. На фронце ён быў да мая 1915 года. Там малады салдат напісаў заяву і быў залічаны ў Першую Пецяргофскую школу прапаршчыкаў. Восенню 1915 года беларус Кашко скончыў школу прапаршчыкаў, і яго перавялі ў малодшую школу ўнтэр-афіцэраў. А праз пэўны час накіравалі ў 11-ы Сібірскі стралковы запасны батальён у склад малодшых афіцэраў 4-й роты.

19 лютага 1916 года Антона Кашко адправілі ў складзе роты на фронт. Яго аформілі ў 494 пяхотны Верэйскі полк малодшым афіцэрам 1-й роты, а потым перавялі афіцэрам 8-й роты. Летам беларус пачаў камандаваць гэтай самай ротай.

З таго часу ў Антона Кашко пачынаецца вайсковы кар’ерны рост. Ён камандуе 13-й ротай, прызначаецца часовым камандзірам 2-га батальёна, ваюе на Румынскім фронце і г.д.



За гэты час вайскоўца з Дзятлаўшчыны ўзнагародзілі ордэнам Св. Станіслава трэцяй ступені, ордэнамі Св. Ганны трэцяй і чацвёртай ступеняў, Георгіеўскім крыжам 4-й ступені і іншымі ўзнагародамі.

У сярэдзіне снежня 1917 года Антон Кашко атрымаў двухмесячны водпуск і паехаў да бацькоў у Сібір, дзе яны знаходзіліся ў бежанстве. А летам 1918 года прыехаў у Томск і пачаў служыць у 4-м Томскім палку. Улада там належала Белай арміі. Ваеннае камандаванне ўзначальвалі генералы Аляксей Грышын-Алмазаў (1880–1919) і Анатоль Пепеляеў (1891–1938). У жніўні 1918 года 4-ы Томскі полк быў перайменаваны ў 8-ы Бійскі Сібірскі стралковы полк, а дывізія, дзе пачаў служыць Антон Кашко, стала называцца 2-й Сібірскай стралковай.


Так вайсковец з Дзятлаўшчыны трапіў у Белую армію. Гісторык з Барнаула (Расія) Андрэй Краснашчокаў, з якім мы разам даследуем лёс вайскоўцаў Белай арміі ў 1917–1920 гадах, у тым ліку і беларусаў, напісаў мне, што знайшлося пацвярджэнне, што Антон Кашко служыў у 8-м Бійскім палку ў адмірала Аляксандра Калчака (1874–1920). Ужо ў лютым 1919 года Антон Кашко меў чын штабс-капітана і быў нават узнагароджаны за поспехі ў баях з Чырвонай арміяй ордэнам Св. Уладзіміра 4-й ступені (загад Сібірскай арміі № 57 ад 13.02.1919 года). Дый у пратаколе допыту за 1937 год ад 4 жніўня ў Віцебску гэта добра адлюстравана. Але гэта будзе пазней.

Арышт — лагер, арышт — расстрэл

У архіве ўпраўлення КДБ па Віцебскай вобласці захоўваюцца дакументы, якія паведамляюць, што першы раз Антон Кашко быў арыштаваны Віцебскім аператыўным сектарам АДПУ БССР 28 лістапада 1937 года (ордэн на арышт ад 27 лістапада 1930 года № 1422). Яго абвінавачвалі ў правядзенні антысавецкай агітацыі. А 26 студзеня 1931 года былы вайсковец арміі Калчака быў накіраваны ў канцлагер тэрмінам на 5 гадоў. Тэрмін ён адбыў і вярнуўся ў Віцебск.

У Віцебску Антон Кашко з сям’ёй жыў на вуліцы 5-я Лекерта, дом № 11. Разам з ім жылі жонка Кашко Аксеня, 1905 года нараджэння і сын Уладзімір, 1925 года нараджэння. Дарэчы, сын Уладзімір Кашко падчас Другой сусветнай вайны 20 студзеня 1943 года быў прызваны на фронт. Ён служыў механікам электра- і спецабсталявання. 20 мая 1945 года яго ўзнагародзілі медалём «За баявыя заслугі». Гэты медаль Уладзімір Кашко атрымаў за тое, што абслужыў 268 баявых самалётавылетаў ноччу на бамбардзіраванне ваенна-прамысловых аб’ектаў ворага. А на Дзятлаўшчыне ў гэты час жылі і яго бацькі: Аляксандр Кашко і Агаф’я Кашко, а таксама браты Міхаіл і Іван.

Антон Кашко, пасля пяці гадоў зняволення ў Віцебску, пачаў працаваць эканамістам-планавіком Віцебскай ільнопрадзільнай ткацкай фабрыкі імя Кагановіча. Здавалася, што ўсе нягоды за плячыма. Цяпер можна спакойна жыць і працаваць. Тым больш, што ў той час не дужа хапала людзей адукаваных, найперш у пытаннях эканомікі. У Антона Кашко жыццёвы вопыт быў вялікі.

Пропуск Антона Кашко

Пропуск Антона Кашко


Але раптам 8 жніўня 1937 года яго зноў арыштавалі. Падчас допыту Антону зноў нагадалі пра тое, што ён служыў у Белай арміі. Вось пратакол допыту, які захоўваецца ў архіве ўпраўлення КДБ па Віцебскай вобласці.

Пратакол допыту 1937 года жніўня 4-га дня гор. Віцебска:
Я, оперупаўнаважаны Віцебскага гарадскога аддзела НКУС мл. лейтэнант дзярж.бяспекі (закрэслена) дапытаў арыштаванага Кашко Антона Аляксандравіча, 1891 года нараджэння, б/п, з сярэдняй адукацыяй, жанаты, беларус, служачы, ураджэнец вёскі Боцкавічы Дзятлаўскай воласці Слонімскага павета Польшчы, працуе на фабрыцы Кагановіча ў якасці эканаміста-планавіка, жыў у горадзе Віцебску, вул. 5-я Лекерта, д.11.

Пытанне: Якую Вы мелі гаспадарку перад і пасля рэвалюцыі?

Адказ: Зямлі 4 дзесяціны, кароў — 2, коней — 1. Якая гаспадарка ў бацькі цяпер — я не ведаю, бо бацька жыве ў Польшчы.

Пытанне: Калі і за што Вы судзіліся?

Адказ: Судзіўся я ў 1931 годзе тройкай АДПУ БССР за антысавецкую і контррэвалюцыйную дзейнасць, тэрмінам на 5 гадоў, пакаранне адбываў у канцлагеры.

Пытанне: У якім чыне і пасадах Вы служылі ў Белай арміі?

Адказ: Служыў у арміі Калчака ў чыне штапс-капітана, на пасадах камандзіра роты і камандзіра батальёна да самага разгрому Чырвонымі войскамі Калчака. Падчас разгрому Калчакаўскай арміі трапіў у палон да чырвоных.

Пытанне: Хто са сваякоў у Вас ёсць за мяжой?

Адказ: У Польшчы ў вёсцы Боцкавічы жывуць мае бацька, маці, браты і сястра. Але так, як я ніякай сувязі з імі не маю, сказаць, хто са сваякоў яшчэ жывы, я не магу. Акрамя блізкіх сваякоў, там пражываюць сваякі больш далёкія.

Пытанне: Следства мае дадзеныя пра тое, што Вы на працягу доўгага часу займаліся контррэвалюцыйнай прапагандай. Раскажыце пра гэта следству.

Адказ: Ніколі я контррэвалюцыйнай прапагандай не займаўся.  

Выказанае запісана з маіх слоў правільна, мне прачытана ўслых, у чым я і распісваюся. Чытаў асабіста Антон Кашко.

Дапытаў: опер.упаўнаважаны Віцебскага ГА НКУС (подпіс неразборлівы).



Пратакол дадатковага допыту абвінаваўчага Кашко Антона Аляксандравіча ад 5 жніўня 1937 года
Пытанне: Ці прызнаеце Вы сябе вінаватым у прад’яўленым Вам абвінавачванні па 72-76 арт. КК БССР?

Адказ: Вінаватым у прад’яўленым мне абвінавачванні па 72-76 артыкулах КК БССР у тым, што я, сумесна з групай кулакоў, рэпрэсіраваных савецкай уладай, праводзілі арганізацыйную контррэвалюцыйную работу, накіроўваючы рабочых у контррэвалюцыйным накірунку, зрываючы мерапрыемства партыі і савецкай улады, не прызнаю ні ў якай меры.

Запісана з маіх слоў правільна, прачытана мною асабіста, у чым я і распісваюся А.Кашко.

Дапытаў: оперупаўнаважаны (почырк неразборлівы).


 
***
Пастановай тройкі НКУС БССР ад 9 жніўня 1937 года Антон Кашко быў асуджаны на расстрэл, і 22 жніўня 1937 года яго расстралялі. Месца расстрэлу невядомае.

Антона Кашко двойчы арыштоўвалі і двойчы яго рэабілітавалі: па першай справе ён быў рэабілітаваны 12 ліпеня 1989 года, а па другой — 14 чэрвеня 1958 года.

У Дзяржаўным архіве Віцебскай вобласці (ф.5, воп.2, спр.908; ф.302, воп.2, спр.223) захоўваюцца дакументы са справы Антона Кашко, вокладкі спраў, асабістая картка, загады, выпіскі загадаў, анкеты, службовыя запісы 1920-х гадоў, некаторыя даведкі.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!