БагатаДата 15–21 чэрвеня

«Белая маланка», першы трактар, прыватны музей і яшчэ шмат цікавостак у нашым аглядзе.

«Белая маланка» Юлія Несцярэнка


15 чэрвеня

1954. У вёсцы Згурск Чэрвеньскага раёна на Міншчыне нара­дзіўся этнограф Іван Крук, ён працаваў прарэктарам Беларускай акадэміі мастацтваў і рэктарам Інстытута культуры Беларусі.

Іван Крук. Фота belarus24.by

1959. У вёсцы Сухары Чавускага раёна Магілёўскай вобласці нарадзіўся тэатральны рэжысёр Аляксандр Гарцуеў, мастацкі кіраўнік Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі.

1979. У Брэсце нарадзілася лёгкаатлетка Юлія Несцярэнка, якая стварыла суперсенсацыю на Алімпійскіх гульнях у Афінах 2004 года. Яна заваявала залаты медаль у прэстыжнай дысцыпліне — бегу на 100 метраў, абышоўшы цемнаскурых бягух, якія традыцыйна перамагаюць. За гэты выступ Несцярэнка атрымала спартовую мянушку «Белая маланка».


16 чэрвеня

1834. У вёсцы Дудзічы Пухавіцкага раёна Мінскай вобласці нарадзіўся Аляксандр Ельскі, краязнаўца, гісторык і літаратар, адзін з першых гісторыкаў беларускай літаратуры і збіральнікаў беларускіх рукапісаў.

Аляксандр Ельскі са сваёй дачкой Аляксандрай («Алесяй»)

У 1864 годзе ў сваім маёнтку Замосце Аляксандр Ельскі арганізаваў прыватны краязнаўчы музей, у фондах якога было каля 7 тысяч кніжак, 20 тысяч рукапісаў, больш за тысячу гравюраў, калекцыі карцінаў, манетаў і медалёў. Кніжныя і рукапісныя зборы Ельскага цяпер знаходзяцца ў асноўным у Варшаве і Кракаве, часткова — у Мінску і Вільні.

Сядзібны палац у маёнтку Замосце, фота пачатку XX ст.

Аляксандр Ельскі — першы біёграф пісьменніка Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. Пераклаў на беларускую мову першую частку паэмы Адама Міцкевіча «Пан Тадэвуш».


17 чэрвеня

1934. Прэзідэнт Польшчы Ігнацы Масціцкі выдаў распараджэнне пра стварэнне ў Бярозе-Картузскай (цяпер гэта горад Бяроза ў Брэсцкай вобласці) лагера, куды змяшчалі пазасудова «асобаў, якія ствараюць пагрозу бяспецы, спакою і грамадскаму парадку». Шмат сядзельцаў было сярод актывістаў нацыянальных меншасцяў, у тым ліку беларусаў.

Чытайце таксама:

Бяроза-Картузская. Месца ізаляцыі, трагедыя, памяць



Вязні ўтрымліваліся ў лагеры ва ўмовах няспынных здзекаў. Яны былі вымушаны ўсё выконваць бегма і не маглі размаўляць паміж сабой. У прыбіральню выводзілі толькі адзін раз на суткі ранкам. Загадвалі мыць прыбіральні і падлогі, не давалі мыць рукі перад харчаваннем. Забаронена было і праць вопратку.

Вязні "Бярозы-Картузскай". Фота з архіва Ігара Мельнікава

Зняволеных прымушалі рабіць бессэнсоўную цяжкую працу: выкопваць і засыпаць ірвы, пераносіць валуны з месца на месца. Вызваленыя з лагера мусілі цалкам спыніць грамадска-палітычную дзейнасць і не мелі права распавядаць нікому пра ўмовы ўтрымання там пад пагрозай новага зняволення.


18 чэрвеня

1939. У Маскве нарадзіўся кампазітар і арганіст Алег Янчанка, які з 1963 па 1971 гады жыў у Беларусі, дзе заснаваў Мінскі камерны аркестр — цяпер Дзяржаўны камерны аркестр. Адкрыў некалькі арганаў у Беларусі.

1949. Мінскі трактарны завод выпусціў першы трактар. Гэта быў эксперыментальны асобнік. Праз год сабралі працуючы трактар.

1979. У Мінску нарадзіўся фрыстайліст Аляксей Грышын. Менавіта ён заваяваў першы залаты медаль у гісторыі Беларусі на зімовых Алімпійскіх гульнях (Ванкувер, 2010 год). Да гэтага ў 2002 годзе ў яго была «бронза» ў Солт-Лэйк-Сіці.


19 чэрвеня

1924. У вёсцы Бычкі Ушацкага раёна Віцебскай вобласці нарадзіўся народны пісьменнік Беларусі Васіль Быкаў. Класік беларускай літаратуры.

Васіль Быкаў на Плошчы Перамогі ў Мінску, 1984 год

Васіль Быкаў стаў шырока вядомы пасля публікацыі аповесці «Трэцяя ракета». Далей з ваенна-экзістэнцыйнай прозы былі «Альпійская балада», «Мёртвым не баліць», «Сотнікаў», «Дажыць да світання», «Знак бяды», «У тумане», «Аблава»... Шмат па якіх творах Быкава знятыя фільмы. Стужка «Узыходжанне» паводле «Сотнікава» атрымала галоўную ўзнагароду Берлінскага кінафестывалю «Залаты мядзведзь».

У Быкава склаліся непрыязныя адносіны з цяперашняй уладай Беларусі. Таму дагэтуль у Мінску няма вуліцы ў гонар пісьменніка.


20 чэрвеня

1939. У Мінску нарадзіўся тэатральны рэжысёр Валерый Раеўскі, народны артыст Беларусі. Цягам 35 гадоў з 1967-га быў мастацкім кіраўніком Купалаўскага тэатра.


21 чэрвеня

1864. У вёсцы Бялевічы Слуцкага раёна Мінскай вобласці нарадзіўся этнограф Аляксандр Сержпутоўскі. Асноўныя працы: «Казкі і апавяданні беларусаў-палешукоў», «Кароткі слоўнік беларускай дзіцячай мовы», «Зборнік беларускіх прыказак і прымавак». Галоўная яго праца «Быт беларусаў» знікла пасля таго, як з архівам Акадэміі навук была вывезеная ў Германію.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!