БагатаДата 18–25 траўня

На наступным тыдні сваё 75-годдзе адзначыць Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы. Іншыя круглыя даты і юбілеі — у нашым аглядзе.

18 траўня

1924. У Вільні пачала выходзіць заходнебеларуская газета «Сын Беларуса». Яна была неафіцыйным друкаваным органам Беларускага пасольскага клубу — нацыянальнай дэпутацкай фракцыі ў польскім парламенце (Сойме). Выйшлі чатыры дзясяткі нумароў. Выданне было закрытае польскімі ўладамі ў верасні гэтага ж года.


19 траўня

1939. У вёсцы Нікуліна Маскоўскай вобласці нарадзіўся беларускі лёгкаатлет (трайны скачок) Уладзімір Гараеў. Сярэбраны прызёр Алімпіяды–1960. Вынік — 16 метраў 63 сантыметры. Сусветны рэкорд, дарэчы, ад 1995 года роўны 18 метрам 29 сантыметрам.

1944. Пры Акадэміі навук заснаваны Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы. Яго стваральніцай і першым дырэктарам была жонка паэта Уладзіслава Луцэвіч. З 1959 года музей знаходзіцца ў Мінску на вуліцы імя Янкі Купалы на месцы яго былога дома. Тут ёсць рукапісы, выданні твораў розных гадоў, асабістыя рэчы паэта, шматлікія фотаздымкі, інтэр’еры працоўнага кабінета, створаныя паводле ўспамінаў і архіўных матэрыялаў. Побач з музеем павінны былі ўзвесці альтанку, а таксама павільён для экспанавання асабістай Купалавай машыны маркі «Chevrolet», падоранай пісьменніку ўрадам БССР, але ажыццявіць гэта не ўдалося.


20 траўня

1654. Пачаліся баявыя дзеянні ў 13-гадовай вайне паміж Рэччу Паспалітай і Расіяй. У выніку разбуральнай вайны тэрыторыя ВКЛ зменшылася з 370 да 312 тысяч квадратных кіламетраў. А насельніцтва скарацілася ўдвая!

1884. У вёсцы Базаравічы Пухавіцкага раёна нарадзіўся харэограф і балетмайстар Канстанцін Алексютовіч. Стварыў сцэнічныя варыянты шматлікіх беларускіх танцаў — «Лявоніха», «Крыжачок», «Мяцеліца», «Мікіта», «Таўкачыкі», «Бычок», «Кола», «Юрачка», «Верабей», «Лянок», «Шастак», «Галубец», «Казачок».

1954. У Мюнхене пачала вяшчанне беларуская секцыя радыё «Вызваленне», цяпер гэта беларуская служба радыё «Свабода». Некалькі тыдняў таму яно пакінула радыёхвалі і застанецца ў інтэрнэце як мультымедыйная кампанія.


21 траўня

1869. У армянскім Сцепанаване нарадзіўся беларускі кампазітар Мікалай Чуркін, адзін з заснавальнікаў беларускай прафесійнай музыкі. Сярод яго твораў: оперы «Вызваленне працы», «Раскіданае гняздо», радыёопера для дзяцей «Рукавічка», музычныя камедыі «Кок-сагыз», «Песня Бярэзіны», уверцюра «Памяці Янкі Купалы» для аркестра беларускіх народных інструментаў, песні для дзяцей на словы беларускіх паэтаў.

1894. У сяле Стары Крывец, цяпер гэта Бранская вобласць Расіі, нарадзіўся Мікалай Галадзед, беларускі грамадска-палітычны дзеяч, старшыня ўраду (Савета Народных Камісараў) БССР у 1927–1937 гадах. Быў зняты з пасады ў траўні 1937 года, а ў чэрвені арыштаваны ў Маскве, куды ён паехаў на прыём да Сталіна высветліць сітуацыю наконт сябе. Адпраўлены ў Мінск, дзе праз некалькі дзён падчас допыту ў НКУС выкінуўся з вакна пятага паверха. Але ёсць іншыя версіі яго смерці.


22 траўня

1899. У вёсцы Малыя Азяранкі Ваўкавыскага раёна на Гродзеншчыне нарадзіўся педагог і палітычны дзеяч Мікола Чарнецкі. Сябра Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў. Настаўнічаў у гімназіях Радашковічаў і Клецка. Працаваў дырэктарам школы ў Крынках на Беласточчыне. Праз катаванні забіты ў 1944 годзе пад Беластокам польскім падполлем, якое ў той час чыніла сапраўдны тэрор супраць беларускіх настаўнікаў.


23 траўня

1959. У Слоніме нарадзіўся доктар гістарычных навук Аляксандр Смалянчук.

1964. У Мінску нарадзілася Ірына Дубянецкая, багаслоў і філосаф, доктар сакральнай тэалогіі.


24 траўня

1904. У вёсцы Пясочная пад Капылём на Міншчыне нарадзіўся паэт-песеннік Адам Русак. Яго песня «Бывайце здаровы» стала народнай.

1944. У прыгарадзе Гомеля з’явіўся на свет выдавец і аўтар гісторыка-папулярных кніг Анатоль Тарас.




Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!