БагатаДата 2-8 студзеня

Аднаму з тых, у каго на гэтым тыдні юбілей, мы абавязаныя «Саркафагам» у цэнтры Мінска, але і прыгожым Оперным тэатрам. Хто ён? І хто яшчэ на тыдні святкуе дні народзінаў? Чытайце ў нашым традыцыйным аглядзе.


2 студзеня
1956. У вёсцы Каменка Чачэрскага раёна на Гомельшчыне нарадзілася спявачка (лірычнае сапрана) Валянціна Пархоменка. У 1981-1991 гадах была салісткай Беларускага тэлебачання і радыё, а таксама ансамблю народнай музыкі «Жывіцы». Ад пачатку 1990-х гадоў жыве ў ЗША.

3 студзеня
Дзень банкаўскіх і фінансавых работнікаў.
1941. У вёсцы Харэўшчына Сенненскага раёна на Віцебшчыне нарадзіўся беларускі дзяржаўны дзеяч, транспартнік Яўген Валадзько. Кіраваў Беларускім прафсаюзам чыгуначнікаў і транспартных будаўнікоў. З 1993 па 1996 год быў начальнікам Беларускай чыгункі. У ягоны гонар названа адна са сталічных вуліц.

4 студзеня
1986. У вёсцы Мышанка Петрыкаўскага раёна на Гомельшчыне нарадзіўся спартовец Андрэй Краўчанка (шматбор’е). Чэмпіён Еўропы і сярэбраны медаліст Алімпійскіх гульняў.

5 студзеня
Дзень работнікаў сацыяльнай абароны.
1996. У сяле Абай Карагандзінскай вобласці Казахстана нарадзілася беларуская біятланістка Дынара Алімбекава. Чэмпіёнка Алімпійскіх гульяняў-2018 у эстафеце. У гэтым сезоне стала лідарам не толькі зборнай Беларусі, але і адной з фаварытак Кубку свету (у снежні 2020 года выйграла спрынт на адным з яго этапаў).

6 студзеня
1946. У Мінску нарадзіўся архітэктар Анатоль Шабалін. Быў чэмпіёнам Беларусі па шашках сярод юнакоў. Асноўныя працы (у суаўтарстве): Палац Рэспублікі, рэканструкцыя Опернага тэатру, «Мінск-Арэна».

7 студзеня
Раство паводле праваслаўнай канфесіі.
1946.У Ровенскай вобласці Украіны нарадзіўся савецкі і беларускі вайсковец, намеснік міністра абароны Беларусі Уладзімір Усхопчык. Камандаваў штурмам віленскай тэлевежы 13 студзеня 1991 года, калі загінулі 13 чалавек. Беларусь адмовілася выдаць Усхопчыка Літве для суду. Завочна ў Вільні генерала прысудзілі да 14 гадоў пазбаўлення волі.

8 студзеня
1936. У вёсцы Дамашы Маладзечанскага раёна на Міншчыне нарадзіўся гісторык Генадзь Каханоўскі. Ініцыятар стварэння ў 1989 годзе і першы старшыня Беларускага краязнаўчага таварыства. 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: