БагатаДата 20–26 чэрвеня

У гэтыя дні шмат гадоў таму адбываліся падзеі, якія значна паўплывалі на лёс Беларусі. Напрыклад, БССР стала заснавальніцай ААН, а таксама нарадзіўся аўтар Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце БССР. Што яшчэ адбылося? Чытайце ў нашым традыцыйным аглядзе.

Сусветны дзень уцекачоў — 20 чэрвеня

20 чэрвеня

Сусветны дзень уцекачоў.

1925. У вёсцы Белевічы Смаргонскага раёна нарадзіўся грамадскі дзеяч беларускай эміграцыі Янка Сурвіла. Муж старшыні Рады БНР Івонкі Шыманец (Сурвілы). Стварыў галерэю фотапартрэтаў літаратараў-эмігрантаў — сярод іх і Наталлі Арсенневай.


21 чэрвеня

Дзень медыцынскіх работнікаў.

1820. На Случчыне нарадзіўся беларуска-польскі мастак і літаратар Браніслаў Залескі. Падтрымліваў паўстанне 1863–1864 гадоў — у прыватнасці, дапамагаў закупляць зброю. Стварыў некалькі малюнкаў пра паўстанне. Сябраваў з украінскім паэтам Тарасам Шаўчэнкам. Залескі разам з паэтам ёсць на шаўчэнкавай карціне «Шаўчэнка сярод таварышаў».

Браніслаў Залескі


1920. На хутары Паддубнае Лунінецкага раёна нарадзіўся ваенна-палітычны дзеяч Усевалад Родзька. У Другую сусветную вайну супрацоўнічаў з абверам, быў бурмістрам Віцебска. Старшыня Беларускай незалежніцкай партыі. Распрацоўваў план антынямецкага паўстання ў Мінску. Пасля вайны арыштаваны савецкімі спецслужбамі і прыгавораны да расстрэлу, які быў заменены зняволеннем у Сібіры. Далейшы лёс невядомы.

1930. Медыцынскі факультэт Белдзяржуніверсітэта рэарганізаваны ў Мінскі медінстытут (цяпер Беларускі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт). У гэты ж дзень у Гомелі паўстаў Беларускі лесатэхнічны інстытут, які з 1945 года працаваў у Мінску (цяпер гэта Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт).

1935. Ва ўкраінскім горадзе Крывы Рог нарадзілася беларуская эстрадная спявачка Нэлі (сапраўднае імя — Нінэль) Багуслаўская. Працавала салісткай Беларускай дзяржфілармоніі. У 1966 годзе перамагла на Усесаюзным конкурсе савецкай песні ў Маскве. Вядомыя песні ў яе выкананні: «Калі ласка, будзьце побач» мужа Ізмаіла Капланава, «Спадчына» Ігара Лучанка, «Гісторыя аднаго кахання» Леаніда Захлеўнага, «Летні снег» Давіда Тухманава, «Белая Русь» Юрыя Семянякі, «Ой, цвіце каліна» Ісаака Дунаеўскага.

1955. У Крывым Рогу нарадзіўся гісторык і палітык Валянцін Голубеў. Дэпутат Вярхоўнага Савета 12-га склікання ад Апазіцыі БНФ, аўтар Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце БССР.


22 чэрвеня

Дзень усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны.


23 чэрвеня

Міжнародныя Алімпійскі дзень і дзень удоваў.

1705. Расійскі цар Пётр І са світай увайшоў у Віцебск, дзе загадаў знішчыць абразы з выявай Ясафата Кунцэвіча і агучыў план па знішчэнні яго парэшткаў, што захоўваліся ў Полацку.


24 чэрвеня

1900. У маёнтку Лапацічы (цяпер вёска Борка-Бялевічы Капыльскага раёна Мінскай вобласці) нарадзіўся пісьменнік Кузьма Чорны (сапраўдныя імя і прозвішча Мікалай Раманоўскі). У 1926–1931 гадах быў старшынёй літаб’яднання «Узвышша». 

У 1938 годзе арыштаваны: сядзеў у Мінску ў турме, дзе яго рэгулярна катавалі. Выпушчаны праз заступніцтва першага сакратара кампартыі БССР Панамарэнкі. Памёр ад інсульту ў 1944 годзе. Творы: «Трэцяе пакаленне», «Млечны шлях», «Пошукі будучыні», «Бацькаўшчына», «Сястра», «Лявон Бушмар».


25 чэрвеня

1840. Расійскі імператар Мікалай І выдаў указ аб увядзенні ў Беларусі замест трэцяга Статуту ВКЛ расійскага заканадаўства.

Пятрусь Броўка


1905.У вёсцы Пуцілкавічы Ушацкага раёна на Віцебшчыне нарадзіўся пісьменнік Пятрусь Броўка. Аўтар мноства кніг паэзіі, шэрагу аповесцяў. Напісаў лібрэта опер «Міхась Падгорны» і «Алеся». Яго верш «Пахне чабор» — школьная класіка.

1910. У парыжскай «Гранд-апера» адбылася прэм’ера балета Ігара Стравінскага «Жар-птушка», пасля якой ён займеў сусветную славу. Кампазітар паходзіў з беларускай шляхты.


26 чэрвеня

Міжнародны дзень барацьбы з наркатычнымі сродкамі і іх незаконным абарачэннем, а таксама Міжнародны дзень у падтрымку ахвяраў катаванняў.

1945. У амерыканскім Сан-Францыска пяць дзясяткаў краін падпісалі Статут Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. У тым ліку і Беларусь (на той час БССР) як дзяржава-заснавальніца ААН.

1970. У Смалявічах на Міншчыне нарадзілася гімнастка Марына Лобач. Чэмпіёнка свету па мастацкай гімнастыцы (абруч) і Алімпійскіх гульняў–1988 у Сеуле (шматбор’е).



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: