БагатаДата 10–15 жніўня

Вы ведаеце, што першы помнік Францыску Скарыну планавалі паставіць яшчэ ў 1925 годзе? А хто быў выдаўцом першай «Нашай Нівы»? Пра гэта і іншыя знакавыя даты Беларусі — у чарговым аглядзе.

Дзень будаўніка — 11 жніўня


10 жніўня

1839. У расійскім Уладзіміры нарадзіўся фізік Аляксандр Сталетаў, вуліца імя якога ёсць у Мінску.

1929. У вёсцы Маргавіца Докшыцкага раёна на Віцебшчыне нарадзіўся паэт Алесь Ставер. Многія яго вершы былі пакладзены на музыку і сталі вельмі папулярнымі песнямі. Напрыклад, «Жураўлі на Палессе ляцяць».

11 жніўня

Дзень будаўніка адзначаецца ў Беларусі (у другую нядзелю жніўня).

1974. У Полацку адкрыты помнік Францішку Скарыну. Яго планавалася паставіць яшчэ ў 1925 годзе, нават было выбрана месца на Замкавай гары на беразе Дзвіны. Аднак працы па вырабе помніка зацягнуліся — і ў выніку былі спыненыя. Гэта — першы помнік першадрукару ў Беларусі.


12 жніўня

Міжнародны дзень моладзі.

1399. Адбылася бітва на рацэ Ворскла ў Палтаўскай вобласці, падчас якой Залатая Арда ўшчэнт разбіла войска ВКЛ. Князь Вітаўт ледзьве ўратаваўся з невялікай дружынай.

2004. Была заснаваная (з’явіліся першыя артыкулы) беларуская версія Вікіпедыі.


13 жніўня

Міжнародны дзень леўшуноў.


1949. У Адзінцоўскім раёне Маскоўскай вобласці нарадзіўся Генадзь Галкін, беларускі спартовец (стэндавая стральба). Рэкардсмен СССР і чэмпіён свету–1973.


14 жніўня

1824. Расійскі цар Аляксандр І падпісаў прысуд удзельнікам таемных студэнцкіх таварыстваў філаматаў і філарэтаў у Віленскім універсітэце. Дзясяткі іх былі сасланыя ў аддаленыя губерні імперыі, асноўная ж маса апынулася пад пільным наглядам паліцыі. Пад рэпрэсіі патрапілі, напрыклад, Адам Міцкевіч, Тамаш Зан, Ян Чачот. А нядобранадзейныя выкладчыкі былі звольненыя з універсітэту.

15 жніўня

Дзень археолага.

 Язэп Драздовіч


1954. У Падсвіллі Глыбоцкага раёна на Віцебшчыне ў бальніцы, куды яго, знойдзенага ў беспрытомнасці на дарозе, прывезлі сяляне, памёр Язэп Драздовіч, мастак, скульптар і этнограф. Называецца таксама іншая дата смерці — 15 верасня.


16 жніўня

1874. У Вілейцы на Міншчыне нарадзіўся грамадскі дзеяч і выдавец Аляксандр Уласаў. З 1906 па 1914 гады быў рэдактарам-выдаўцом газеты «Наша Ніва». Прыцягнуў да працы ў рэдакцыі многіх вядомых літаратараў, у тым ліку Янку Купалу ды Якуба Коласа.

Аляксандр Уласаў з жонкай Аляксандрай і пасынкамі Дзімам і Алегам


За крытычныя публікацыі датычна самадзяржаўя Уласава неаднаразова судзілі і аднойчы на некалькі месяцаў зняволілі. Заснаваў ён і некалькі іншых выданняў — «Саха», «Лучынка». Уваходзіў у Раду БНР.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!