БагатаДата 2–8 сакавіка

Ці ведаеце вы, што звязвае Оскара Мілаша і Юрыя Алешу? А каго можна лічыць ледзь не галоўным атэістам? Пра гэта і шмат яшчэ пра што — у нашым аглядзе.

Фота west.bloger.by

2 сакавіка

140 гадоў з дня нараджэння ў Мінску Міхаіла Кроля, заснавальніка савецкай неўралагічнай школы. У 1930-я гады ён кіраваў Крамлёўскай бальніцай.
80 гадоў таму не стала Оскара Мілаша, французскага паэта і літоўскага дыпламата беларускага паходжання, дзядзькі і настаўніка лаўрэата Нобелеўскай прэміі па літаратуры 1980 года Чэслава Мілаша. Мілаш нарадзіўся ў вёсцы Чарэя Чашніцкага раёна на Віцебшчыне.
25 гадоў таму Вярхоўны Савет Беларусі прагаласаваў за прэзідэнцкую форму кіравання. Парламенцкая апазіцыя БНФ байкатавала галасаванне, заявіўшы, што ўвядзенне прэзідэнцтва прывядзе да дыктатуры.
5 гадоў таму ў Мінску памёр народны пісьменнік Беларусі, намінант на Нобелеўскую прэмію, паэт Рыгор Барадулін.

3 сакавіка

Сусветны дзень пісьменніка.
120 гадоў таму нарадзіўся Юрый Алеша, савецкі пісьменнік з беларускімі шляхецкімі каранямі. У ягоны гонар названая адна з вуліц Гродна. Алеша — аўтар кнігі-казкі «Тры таўстуны» (1924).
85 гадоў з дня нараджэння мінчанкі Галіны Талкачовай, народнай артысткі Беларусі, актрысы Купалаўскага тэатра. Яна — жонка народнага артыста Аўгуста Мілаванава.
75 гадоў таму ў сваёй кватэры ў Вільні невядомым быў застрэлены пісьменнік Францішак Аляхновіч. Менавіта яго аповесць «У капцюрох ГПУ» — першы твор у сусветнай літаратуры, у якім арыштант сталінскага лагера апісвае тамтэйшае жыццё.


4 сакавіка

Дзень беларускай міліцыі.
У гэты дзень у 1917 годзе баявыя атрады рабочых пад кіраўніцтвам Міхаіла Фрунзэ захапілі ў Мінску паліцэйскую ўправу і раззброілі яе супрацоўнікаў. Таму вельмі здзіўляе, што ў 2017 годзе каля МУС усталявалі помнік царскаму гарадавому.
385 гадоў таму пад Брэстам з’явіўся на свет Казімір Лышчынскі, філосаф, педагог і грамадскі дзеяч Рэчы Паспалітай. Аўтар трактату «Аб неіснаванні Бога». У 1689 годзе па рашэнні царкоўнага суду абезгалоўлены і спалены на вогнішчы ў цэнтры Варшавы за атэізм.
95 гадоў з дня нараджэння балерыны Лідзіі Ражанавай.
85 гадоў з дня нараджэння драматурга і кінасцэнарыста Анатоля Дзялендзіка (п’еса «Выклік багам», фільм «Анастасія Слуцкая»).
70 гадоў спаўняецца археолагу Валянціну Собалю, а таксама народнаму артысту Беларусі, спеваку-барытону і педагогу Івану Тамашэвічу.

5 сакавіка

740 гадоў таму адбылася бітва пад Ашэрадэнам. Цяпер гэта горад Айзкраўкле ў Латвіі. Біліся крыжакі Лівонскага ордэна і войскі ВКЛ пад камандаваннем князя Трайдзеня. Ордэн зазнаў паразу — другую па маштабах у ХІІІ стагоддзі. Быў забіты разам з дзясяткамі рыцараў гросмайстар Лівонскага ордэна.

6 сакавіка

Еўрапейскі дзень памяці праведнікаў народаў свету — людзей, якія выступалі супраць таталітарных рэжымаў і масавых злачынстваў. У прыватнасці, ратавалі яўрэяў падчас Другой сусветнай вайны. Праведнікамі народаў свету прызнаныя больш за 900 беларусаў.

7 сакавіка

100 гадоў з дня нараджэння Аляксея Слесарэнкі, беларускага пісьменніка і акцёра. Здымаўся ў фільмах «Вясёлыя хлопцы», «Бежын луг», «Палескія рабінзоны».
95 гадоў таму была прынята пастанова прэзідыума ЦВК СССР «Аб аб’яднанні ў складзе Беларускай ССР усіх тэрыторый Савецкага Саюза з большасцю беларускага насельніцтва». БССР пашырылася шэрагам паветаў Віцебшчыны, Гомельшчыны і Смаленшчыны. Гэта так званае першае ўзбуйненне БССР: яе тэрыторыя павялічылася ўдвая — да 110 тысяч квадратных кіламетраў, а насельніцтва — амаль утрая, да 4,2 мільёна чалавек.

8 сакавіка

Міжнародны жаночы дзень.
65 гадоў спаўняецца Андрэю Саннікаву. Кандыдат у прэзідэнты Беларусі на выбарах 2010 года, каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь». Працаваў намеснікам міністра замежных спраў Беларусі — падаў у адстаўку напярэдадні рэферэндуму 1996 года на знак пратэсту супраць яго правядзення. Увесну 2011 года Саннікаў быў асуджаны да 5 гадоў пазбаўлення волі нібыта за арганізацыю беспарадкаў у дзень галасавання на выбарах прэзідэнта 19 снежня 2010 года. Пасля памілавання Лукашэнкам атрымаў палітычны прытулак у Вялікабрытаніі.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!