БагатаДата 13-18 верасня

У гэтыя дні нарадзіліся знакамітыя асобы, якія ўжо сталі часткай беларускай гісторыі: Лявон Вольскі і Андрэй Клімаў. А таксама стагоддзе адзначае гераічны Купалаўскі тэатр. Віншуем усіх!


13 верасня

У Беларусі адзначаецца Дзень танкістаў.

1930. У Мінску нарадзіўся архітэктар Уладзімір Сакалоўскі. З 1992 па 2000 гады — галоўны эксперт Галоўэкспертызы Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Беларусі. Сярод працаў — праекты дэталёвай планіроўкі зоны адпачынку на Заслаўскім вадасховішчы пад Мінскам і возеры Нарач у Мядзельскім раёне, дом адпачынку на Нарачы.

14 верасня

1920. У Мінску спектаклем «Рысь» Фларыяна Ждановіча паводле апавядання Элізы Ажэшкі «У зімовы вечар» адкрыўся Беларускі дзяржаўны тэатр. Цяпер — Нацыянальны акадэмічны тэатар імя Янкі Купалы. У складзе першай артыстычнай трупы была знакамітая Стэфанія Станюта і Канстанцін Саннікаў, дзед палітыка Андрэя Саннікава.

100 год тэатр адзначае на прастоі пасля сыходу большай часткі калектыву, які выступіў супраць гвалту сілавікоў і фальсіфікацый на выбарах 9 жніўня, а таксама ў абарону звольненага дырэктара тэатра Паўла Латушкі.


1965. У Мінску нарадзіўся музыка Лявон Вольскі (Леанід Зэйдэль-Вольскі). Сын пісьменніка Артура Вольскага і рускай паэтэсы Святланы Яўсеевай. Заснавальнік гуртоў «Мроя», N.R.M., «ZET» і «Крамбамбуля».


15 верасня
Дзень бібліятэк у Беларусі і Міжнародны дзень дэмакратыі.

16 верасня
Міжнародны дзень аховы азонавага слоя.

1935. У сяле Сыда Краснаярскага краю Расіі нарадзіўся аператар Анатоль Забалоцкі. Шмат гадоў працаваў на кінастудыі «Беларусьфільм». Аператар у такіх вядомых беларускіх фільмах, як «Праз могілкі» рэжысёра Віктара Турава, «Альпійская балада» па аднайменнай аповесці Васіля Быкава, «Жыццё і ўзнясенне Юрася Братчыка» па творы Караткевіча «Хрыстос прызямліўся ў Гародні».

17 верасня
1965. У Мінску нарадзіўся бізнесовец і палітык Андрэй Клімаў. Дэпутат Вярхоўнага Савета 13 склікання, удзельнік спробы імпічменту Лукашэнкі. Палітвязень, які быў тройчы асуджаны на розныя турэмныя тэрміны. Стаў першым беларускім апазіцыянерам, які адбываў пакаранне ва ўмовах строгага рэжыму.

18 верасня
Сусветны дзень маніторынгу якасці вады і Дзень памяці загінулых матацыклістаў.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: