БагатаДата 11–17 ліпеня

Галоўная падзея тыдня — безумоўна, гадавіна перамогі пад Грунвальдам. Гэтую дату мы ўспамінаем ужо 610 гадоў. Што яшчэ цікавага адбылося на тыдні ў мінуўшчыне — у нашым аглядзе.

11 ліпеня

Сусветныя дні народанасельніцтва і шакаладу.

1930. У вёсцы Падбулькова Брэсцкага раёна нарадзіўся мастак Іван Рэй. Пісаў нацюр­морты, пейзажы, партрэты. Шэраг твораў прысвечаны вядомым беларускім літаратарам: «На радзіме Янкі Купалы», «Шлях паэта» (партрэт Максіма Багдановіча), «Якуб Колас», «Дунін-Марцінкевіч з дочкамі Камілай і Цэзарынай».

1960. У Гродне нарадзіўся цяперашні генеральны пракурор Беларусі Аляксандр Канюк. Да гэтага працаваў суддзёй і старшынёй Беларускага ваеннага суда, намеснікам старшыні — старшынёй Ваеннай калегіі Вярхоўнага суда.


12 ліпеня

Сусветны дзень бортправадніка грамадзянскай авіяцыі. І Дзень працаўнікоў падатковых органаў у Беларусі (другая нядзеля ліпеня).

1920. У Мінску нарадзілася Ядвіга Раманоўская — музейшчыца, захавальніца літаратурнай і архіўнай спадчыны Янкі Купалы, яго пляменніца. Некалькі дзесяцігоддзяў працавала захавальніцай фондаў у Літаратурным музеі Янкі Купалы.


13 ліпеня

1970. У Мінску нарадзіўся спартовец, скакун з шастом Андрэй Цівончык. У 1993 годзе перабраўся ў Германію і праз год пабіў тамтэйшы нацыянальны рэкорд. Бронзавы прызёр Алімпіяды–1996. Трэніраваў ураджэнца Віцебска Дзмітрыя Маркава, які перамагаў на чэмпіянатах свету за Аўстралію.


14 ліпеня

1890. У Віцебску нарадзіўся Восіп Цадкін, французскі скульптар. Яго бацька — яўрэй, а маці — шатландка. Наведваў адну вучэльню з Маркам Шагалам. У 1905 годзе пераехаў у Брытанію, а затым у Францыю. Выстаўляў свае творы ў многіх сталіцах свету. Летась яго скульптуру «Носьбіт дароў» набыў на аўкцыёне Christie’s «Белгазпрамбанк» — і яна была ўсталявана каля ягонага офіса ў скверы на вуліцы Прытыцкага ў Мінску. У нідэрландскім Ратэрдаме, як будзеце там, можна пабачыць працу Цадкіна «Разбураны горад». А пахаваны скульптар на парыжскіх могілках Манпарнас.

1920. Было створана Цэнтральнае бюро прафсаюзаў БССР. Цяпер гэта Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі.

1970. У Мінску нарадзілася фігурыстка Наталля Мішкуцёнак. Выступала ў пары з Артурам Дзмітрыевым. Чэмпіёнка алімпійскіх гульняў 1992 года. Жыве ў ЗША.


15 ліпеня

1410. Аб’яднанае войска Вялікага Княства Літоўскага і Польскага каралеўства перамагло крыжакоў Тэўтонскага ордэну ў бітве пад Грунвальдам (на тэрыторыі сучаснай Польшчы ля мяжы з Расіяй). Гэта адна з найбуйнейшых бітваў у сярэднявечнай Еўропе. З абодвух бакоў змагаліся 60 тысяч ваяроў.

1900. У вёсцы Агароднікі (цяпер Пастаўскі раён на Віцебшчыне) нарадзіўся паэт Уладзімір Дубоўка. За верш «За ўсе краі, за ўсе народы свету» ў 1930 годзе быў арыштаваны ў Маскве па «справе Саюза вызвалення Беларусі». Вось чатыры радкі з яго: «Нa нaшым кapкy тopг cпpaўляe cмeлa Мacквa з Bapшaвaй, з Рыгaй i Лiтвoй, І нaшa змyчaнae кaтaм цeла Штoгoднa нoвaй кpoiццa мяжoй». Выпраўлены ў ссылку, затым быў яшчэ раз некалькі разоў асуджаны. Зняволенне адбываў у Расіі і Грузіі. Рэабілітаваны толькі ў 1957 годзе. Памёр у 1976 годзе ў Маскве. Ну і, канечне, Уладзімір Дубоўка — аўтар хрэстаматыйнага школьнага верша «О Беларусь, мая шыпшына». Памятаеце: «...зялёны ліст, чырвоны цвет! У ветры дзікім не загінеш, чарнобылем не зарасцеш».

1910. У вёсцы Бушмічы Камянецкага раёна на Брэстчыне нарадзіўся тэатральны дзеяч Уладзімір Стэльмах.


 Працаваў дырэктарам некалькіх тэатраў: БДТ-2 у Віцебску, Дзяржаўнага тэатра оперы і балета, Купалаўскага тэатра, Беларускага рэспубліканскага тэатра юнага гледача.


16 ліпеня

1950. У расійскім Загорску нарадзілася піяністка і кампазітар Ірына Цвяткова. Жонка кампазітара Васіля Раінчыка. Яны разам працавалі ў ансамблі «Верасы» і Маладзёжным тэатры эстрады.


17 ліпеня

Сусветны дзень міжнароднага крымінальнага правасуддзя.

1870. У расійскім Царскім Сяле нарадзіўся Міхаіл Святаполк-Мірскі, князь, дыпламат, апошні ўладальнік Мірскага замка. Замак быў разбураны падчас Першай сусветнай вайны. І ў 1920-я, 1930-я гады — да самай смерці — Святаполк-Мірскі займаўся яго рэстаўрацыяй. Вынік ацаніў нават прэзідэнт Польшчы Ігнацій Масціцкі, які ў 1929 годзе наведаў Мір. Калі мястэчка стала часткай БССР, у замку зрабілі вытворчую арцель.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: