БагатаДата 12–18 кастрычніка

У Беларусі знайшлі нафту, запусцілі найдаўжэйшы ў свеце нафтаправод, у Мінску быў адкрыты трамвайны рух, а на БМЗ была здзейсненая першая плаўка сталі. У гэтыя дні мы адзначаем шматлікія юбілеі і круглыя даты.

Фота з сайта oboi-3d.ru

12 кастрычніка

1994. Нацыянальная зборная Беларусі па футболе атрымала першую перамогу ў суверэннай гісторыі — над камандай Люксембургу. У складзе нашай зборнай у тым матчы, напрыклад, гулялі такія славутыя футбалісты, як Алейнікаў, Герасімец, Зыгмантовіч, Мятліцкі, Гурэнка. А таксама цяперашні галоўны трэнер «нацыяналкі» Міхаіл Мархель.


13 кастрычніка

Міжнародны дзень за зніжэнне стыхійных бедстваў.

1929. У Мінску быў адкрыты трамвайны рух. Пачалі дзейнічаць два маршруты па цэнтры горада: трамваі ездзілі ад вуліцы Маскоўскай да Камароўкі і ад чыгуначнага вакзалу да плошчы Свабоды.


1984. У Ровенскай вобласці ва Украіне нарадзіўся беларускі фрыстайліст Антон Кушнір. Выйграў залаты медаль у лыжнай акрабатыцы на Алімпійскіх гульнях у Сочы 2014 года.


14 кастрычніка



У Беларусі адзначаецца Дзень маці.

1899. У вёсцы Слабада-Кучынка (Капыльскі раён на Міншчыне) нарадзіўся беларускі пісьменнік і крытык Адам Бабарэка. Адзін з арганізатараў літаб’яднанняў «Узвышша» і «Маладняк». Некалькі разоў арыштоўваўся ў 1930-я гады: былі ссылка і лагер, у якім Бабарэка і памёр.

2004. У Мінску памёр народны пісьменнік Беларусі Іван Шамякін. Яго самыя вядомыя творы: «Глыбокая плынь», «Вазьму твой боль», «Атланты і карыятыды», «Сэрца на далоні».


15 кастрычніка

1914. У вёсцы Лучнікі Слуцкага павета Мінскай губерні нарадзіўся беларускі паэт Лявон Случанін. У 1937 годзе быў арыштаваны, прысуджаны да 10 гадоў пазбаўлення волі; накіраваны на Беламорканал. У 1939 годзе быў датэрмінова вызвалены і вярнуўся ў родную вёску. Уладкаваўся ў Слуцку ў сярэднюю школу выкладчыкам беларускай мовы і літаратуры. З 1940 года выкладаў у Слуцкім педтэхнікуме. У часы нямецкай акупацыі працаваў дырэктарам Лучнікоўскай школы (1941–1943), школьным інспектарам на Случчыне (1943–1944). Адначасова супрацоўнічаў у акруговай «Газэце Случчыны»; друкаваўся ў «Беларускай газэце» (Мінск), «Голасе вёскі» (Мінск), «Раніцы» (Берлін) і часопісе «Новая дарога» (Беласток). Прымаў удзел у Другім Усебеларускім кангрэсе. Пры адступленні немцаў выехаў з сям'ёй у Германію. Працаваў карэспандэнтам у часопісе «Малады змагар», які выдаваў Саюз беларускай моладзі (1944–1945). Вясной 1945 года трапіў у амерыканскую акупацыйную зону. Вярнуўся ў родную вёску, дзе быў арыштаваны. Асуджаны на 15 гадоў пазбаўлення волі і 5 гадоў пазбаўлення правоў. Адбываў пакаранне на Поўначы. Потым тэрмін быў зменшаны да 10 гадоў зняволення. Пасля вызвалення да 1973 года жыў у Варкуце, потым вярнуўся на радзіму і жыў у Салігорску. Сябар Саюза пісьменнікаў Беларусі з 1993 года. Памёр 25 кастрычніка 1995-га ў Салігорску.

1964. У Мінску нарадзілася адна з лепшых беларускіх баскетбалістак у гісторыі Ірына Сумнікава. У 1980–1992 гадах гуляла за мінскі «Гарызонт», затым за клубы з Германіі, Венгрыі і Расіі. Станавілася прызёркай Алімпіяды і чэмпіёнкай Еўропы ў складзе зборнай СССР, алімпійскай чэмпіёнкай–1992 — у складзе зборнай СНД. Пасля гэтага гуляла за зборную Расіі, з якой двойчы заваёўвала бронзавыя медалі чэмпіянату Еўропы.

1964. Запушчаны самы доўгі ў свеце нафтаправод — «Дружба», які пракладзены ў тым ліку па тэрыторыі Беларусі.

1984. Адбылася першая плаўка сталі на Беларускім металургічным заводзе ў Жлобіне.


16 кастрычніка

Міжнародны дзень харчавання.

1904. У вёсцы Дроздава Талачынскага раёна Віцебшчыны нарадзіўся Дзмітрый Караткевіч, адзін з кіраўнікоў Мінскага падполля падчас Другой сусветнай вайны. Да вайны ён працаваў міліцыянтам, кіраваў Заслаўскім райкамам кампартыі і быў начальнікам Галоўгандлю БССР. Закатаваны і павешаны фашыстамі ў цэнтры Мінска. Менавіта ў яго гонар, а не пісьменніка Уладзіміра Караткевіча, названа адна з вуліц сталіцы.


17 кастрычніка



Міжнародны дзень барацьбы за ліквідацыю галечы.

1919. У расійскай Волагдзе нарадзіўся беларускі архітэктар Георгій Сысоеў. Самыя вядомыя яго працы: шэраг дамоў на праспекце Незалежнасці ў Мінску (у тым ліку той, дзе месціцца «Акадэмкніга»), гатэль «Мінск», мемарыяльны комплекс «Брэсцкая крэпасць-герой», рэканструкцыя сталічнага Дома афіцэраў.

1964. Знойдзена першае радовішча беларускай нафты — каля Рэчыцы. У першыя гады пасля адкрыцця тут пампавалі да 8 мільёнаў тонаў на год, цяпер — крыху больш за 1,5 мільёна.

2004. У Беларусі адбыўся трэці рэферэндум. Выносілася пытанне аб зменах у Канстытуцыю, каб адна асоба магла займаць пасаду прэзідэнта неабмежаваную колькасць тэрмінаў, і, адпаведна, аб праве Аляксандра Лукашэнкі балатавацца на кіраўніка краіны яшчэ раз. Паводле звестак Цэнтрвыбаркаму, амаль 80% беларусаў захацелі, каб адзін чалавек мог кіраваць Беларуссю бясконца.


18 кастрычніка

1919. У вёсцы Старое Сяло Мінскага раёна нарадзіўся Усевалад Кароль, акушэр-гінеколаг, грамадска-палітычны дзеяч. Апошні кіраўнік Беларускага студэнцкага саюзу — арганізацыі моладзі ўніверсітэту Стэфана Баторыя ў Вільні (Кароль вучыўся там на медфакультэце). 


Падчас Другой сусветнай вайны працаваў лекарам у Баранавічах, кіраваў мясцовай філіяй Беларускай незалежніцкай партыі. У 1945 годзе яго арыштавалі і саслалі на 10 гадоў у лагер. У 1955 годзе ён вярнуўся ў Баранавічы, працаваў шмат гадоў намеснікам дырэктара радзільні па медыцынскай частцы. Лагернае мінулае не дазваляла яму зрабіць кар’еры.

1954. У вёсцы Касута Вілейскага раёна на Міншчыне нарадзіўся Пётр Міклашэвіч, старшыня Канстытуцыйнага Суда Беларусі і былы генеральны пракурор.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!