БагатаДата 20–26 ліпеня

Вы ведаеце, калі адзначаецца Сусветны дзень мозгу і Міжнародны дзень боксу? А што звязвае Warner Brothers з Беларуссю? Іншыя цікавосткі — у нашым аглядзе.

20 ліпеня

Міжнародны дзень шахматаў і Міжнародны дзень торта.

1994. Адбылася інаўгурацыя першага прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі. Ён заступіў на пасаду і прынёс прысягу ў Авальнай зале Дома ўраду пад бел-чырвона-белым сцягам на трыбуне з гербам «Пагоня» па-беларуску.


21 ліпеня

Дзень металурга (адзначаецца ў Беларусі ў трэцюю нядзелю ліпеня).

1994. Дэпутаты Вярхоўнага Савета зацвердзілі кандыдатуры ўрадаўцаў, якія прапанаваў Лукашэнка. Прэм’ер-міністрам стаў былы кіраўнік «Белаграпрамбанку» Міхаіл Чыгір, Міністэрства ўнутраных спраў узначаліў Юрый Захаранка, МЗС — Уладзімір Сянько. Першым указам Лукашэнкі было акурат прызначэнне прэм’ер-міністра.


22 ліпеня

Сусветны дзень мозгу і Міжнародны дзень боксу.


1914. У Оршы нарадзіўся савецкі кінасцэнарыст і паэт-песеннік Барыс Ласкін. Фільмы на яго сцэнары: «Дайце кнігу скаргаў», «Карнавальная ноч». Песні на яго словы: «Спяць курганы цёмныя», «Тры танкісты», «Эх, шлях-дарожка франтавая». Дом, дзе нарадзіўся Ласкін, быў знесены ў Оршы ў 2008 го­дзе, калі горад упарадкавалі да «Дажынак». Хаця краязнаўцы прапаноўвалі зрабіць там музей творцы і музей яўрэяў.


23 ліпеня

1884. Нарадзіўся Альберт Уорнер, адзін з братоў-заснавальнікаў знакамітай амерыканскай кінастудыі «Уорнер Бразэрс». Бацька братоў прыехаў за акіян з Браслаўшчыны.


24 ліпеня

1934. У вёсцы Глыбачка Ушацкага раёна на Віцебшчыне нарадзіўся акцёр Купалаўскага тэатра (з 1962 да смерці ў 2018 годзе), народны артыст Беларусі Генадзь Гарбук. Ролі ў спектаклях: Сымон («Раскіданае гняздо»), Зёлкін («Хто смяецца апошнім»), Яўмень («Ажаніцца — не журыцца»), Андрэй Буслай («Парог»), Добчынскі («Рэвізор»). Ролі ў кіно: бацька Ганны («Людзі на балоце»), старэйшы сын Андрэй Ходас («Белыя Росы»), Пятрок («Знак бяды»).


25 ліпеня

Дзень пажарнай службы ў нашай краіне.

1959. У Алі-Байрамлы ў Азербайджане нарадзіўся Анатоль Куляшоў, міністр унутраных справаў Беларусі ў 2009–2012 гадах.

1984. У Мінску на 54-м годзе жыцця памёр класік беларускай літаратуры Уладзімір Караткевіч («Каласы пад сярпом тваім», «Чорны замак Альшанскі», «Дзікае паляванне караля Стаха» і іншае).


1984. Савецкая касманаўтка Святлана Савіцкая першай у свеце з жанчын выйшла ў адкрыты космас. Яна мае повязь і з Беларуссю. Яна не з беларускімі каранямі, як першая касманаўтка Валянціна Церашкова, але муж Святланы Савіцкай, Віктар Хаткоўскі, лётчык, родам з Мінска.


26 ліпеня

Дзень штучнай мовы эсперанта, якую прыдумаў Людвік Заменгоф (родам з Беластоку, некалькі гадоў жыў і працаваў у Гродне).

1944. У Каменску Палтаўскай вобласці Украіны нарадзіўся Васіль Стражаў, доктар фізіка-матэматычных навук, міністр адукацыі Беларусі з 1994 па 2001 гады, а пазней рэктар Белдзяржуніверсітэта.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!