БагатаДата 14–20 верасня

Вы ведаеце, што Бабруйск і Маладзечна былі абласнымі цэнтрамі? А пра тое, што знакаміты журналіст, публіцыст, літаратар і першы галоўны рэдактар адноўленай газеты «Наша Ніва» Сяргей Дубавец з’яўляецца вялікім майстрам беларускай масонскай ложы? Яшчэ больш цікавага — у аглядзе.

Фабіян Абрантовіч. Здымак знайшоў Уладзіслаў Ахроменка ў матэрыялах Цэнтральнага галіновага архіву СБУ Украіны


14 верасня

1884. У засценку Вераскоўшчына (Навагрудскі раён Гродзенскай вобласці) нарадзіўся Фабіян Абрантовіч, святар, місіянер, педагог (магістр тэалогіі). Быў рэктарам Мінскай каталіцкай духоўнай семінарыі, павінен быў стаць кіраўніком місіі МЗС БНР у Рыме.

1964. У Мінску памёр паэт, крытык, перакладчык, адзін з заснавальнікаў літаратурных аб’яднанняў «Маладняк» і «Узвышша» Язэп Пушча. Сапраўдныя імя і прозвішча — Іосіф Плашчынскі.


1969. У Магілёве нарадзіўся Мікалай Снапкоў, былы міністр эканомікі Беларусі, цяпер намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта.


15 верасня

Міжнародны дзень дэмакратыі. А ў Беларусі — яшчэ і Дзень бібліятэк.

1794. Руская армія пад камандаваннем А. Суворава разбіла пры Кобрыне войска Рэчы Паспалітай.

1929. У Мінску нарадзіўся мастак-графік, народны мастак Беларусі Арлен Кашкурэвіч. Сярод іншага менавіта ён стварыў ілюстрацыі да вядомых класічных літаратурных твораў: «Новая зямля», «Песня пра зубра», «Каласы пад сярпом тваім».


16 верасня

Міжнародны дзень аховы азонавага слоя. Абвешчаны Генеральнай асамблеяй ААН у 1994 годзе ў спецыяльнай рэзалюцыі (№ A/RES/49/114). Дата Міжнароднага дня абраная ў памяць аб дні падпісання Манрэальскага пратаколу па рэчывах, якія разбураюць азонавы слой. Дзяржавам — чальцам ААН было прапанавана прысвяціць гэты Міжнародны дзень прапагандзе канкрэтнай дзейнасці ў адпаведнасці з задачамі і мэтамі Манрэальскага пратаколу.


1859. У фальварку Судзі­ловічы Лепельскага павета Віцебскай губерні (цяпер вёска Будзькаўшчына Полацкага раёна Віцебскай вобласці) у сям’і дробнага шляхціца, род якога згадваецца з XV стагоддзя (дваранскае паходжанне пацверджана ў XIX стагоддзі ўказам Сената Расійскай імперыі) нарадзіўся Браніслаў Эпімах-Шыпіла, дзеяч беларускага нацыянальнага руху (памёр 6.6.1934). Ахрышчаны ў Палюдавіцкім касцёле. Бацькі — Ігнат Вікенцьевіч і Ганна Аляксандраўна (з роду Алецкіх). У Браніслава былі два малодшыя браты — Баляслаў і Уладзіслаў Юліян, а таксама сястра Валерыя.


У 1923 годзе прыязджаў у Мінск на сустрэчу з беларускімі пісьменнікамі. Склаў першую хрэстаматыю беларускай літаратуры. У 1924-м абраны правадзейным сябрам Інбелкульта. Пераехаў у Мінск у 1925 годзе. Працаваў рэдактарам, з 1927-га — старшынёй камісіі Інбелкульта па складанні слоўніка жывой беларускай мовы. Арыштаваны ДПУ БССР 18 ліпеня 1930-га па справе «Саюза вызвалення Беларусі»; на яго кватэры быў праведзены вобшук. Знаходзіўся ў зняволенні да 12 верасня 1930-га. Вымушаны быў пакінуць Мінск і выехаць у Ленінград, дзе і памёр.

1904. У вёсцы Баршчоўка Хойніцкага раёна Гомельскай вобласці нарадзілася актрыса Раіса Кашэльнікава, адна з лепшых выканальніц галоўнай ролі ў славутым спектаклі «Паўлінка».

1999. Зніклі без вестак палітык Віктар Ганчар і бізнесовец Анатоль Красоўскі. Віктар Ганчар — дэпутат Вярхоўнага Савету, віцэ-прэм’ер у першым урадзе Аляксандра Лукашэнкі, які ўжо праз паўгода пайшоў у адстаўку і апазіцыю, старшыня Цэнтрвыбаркаму. Падчас падрыхтоўкі рэферэндуму–1996 Лукашэнка незаконна прызначыў замест яго Лідзію Ярмошыну.


17 верасня

1939. Чырвоная Армія пачала паход у Заходнюю Беларусь і Украіну.

1949. У Мінску нарадзіўся палітык і навуковец Генадзь Карпенка. Доктар тэхнічных навук, дырэктар Маладзечанскага завода парашковай металургіі, мэр Маладзечна, дэпутат і віцэ-спікер Вярхоўнага Савета, кіраваў спробай імпічменту Лукашэнкі ў 1996 годзе. Будучы лідарам апазіцыі і меркаваным кандыдатам у прэзідэнты, раптоўна памёр у красавіку 1999 года пасля крывацёку ў мозг. Існуе версія, што яго смерць палітычна падладжаная і звязаная са знікненнямі ў тым самым годзе іншых апазіцыянераў — Віктара Ганчара ды Юрыя Захаранкі.


1959. У Мазыры нарадзіўся Сяргей Дубавец, журналіст, літаратар і выдавец. У 1991 годзе стаў галоўным рэдактарам адноўленай газеты «Наша Ніва», а сёлета — вялікім майстрам беларускай масонскай ложы.


18 верасня

1804. У мястэчку Свіслач на Гродзеншчыне на грошы графа Вінцэнта Тышкевіча была адкрытая гімназія. Сярод яе вучняў быў Кастусь Каліноўскі. Цяпер гэта гімназія носіць яго імя.


19 верасня

1939. Чырвоная Армія заняла Вільню, а Віленскі край быў далучаны да БССР. Праўда, ненадоўга — ужо 10 кастрычніка яго перадалі Літве.


20 верасня

1944. У складзе БССР утвораныя Гродзенская вобласць, Маладзечанская вобласць (скасаваная ў 1960 годзе) і Бабруйская вобласць (скасаваная ў 1954-м).

1960. У пасёлку Поразава Свіслацкага раёна Гродзенскай вобласці нарадзіўся кампазітар Яўген Паплаўскі. Адзін з арганізатараў і дырэктар у першай палове 1990-х гадоў нацыянальнага тэатральна-канцэртнага аб’яднання «Беларуская капэла». Сярод яго твораў — кантаты «Бацькаўшчына» на вершы Гілевіча і Геніюш, «Званы маёй Русі» на вершы Фета і Рубцова, сімфанічная паэма «Quo vadis?», сімфонія «Lux aetema» памяці Скарыны.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!