БагатаДата 11–17 студзеня

Ведаеце, калі запрацавала першая электрастанцыя ў Мінску? А пра тое, што яе знеслі зусім нядаўна? Іншыя цікавосткі — у нашым аглядзе.


11 студзеня

Міжнародны дзень «дзякуй».

1890. У Маскве нарадзіўся наркам аховы здароўя БССР у 1920-я гады Міхаіл Барсукоў. Пазней быў старшынёй Усесаюзнага таварыства гісторыкаў медыцыны.

1955. У пасёлку Азарычы Калінкавіцкага раёна на Гомельшчыне нарадзіўся адзін з самых папулярных беларускіх мастакоў сучаснасці Аляксандр Ісачоў. Яго першая персанальная выстава ў 1987 годзе ў Рэчыцы, дзе ён тады жыў, мела незвычайную папулярнасць — яе паглядзелі 20 тысяч чалавек. Праз тры дні пасля яе закрыцця жывапісец памёр. Праз паўгода ў 1988-м выставу яго твораў у Мінску наведалі ўжо 200 тысяч чалавек.

Аляксандр Ісачоў. Калаж belsat.eu

Пры гэтым Ісачоў быў самавукам — за плячыма ў яго была толькі няскончаная мастацкая вучэльня. А вядомасць творца атрымаў у савецкім Ленінградзе, дзе нейкі час жыў, праз выставы нефармальных мастакоў. Таксама стаў вядомы на Захадзе. У Беларусі распісваў храмы.


12 студзеня

1895. У Мінску запрацавала першая электрастанцыя. У наш час мела статус помніка архітэктуры, знаходзілася на беразе Свіслачы побач з цыркам. Была знесеная дзеля пабудовы гатэля «Кемпінскі» (насамрэч, сетка «Кемпінскі» да яго дачынення не мае. — Рэд.), будынак якога многія жыхары сталіцы лічаць звыродлівай спарудай, якая сапсавала краявід.


13 студзеня

1920. У Мсціславе на Магілёўшчыне нарадзіўся скрыпач і дырыжор Барыс Афанасьеў. Быў канцэртмайстрам Сімфанічнага аркестра БССР, мастацкім кіраўніком Беларускай дзяржаўнай філармоніі. Кіраваў таксама Тэатрамі оперы і балета ва ўкраінскіх Адэсе і Дняпры.

1940. У вёсцы Старыя Галоўчыцы Петрыкаўскага раёна на Гомельшчыне нарадзіўся грамадска-палітычны дзеяч Міхаіл Марыніч. Старшыня Мінскага гарвыканкама, дэпутат Вярхоўнага Савета, міністр знешніх эканамічных сувязяў. Пасол у Чэхіі, Славакіі, Венгрыі, Латвіі, Эстоніі ды Фінляндыі.

У 2001 годзе пайшоў у адстаўку з дыпламатычнай працы, каб узяць удзел у прэзідэнцкіх выбарах. Але кандыдатам у прэзідэнты зарэгістраваны не быў, бо не набраў неабходнай колькасці подпісаў выбаршчыкаў за сваё вылучэнне.

У 2004 годзе быў арыштаваны і прысуджаны да 5 гадоў калоніі па абвінавачванні ў завалоданні аргтэхнікай (бязвыплатна перададзенай асацыяцыі «Дзелавая ініцыятыва» Марыніча пасольствам ЗША ў Беларусі, якое прэтэнзій не мела). Камітэт ААН па правах чалавека прызнаў палітыка ахвярай палітычных рэпрэсій.


14 студзеня

1920. У вёсцы Плёсы Бабруйскага раёна на Магілёўшчыне нарадзіўся літаратар Мікола Аўрамчык. Разам з Нілам Гілевічам пад псеўданімам Францішак Вядзьмак-Лысагорскі напісаў знакамітую паэму «Сказ пра Лысую гару».


15 студзеня

1850. У Маскве нарадзілася першая ў свеце жанчына-прафесар, а тасама пісьменніца Соф’я Кавалеўская (у дзявоцтве — Корвін-Крукоўская). Мела беларускія карані па бацьку, які быў генералам. «Калі мне было каля шасці гадоў, бацька выйшаў у адстаўку і пасяліўся ў сваім родавым маёнтку Палібіна ў Віцебскай губерні, — пісала Кавалеўская. — Тая мясцовасць, дзе знаходзіўся маёнтак Крукоўскіх, была хоць і вельмі дзікай, але больш маляўнічай за краявіды сярэдняй паласы Расіі. Віцебская губерня вядомая сваімі велічэзнымі лясамі і мноствам вялікіх прыгожых азёр…»


Навуковыя працы Кавалеўскай былі па матэматычным аналізе, матэматычнай фізіцы і нябеснай механіцы, а таксама па дыферэнцыяльных ураўненнях. Яе творы — аповесць «Нігілістка», драма «Барацьба за шчасце».


16 студзеня

Сусветны дзень «The Beatles»


17 студзеня

Дзень дзяцей-вынаходнікаў.

1860. У Наўгародскай губерні Расіі нарадзіўся Павел Курлоў, які з 1905 года быў губернатарам Мінска. Вядомы Курлаўскі расстрэл мітынгу ў кастрычніку 1905 года — менавіта ад яго прозвішча. Са згоды Курлова жандары забілі 100 і паранілі 300 чалавек.

Людзі перад домам губэрнатара на Саборнай плошчы ў Мінску, кастрычнік 1905 года.

Пачаліся абураныя пратэсты — і чыноўніка нават адклікалі ў Санкт-Пецярбург для правя­дзення расследавання. Але той усю віну ўсклаў на паліцыю. Таксама на Паўла Курлова былі ўчыненыя дзве спробы замахаў.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: