БагатаДата 19–25 кастрычніка

Першымі рэйсавымі аўтобусамі ў Мінску былі «Рэно», «Фіяты» і «Форды». А яшчэ на гэтым тыдні адзначаецца Дзень млынароў. Вы ведалі пра такое свята? Больш цікавостак — у традыцыйным аглядзе.


19 кастрычніка

1909. У вёсцы Іванкава Калужскай вобласці Расіі нара­дзіўся беларускі сцэнарыст і перакладчык Міхась Блісцінаў. Напісаў сцэнар мастацкага фільма «Строгая жанчына». Пераклаў на беларускую мову «Пятра Першага» Аляксея Талстога і «Як гартавалася сталь» Мікалая Астроўскага.


20 кастрычніка


Міжнародны дзень кухараў, а таксама авіядыспетчараў і барацьбы з астэапарозам.

2004. Была забіта беларуская журналістка Вераніка Чаркасава. Працавала на БТ, затым у незалежнай прэсе. Забітая ва ўласнай кватэры ў Мінску.


Следства распрацоўвала бытавую версію забойства, падазраючы сваякоў. Журналісцкая супольнасць меркавала, што яго мог учыніць кілер пасля таго, як журналістка сабрала інфармацыю пра датычнасць беларускага «Інфабанку» да незаконнага гандлю зброяй з Іракам.


21 кастрычніка

1914. У эстонскім горадзе Валга нарадзіўся каталіцкі дзеяч Казімір Свёнтак. Падчас Першай сусветнай вайны яго сям’я была ў эвакуацыі і апынулася ў Беларусі. Свёнтак вучыўся ў Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Пінску, у 1939 годзе быў пасвечаны ў святары і пачаў службу ў Пружанах. Быў сасланы ў лагер, вярнуўся ў Беларусь у 1954-м. У 1994 годзе першым у Беларусі атрымаў ад Папы Рымскага сан кардынала.

Казімір Свёнтак

1919. У Мінску пачала выходзіць газета «Беларусь». Выходзіла штодня. Пазіцыянавалася як палітычына-эканамічнае і літаратурнае выданне. Тут друкаваліся Янка Купала, Якуб Колас, Максім Гарэцкі, Змітрок Бядуля, Максім Гарэцкі, Францішак Аляхновіч, Уладзіслаў Галубок. Газета выступала за незалежнасць Беларусі. Спыніла існаванне ўлетку 1920 года праз прыход у Мінск бальшавікоў.


22 кастрычніка

Міжнародны дзень людзей, якія заікаюцца.

1919. У Пружанах на Брэст­чыне нарадзілася Раіса Жук-Грышкевіч (у дзявоцтве — Жукоўская), дзяячка беларускай эміграцыі. З 1949 года жыла ў Канадзе, дзе скончыла ўніверсітэт, стала лекаркай-дантысткай.

Раіса Жук-Грышкевіч разам з мужам.

Выйшла замуж за беларуса з падобным да свайго прозвішчам — Вінцэнта Жука-Грышкевіча, старшыню Рады БНР у 1971–1982 гадах. Раіса Жук-Грышкевіч кіравала Задзіночаннем беларускіх жанчын Канады, узначальвала Каардынацыйны камітэт беларусаў Канады.


23 кастрычніка

1909. У вёсцы Вялікае Сяло Шаркаўшчынскага раёна нарадзіўся вайсковы і грамадскі дзеяч Міхась Зуй. Падчас Другой сусветнай вайны кіраваў Беларускай народнай Самапомаччу ў мястэчку Германавічы, затым — Шаркаўшчынскім паветам. Удзельнічаў у ваеннай школе-батальёне «Дальвіц», пасля раззбраення якога ў Чэхіі апынуўся ў савецкай арміі. Адтуль дэзерціраваў, здолеў перабрацца ў Аўстралію. Быў прэзідэнтам Беларускай цэнтральнай рады — арганізацыі, створанай за нямецкай акупацыяй як мясцовая адміністрацыя і якая затым фармальна існавала на эміграцыі.

1924. У Мінску пачалі ездзіць рэйсавыя аўтобусы. Савецкіх тады яшчэ не было, а таму па сталіцы БССР курсіравалі «Форды», «Фіяты», «Рэно».


24 кастрычніка

Дзень Арганізацыі аб’яднаных нацыяў.


1994. Памёр беларускі пісьменнік, перакладчык і кінасцэнарыст Анатоль Вялюгін. Лаўрэат Літаратурнай прэміі імя Янкі Купалы за паэму «Вецер з Волгі». Па яго сцэнарах былі зняты мастацкія фільмы «Рэха ў пушчы» і «Глядзіце на траву», а таксама больш за 40 дакументальных стужак.

Анатоль Вялюгін. 1970-я гады


25 кастрычніка

Дзень млынароў у Беларусі.


1884. У вёсцы Наройкі (цяпер Падляшскае ваяводства Польшчы) нарадзіўся беларускі археолаг і гісторык Сяргей Дубінскі. Выдаў першую «Бібліяграфію па археалогіі Беларусі і сумежных краін». У 1930 годзе арыштаваны па справе «Саюза вызвалення Беларусі», але вызвалены. Пераехаў у Ленінград, працаваў у Акадэміі гісторыі матэрыяльнай культуры. Зноў арыштаваны ў 1937-м і расстраляны.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!