БагатаДата 18–24 студзеня

А вы ведаеце, што беларус пэўны час кіраваў студыяй «Манголкіно»? А аўтар рускіх «народных» песень, кшталту «Кацюшы» ды «Ой, цвіце каліна», цесна звязаны з Беларуссю? Больш цікавостак — у нашым аглядзе.

19 студзеня — Сусветны дзень рэлігіі


18 студзеня

1895. У горадзе Івянец Валожынскага раёна на Міншчыне нарадзіўся педагог, матэматык і грамадскі дзеяч Лявон Більдзюкевіч. Быў загадчыкам Мінскай школы сляпых, дзе перавёў навучанне на беларускую мову. Распрацоўваў навучальныя праграмы для беларускай пачатковай школы і займаўся матэматычнай тэрміналогіяй па-беларуску. У 1938 годзе арыштаваны па «справе Саюза вызвалення Беларусі», асуджаны на 5 гадоў лагераў, памёр на Калыме.

19 студзеня

Анатоль Зэкаў

Анатоль Зэкаў



Сусветны дзень рэлігіі. А ў Беларусі адзначаецца Дзень ратаўніка.

1900. У Мінску нарадзіўся філолаг і філосаф Віктар Баркоўскі. Рэдактар знакамітай манаграфіі Яўхіма Карскага, які быў яго цесцем, «Беларусы».

1900. У вёсцы Глотаўка Смаленскай вобласці нарадзіўся савецкі літаратар, паэт-песеннік Міхаіл Ісакоўскі. На яго вершы напісаны песні: «Кацюша», «Ляцяць пералётныя птушкі», «Ворагі спалілі родную хату», «Самотны гармонік», «Якім ты быў, такі ты і застаўся», «Ой, цвіце каліна». Шмат перакладаў на рускую мову творы беларускай літаратуры — нездарма ж нарадзіўся на блізкай нам Смаленшчыне. Непрыемны выпадак здарыўся з перакладам верша «Бывайце здаровы» Адама Русака. Аднайменная песня доўгі час лічылася ці то народнай з рускамоўным перакладам Ісакоўскага, ці то напісанай на яго верш. Але Русак адстаяў сваё аўтарства, і Ісакоўскаму давялося выбачацца.


20 студзеня

1955. У вёсцы Патапаўка Буда-Кашалёўскага раёна Гомельскай вобласці нарадзіўся пісьменнік і журналіст Анатоль Зэкаў. Узначальваў сталічную гарадскую газету «Добры вечар» у першай палове 1990-х гадоў, затым быў галоўным рэдактарам «Беларускай лясной газеты», кіраваў часопісам «Вожык», на яго вершы спявалі песні Якаў Навуменка і Анатоль Ярмоленка.


1960. Скасавана Маладзечанская вобласць. Яе раёны перадалі Віцебшчыне, Міншчыне і Гродзеншчыне. А існавала Маладзечанская вобласць з 1944 года — у яе перайменавалі тады Вілейскую вобласць.


21 студзеня

Міжнародны дзень абдымкаў.

Фота з фэйсбуку МТС Беларусь

1905. У Мінску нарадзіўся тэатральны дзеяч Яўген Рамановіч. Ён быў акцёрам Купалаўскага тэатра, драматургам, пераклаў на беларускую мову вядомыя п’есы рускай літаратуры — ад Горкага да Астроўскага.

1930. У Гомелі нарадзіўся піяніст, дыктар і вядучы канцэртаў Уладзімір Шаліхін. Вёў на Беларускім тэлебачанні шэраг перадач і «Панараму навін».


22 студзеня

1935. Адбыўся адзінаццаты Усебеларускі з’езд Саветаў, які канстатаваў канчатковую перамогу калгаснага ладу ў БССР (у калгасах на той момант было абʼяднана 72,6% сялянскіх гаспадарак). Старшынёй Цэнтральнага выканаўчага камітэта быў пераабраны Аляксандр Чарвякоў. Усебеларускі з’езд Саветаў затым склікаўся яшчэ толькі адзін раз — каб абвесціць першыя выбары ў Вярхоўны Савет БССР.


23 студзеня

1875. У горадзе Раслаўль Смаленскай вобласці Расіі нарадзіўся рускі і беларускі культурніцкі дзеяч, мастак Дзмітрый Полазаў. Быў сябрам Янкі Купалы. Шмат яго карцін цяпер знаходзіцца ў фондзе Дзяржаўнага музея Янкі Купалы ў Мінску, у тым ліку і партрэты класіка беларускай літаратуры.

1920. У Махачкале (Расія) нарадзіўся вядомы беларускі мастак Пётр Данэлія. Пэўны час быў галоўным мастаком Брэста, дзе жыў і памёр.


24 студзеня

Міжнародны дзень адукацыі.

1885. У Полацку на Віцебшчыне нарадзіўся кінарэжысёр Юрый Тарыч (сапраўднае прозвішча — Аляксееў). Псеўданім узяў пасля таго, як быў арыштаваны ў 1905 годзе як рэвалюцыянер і высланы ў вёску Тара Табольскай губерні.

У гісторыю ўвайшоў як творца, які зняў у 1926 годзе першы беларускі мастацкі фільм «Лясная быль» па аповесці Міхася Чарота «Свінапас». У 1943–1945 гадах кіраваў студыя «Манголкіно», затым працаваў збольшага ў Маскве, дзе памёр і быў пахаваны.

Бюст Тарыча ў Полацку. Фота wikipedia.org

На радзіме, у Полацку, каля кінатэатра «Радзіма» Юрыю Тарычу ўсталяваны помнік.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: