БагатаДата 11–17 красавіка

У гэтыя дні адбылася падзея, якая вызначыла шлях Беларусі да дыктатуры. А таксама нарадзіўся чалавек, прозвішча якога ведаюць усе першакласнікі. Што гэта было і хто гэта быў — у нашым аглядзе.


11 красавіка

1965. У Мінску нарадзіўся кампазітар і прадзюсар Алег Молчан. Удзельнік гурта «Песняры». Сярод іншага, ён — аўтар музыкі папулярнай песні «Малітва» на словы Янкі Купалы.


12 красавіка

Вялікдзень паводле календара каталіцкай канфесіі. Сусветны дзень авіяцыі і касманаўтыкі. Дзень войскаў супрацьпаветранай абароны Беларусі.

1890. У мястэчку Шчорсы Навагрудскага раёна на Гродзен­шчыне нарадзіўся літаратар, эканаміст і грамадскі дзеяч Янка Нёманскі. Сапраўднае імя — Іван Пятровіч. Разам з Цішкам Гартным выдаваў газету «Дзянніца». Працаваў намеснікам старшыні Дзяржплану БССР і дырэктарам Інстытута эканомікі Акадэміі навук. Арыштаваны ў 1937 годзе і расстраляны.


1995. Уначы ў зале Вярхоўнага Савета спецслужбамі былі збітыя дэпутаты апазіцыі Беларускага народнага фронту, якія напярэдадні абвясцілі галадоўку супраць правядзення ініцыяванага Лукашэнкам рэферэндуму.


13 красавіка

Сусветны дзень рок-н-ролу.

1975. Ва ўкраінскім Дняпры (у той час Днепрапятроўску) нарадзілася фігурыстка Таццяна Наўка. Пасля распаду СССР у 1990-х гадах выступала за зборную Беларусі па фігурным катанні ў пары з некалькімі партнёрамі. Але прызавых месцаў тады на Алімпіядзе і чэмпіянаце свету не было. 

Затым выступала за Расію, і некалькі гадоў перамагала на розных міжнародных спаборніцтвах. У 2006 годзе разам з Раманам Кастамаравым перамагла на Алімпійскіх гульнях у Турыне.


14 красавіка

1880. У Слуцку з’явіўся на свет грамадскі і культурны дзеяч Язэп Дыла. Сярод займаных ім пасадаў — дырэктар БДТ-1 (цяпер — Купалаўскі тэатр), старшыня Беларускага цэнтральнага саюза спажывецкіх таварыстваў.

1885. У вёсцы Максімаўка Маладзечанскага раёна нарадзіўся грамадска-палітычны дзеяч, аўтар музыкі раманса «Зорка Венера» на верш Максіма Багдановіча Сымон Рак-Міхайлоўскі. 

Уваходзіў у прэзідыум Першага Усебеларускага з’езда ў 1917 годзе ў Мінску, быў дырэктарам Мінскіх першых беларускіх настаўніцкіх курсаў, створаных Сакратарыятам асветы БНР. Абіраўся паслом Сейма Польскай Рэспублікі. Знявольваўся польскімі ўладамі, а затым, пасля пераезду ў 1930 годзе ў Мінск, — савецкімі. Да арышту працаваў дырэктарам Беларускага дзяржаўнага сацыяльна-гістарычнага музею, быў сябрам ЦВК БССР. 

У 1934 годзе як «арганізатар і кіраўнік контррэвалюцыйнай арганізацыі» прыгавораны да расстрэлу, які быў заменены на 10 гадоў лагераў. У 1938-м як «агент польскага генштаба» зноў асуджаны да расстрэлу, які быў выкананы.

1920. У вёсцы Страшава на Беласточчыне нарадзіўся пісьменнік, дысідэнт Аляксей Карпюк. Вязень канцлагера, камандзір партызанскага атрада. Жыў у Гродне. Загадваў там агенцтвам «Інтурыст», кіраваў Рэспубліканскім музеем атэізму і гісторыі рэлігіі. 

Аляксей Карпюк (злева) і Васіль Быкаў

У 1960–1970-х гадах мінулага стагоддзя вакол Карпюка, які падтрымліваў сувязі з літаратармі-дысідэнтамі па ўсім СССР, склаўся нефармальны клуб інтэлігентаў-вольнадумцаў. Да яго належаў і Васіль Быкаў, чыім лепшым сябрам быў Карпюк. Вядомыя творы Аляксея Карпюка: «Данута», «Вершалінскі рай».

15 красавіка

Сусветны дзень культуры, а таксама Дзень экалагічных ведаў.

2005. Вярхоўны Суд Беларусі задаволіў пазоў Міністэрства юстыцыі аб закрыцці НІСЭПІ — Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў. Яму давялося перарэгістроўвацца ў Літве.


16 красавіка

1935. У вёсцы Данейкі Баранавіцкага раёна на Брэстчыне нарадзіўся пісьменнік і літаратуразнаўца Анатоль Клышка. Адзін з арганізатараў Таварыства беларускай мовы. 

Аўтар «Буквара» (1969 год, больш за два дзясяткі выданняў), «Пропісаў да «Буквара», «Пропісаў для 1 класа». Напісаў некалькі кніжак для дзяцей. Пераклаў на беларускую мову «Новы запавет». Аўтар «Беларуска-польскага размоўніка».


17 красавіка

1940. У Мінску нарадзіўся кінарэжысёр і сцэнарыст Валерый Рубінчык. Яго фільмы: «Дзікае паляванне караля Стаха», «Апошняе лета дзяцінства», «Кіно пра кіно». Як акцёр зняўся ў фільме «Прыгоды Тома Соера і Гекльберы Фіна».



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: