БагатаДата: 2–8 лістапада

На тыдні святкуюць гадавіны мінскі ЦУМ (55 гадоў) і Нацыянальны мастацкі музей — 80 гадоў! А хто яшчэ што адзначае — у нашым аглядзе.

2 лістапада

Дзяды (Дзень памяці продкаў) і Сусветны дзень мужчын.

1909. У вёсцы Прусы (Салігорскі раён Мінскай вобласці) нарадзіўся пісьменнік Максім Лужанін. Сапраўднае імя — Аляксандр Каратай. Літаратурны сакратар Якуба Коласа, напісаў кнігу «Колас расказвае пра сябе». Арыштоўваўся ДПУ і быў асуджаны на два гады лагера як «член контррэвалюцыйнай нацдэмаўскай арганізацыі», працаваў адказным сакратаром часопіса «Вожык» і галоўным рэдактарам кінастудыі «Беларусьфільм».

1974. У Мінску нарадзіўся адзін з самых вядомых хакеістаў у гісторыі Беларусі Руслан Салей. Па амплуа быў абаронцам, гуляў за мінскія «Юнацтва», «Дынама», «Цівалі». У НХЛ у складзе «Анахайм Майці Дакс» у 2003 годзе дайшоў да фіналу Кубку Стэнлі. Беларуская федэрацыя хакея вывела са звароту ў нацыянальнай зборнай 24-ы нумар, пад якім гуляў і быў капітанам Салей. У памяць пра хакеіста, які загінуў у 2011 годзе ў авіякатастрофе пад Яраслаўлем, праводзіцца штогадовы турнір.


3 лістапада

Дзень працаўнікоў грама­дзянскай авіяцыі (адзначаецца ў Беларусі ў першую нядзелю лістапада).

1964. У Гродне нарадзіўся палітаглядальнік і літаратуразнаўца Аляксандр Фядута. Узначальваў Саюз моладзі Беларусі, у 1994 годзе, пасля перамогі на прэзідэнцкіх выбарах Аляксандра Лукашэнкі, кіраваў упраўленнем грамадска-палітычнай інфармацыі Адміністрацыі прэзідэнта.

Пайшоў у адстаўку ў снежні таго ж года пасля з’яўлення ў газетах «белых плямаў» замест даклада дэпутата Сяргея Антончыка пра карупцыю ў атачэнні прэзідэнта. Палітвязень пасля выбараў–2010.

4 лістапада

1924. Прынятая пастанова аб стварэнні ў Віцебску ветэрынарнага інстытута — цяпер гэта Віцебская дзяржаўная акадэмія ветэрынарнай медыцыны.


5 лістапада

1864. У вёсцы Бабкоў Аршанскага раёна на Віцебшчыне нарадзіўся географ, натураліст Аляксей Бялыніцкі-Біруля. Дырэктар Заалагічнага музею Акадэміі навук СССР. У 1930 годзе арыштаваны па сфабрыкаванай «акадэмічнай справе» супраць вучоных у Ленінградзе. Спачатку быў лагер, а потым ссылка ў Архангельск. Памёр і пахаваны ў Санкт-Пецярбургу.

1904. У вёсцы Асецішча Докшыцкага раёна Віцебскай вобласці нарадзілася французская мастачка Надзея Хадасевіч-Лежэ. Была вучаніцай Казіміра Малевіча. З 1924 года яна жыла ў Парыжы. 


Яе графіка ёсць у Нацыянальным мастацкім музеі. Да 24 лістапада там працуе выставачны праект «Надзя». Можна пабачыць як працы самой мастачкі, так і еўрапейскіх творцаў, у тым ліку Пікаса, якія яна ў свой час, наведваючы СССР, падарыла музею.


1954. Памёр паэт і перакладчык Міхась Клімковіч, аўтар тэксту да гімну БССР «Мы, беларусы», першы старшыня праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі.

1964. У Мінску адчыніўся ЦУМ — Цэнтральны ўнівермаг. Першапачаткова крама была двухпавярховай. Рэканструкцыю з павелічэннем гандлёвых плошчаў зрабілі ў 1990-я гады.


6 лістапада

1914. У вёсцы Пуканаўка Полацкага раёна на Віцебшчыне нарадзіўся дзяржаўны дзеяч БССР Дзмітрый Цябут. Кіраваў Міністэрствам нарыхтовак. У розныя гады яно было таксама Міністэрствам хлебапрадуктаў.


7 лістапада

Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі — па-ранейшаму свята і выхадны дзень у афіцыйным календары Беларусі.

На сталічнай плошчы Незалежнасці 7 лістапада 2018 года


1899. У польскім горадзе Пётркаў-Трыбунальскі нарадзіўся беларускі археолаг Васіль Тарасенка. Лічыцца заснавальнікам беларускай гарадской археалогіі. Ён першым пачаў вывучаць старажытны Мінск — у прыватнасці, вёў раскопкі гарадзішча.

1939. У вёсцы Рэчыца Чэрыкаўскага раёна Магілёўскай вобласці нарадзіўся Уладзімір Ягораў. Першы міністр унутраных спраў незалежнай Беларусі, затым у 1994–1995 гадах — старшыня КДБ.


8 лістапада

1784. У маёнтку Шаўры (цяпер Воранаўскі раён Гродзеншчыны) нарадзіўся гісторык, археолаг, ваенны інжынер Тэадор Нарбут. Браў удзел у праектаванні і будаўніцтве Бабруйскай крэпасці. Даследаваў гісторыю ВКЛ, напісаў 9-томную «Гісторыю літоўскага народа». За тое, што яго дзеці ўзялі ўдзел у паўстанні 1863 года, быў прысуджаны разам з жонкай да высылкі. Праз узрост і дрэнны стан здароўя Тэадора Нарбута ў выніку пакінулі паміраць дома (ён сканаў у 1864-м), а вось яго жонка 20 гадоў прабыла ў Пензенскай губерні.

1929. У Мінску запрацаваў хімфармзавод імя першай пяцігодкі. Так паўставала цяперашняе прадпрыемства «Белмедпрэпараты».

1939. У Мінску адкрылася Дзяржаўная карцінная галерэя — правобраз Нацыянальнага мастацкага музея.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: