БагатаДата 14-20 лістапада

У гэтыя дні мы адзначым стагоддзе Слуцкага збройнага чыну. А таксама юбілей адзначае гадзіннікавы завод «Прамень». Што яшчэ цікавага адбылося ў мінулым — у нашым традыцыйным аглядзе.


14 лістапада

Сусветны дзень барацьбы супраць дыябету.

1920. Пачалося Слуцкае паўстанне, або Слуцкі збройны чын. Паўстанне было скіравана супраць савецкай ўлады і на барацьбу за Беларускую Народную Рэспубліку.

15 лістапада

Сусветныя дні памяці ахвяраў ДТЗ і другаснай пераапрацоўкі адкідаў.

1925. Запрацаваў Першы Нацыянальны канал Беларускага радыё.

16 лістапада

Міжнародны дзень талерантнасці.

1905. У вёсцы Труханавічы Капыльскага раёна на Міншчыне нарадзіўся пісьменнік Ян Скрыган. У 1936 годзе быў асуджаны да 10 гадаў высылкі ў Сібір за «контррэвалюцыйную дзейнасць». Пасля вызвалення на пяць год быў пазбаўлены грамадзянскіх правоў і магчымасці жыць у Беларусі. Вярнуўся ў Мінск толькі ў 1954 годзе, калі быў рэабілітаваны Працаваў намеснікам галоўнага рэдактара часопіса «Полымя». Быў майстрам жанру нарыс.

1925. У вёсцы Верацеі Докшыцкага раёна на Віцебшчыне нарадзіўся пісьменнік, дзеяч на эміграцыі Кастусь Акула. Сапраўднае прозвішча — Аляксандр Качан. Адзін з заснавальнікаў Згуртавання беларусаў Канады.

1955. Пачаў працу Мінскі гадзіннікавы завод «Прамень». Але першыя гадзіннікі, якія былі тут выраблены, называліся «Зара».


1960. У расійскім горадзе Даўгапрудны нарадзілася беларуская спартоўка Эліна Зверава. Алімпійская чэмпіёнка і чэмпіёнка свету ў кіданні дыска. Цікава, што чэмпіёнкай Беларусі ў 2010 годзе яна стала напярэдадні свайго 50-гадовага юбілею.

17 лістапада

Міжнародныя дні студэнта і неданошаных дзяцей.

18 лістапада

1870. У мястэчку Краслаўка Віцебскай губерні Расійскай імперыі (цяпер гэта Латвія) нарадзіўся філосаф Мікалай Лоскі, які ў 1922 годзе быў высланы савецкімі ўладамі за мяжу. Адзін з пачынальнікаў інтуітывізму і персаналізму.

19 лістапада

Міжнародныя дні філасофіі і адмовы ад курэння.

1900. У Оршы на Віцебшчыне нарадзіўся Міхаіл Дарашэвіч. Дзяржаўны дзеяч БССР, вучоны-геадэзіст. Рэктар БПІ (цяпер БНТУ). Міністр вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі БССР. У яго гонар названая вуліца ў Мінску.

1955. У пасёлку Ялізава Асіповіцкага раёна на Магілёўшчыне нарадзіўся міністр эканомікі Беларусі ў 2014-2018 гадах, а да гэтага старшыня Нацыянальнага статыстычнага камітэта Аляксандр Зіноўскі.

20 лістапада

1935. У вёсцы Макараўка Дубровенскага раёна на Віцебшчыне нарадзіўся мастак Мікалай Апіёк. Працаваў мастаком-пастаноўшчыкам Гродзенскага абласнога драмтэатра.

1950. У Чашніках на Віцебшчыне нарадзіўся акцёр тэатра імя Горкага ў Мінску, народны артыст Беларусі Аляксандр Ткачонак.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: