БагатаДата 14–20 сакавіка

У гэтыя дні нарадзіліся Жарэс Алфёраў, Уладзімір Ухцінскі і беларуская Канстытуцыя. А вось Жыгімонту Кейстутавічу не пашчасціла. Што яшчэ цікавага было ў гэтыя дні?


14 сакавіка

Міжнародны дзень рэк. Міжнароднае матэматычнае свята «дзень Пі».


15 сакавіка

Дзень Канстытуцыі ў Беларусі. Міжнародны дзень абароны правоў спажыўцоў.


1930. У Віцебску нарадзіўся савецкі і расійскі вучоны, лаўрэат Нобелеўскай прэміі па фізіцы Жарэс Алфёраў.

1940. У вёсцы Камуна Любанскага раёна на Міншчыне нарадзілася оперная спявачка Ірына Шыкунова. Выконвала партыі ў «Алесі» (Марфачка), «Сівой легендзе» (Ірына), «Яўгенію Анегіну» (Таццяна), «Іаланце» (уласна Іаланта), «Пікавай даме» (Ліза), «Доне Жуане» (Донна Ганна), «Вяселлі Фігара» (Графіня), «Галька» (уласна Галька). Нядаўна, 6 сакавіка, спявачка пайшла з жыцця.


16 сакавіка

1890. У латвійскім Дынабургу (калісьці па-нашаму Дзвінску) нарадзіўся тэатральны рэжысёр, народны артыст СССР Саламон Міхоэлс.

Саламон Міхоэлс

Быў забіты па загадзе Міністэрства дзяржаўнай бяспекі ў 1948 годзе ў Мінску, куды прыехаў для адбору спектакляў беларускіх тэатраў на прадстаўленне да Сталінскай прэміі.


17 сакавіка

Сусветны дзень сацыяльнай работы.

1905. У вёсцы Слізнёва Смаленскай вобласці Расіі нарадзіўся геолаг і эколаг Герасім Багамолаў. Намеснік міністра геалогіі СССР, дырэктар Інстытута геалагічных навук Акадэміі навук БССР. Ён быў адным з заснавальнікаў геалагічнай службы ў Савецкім Саюзе і першаадкрывальнікам мінскай мінеральнай вады.


18 сакавіка

Дзень унутраных войскаў Беларусі.

1960. У Якуціі ў Расіі нара­дзіўся беларускі эстрадны спявак Уладзімір Ухцінскі. Пераехаў адтуль у Гомель з бацькамі ў 4-гадовым узросце. Быў гітарыстам у калектыве расійскага спевака Ігара Талькова, у гурце «Сябры», затым заняўся сольнай кар’ерай.


19 сакавіка

1895. У вёсцы Паляны Астравецкага раёна на Гродзешчыне нарадзіўся грамадска-палітычны і культурніцкі дзеяч Тамаш Грыб.

Сябра Рады БНР (займаў пасады міністра земляробства і міністра ўнутраных спраў). Арыштоўваўся савецкімі і польскімі ўладамі. Грамадзянскі муж актрысы Паўліны Мядзёлкі, першай выканальніцы ролі Паўлінкі. Памёр у Празе, месца пахавання невядомае.


20 сакавіка

Міжнародны дзень шчасця, астралогіі, а таксама франкафоніі.

1440. У Троках (Тракаі) у выніку змовы быў забіты вялікі князь літоўскі Жыгімонт Кейстутавіч. Жыгімонт з прапольскімі магнатамі супрацьстаяў Свідрыгайлу з незалежніцкімі сіламі.

Жыгімонт Кейстутавіч


Жыгімонт быў параноікам і паўсюль бачыў змову супраць сябе. І зацята выкрываў яе. У выніку змова з забойствам і здарылася.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: