БагатаДата 13–19 чэрвеня

Невядома чаму, але ў гэтыя дні ў розныя часы нараджаліся музыкі і кампазітары. А таксама адкрыўся Мінскі гарадскі тэатр. Што яшчэ адбылося цікавага — у нашым аглядзе.


13 чэрвеня

1755. У Вільні з’явіўся на свет палітычны дзеяч, кампазітар і мецэнат Антоні Генрых Ра­дзівіл. Кантактаваў з самымі вядомымі кампазітарамі свету, у тым ліку Бетховенам і Шапэнам. Сам вядомы музыкай да «Фауста» Гётэ: у 1990-х гадах адбылася прэм’ера гэтай оперы ў Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы.


14 чэрвеня

Сусветныя дні донара крыві і Дзень блогера. Таксама Дзень працаўнікоў лёгкай прамысловасці (адзначаецца ў Беларусі ў другую нядзелю чэрвеня).

1900. У вёсцы Несцеравічы Свіслацкага раёна Гродзенскай вобласці нарадзіўся спявак-тэнар Міхась Забэйда-Суміцкі. Выступаў па ўсім свеце, спяваў на 16 мовах. Натуральна, шмат выконваў беларускіх песень. Першы канцэрт на радзіме даў у 1935 годзе ў Ружанах. Пераследаваўся Гестапа і КДБ. 

Пасля Другой сусветнай вайны застаўся жыць у Празе. Пахаваны на пражскіх Ольшанскіх могілках побач з Пётрам Крэчэўскім і Васілём Захаркам — прэзідэнтамі БНР.


15 чэрвеня

Сусветныя дні ветру, матацыкліста і распаўсюду інфармацыі аб злоўжываннях датычна пажылых людзей.

1955. У сталіцы Аўстрыі Вене нарадзіўся беларускі кампазітар Вячаслаў Кузняцоў. Яго творы: опера «Запіскі вар’ята», балеты «Дванаццаць крэслаў», «Паланез», «Цар Саламон», «Макбет», «Клеапатра».


16 чэрвеня

Міжнародны дзень сямейных грашовых пераводаў.

1875. У Вільні нарадзіўся беларуска-літоўскі кампазітар, дырыжор і педагог Канстанцін Галкоўскі. Ім напісаны дзясяткі песень на словы Якуба Коласа, Янкі Купалы, Максіма Танка, Змітрака Бядулі, Канстанцыі Буйло, Міхася Машары. У Беларусі забыты, а вось у Літве Галкаўскас быў ушанаваны званнем народнага артыста. Не згадваецца, што ён беларус, і на мемарыяльнай шыльдзе на адным з дамоў па віленскай вуліцы Завальная (Pylimo gatvė).

1895. У вёсцы Навілаўка Веткаўскага раёна на Гомельшчыне нарадзіўся вучоны ў галіне глебазнаўства, доктар сельскагаспадарчых навук Павел Рагавой. Дырэктар Беларускага навукова-даследчага інстытута глебазнаўства, адзін са складальнікаў глебавай карты БССР.


17 чэрвеня

Сусветны дзень барацьбы з засухай.

1890. Адкрыўся Мінскі гарадскі тэатр (цяпер у гэтым будынку працуе Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы).


18 чэрвеня

1950. У Свіслачы на Гро­дзеншчыне нарадзіўся філосаф і літаратар Валянцін Акудовіч. Аўтар філасофскіх і літаратурна-мастацкіх кніг «Мяне няма. Роздумы на руінах чалавека», «Разбурыць Парыж», «Дыялогі з Богам», «Код адсутнасці. Асновы беларускай ментальнасці», «Прачнуцца ранкам у сваёй краіне».


19 чэрвеня

Міжнародны дзень прагулкі. А таксама Міжнародны дзень барацьбы з сексуальным гвалтам ва ўмовах канфлікту.





Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: