БагатаДата 20–27 красавіка

Вялікдзень, Міжнародны дзень салідарнасці моладзі, 75-годдзе Зянона Пазьняка. Іншыя цікавыя даты і падзеі — у нашым аглядзе.


20 красавіка

Міжнародны дзень цырку.

1994. Уступіў у сілу аднайменны падставовы дакумент Арганізацыі Дамовы аб калектыўнай бяспецы — ваенна-палітычнага саюза шэрагу краінаў СНД, утворанага з падачы Расіі. Акрамя яе, у АДКБ уваходзяць Беларусь, Казахстан, Кыргызстан, Арменія і Таджыкістан.


21 красавіка

Вялікдзень (па календары каталіцкай канфесіі)

1954. У вёсцы Ганчароўка Смалявіцкага раёна на Міншчыне нарадзіўся Валерый Рачкоўскі, галоўны мастак Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек. Ён паставіў больш за 75 спектакляў для дзяцей і дарослых. Валерый Рачкоўскі пайшоў з жыцця ў 2014 годзе.


22 красавіка

1794. Пачатак паўстання пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касцюшкі супраць рускай акупацыі на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага. Тут яго ачоліў Якуб Ясінскі. Яшчэ гэтую падзею называюць Віленскім паўстаннем: атрад пад правадырствам Ясінскага раптоўна напаў на рускі гарнізон. У першай палове 23 красавіка Вільня ўжо была пад кантролем паўстанцаў, а камендант, генерал-маёр Мікалай Арсеннеў, узяты ў палон.


23 красавіка

1889. У расійскім Варонежы нарадзіўся Васіль Лявонаў, адзін з заснавальнікаў педыятрыі ў Беларусі. Ён — першы кіраўнік Таварыства дзіцячых лекараў БССР, заснавальнік і першы дэкан факультэта аховы мацярынства і дзяцінства Мінскага медыцынскага інстытута.


1934. У вёсцы Вераскава Навагрудскага раёна Гродзенскай вобласці нарадзіўся доктар філасофскіх навук Уладзімір Конан.

1954. У Баранавічах нарадзіўся мастак-авангардыст Уладзімір Акулаў.


24 красавіка

Міжнародны дзень салідарнасці моладзі.

1944. У вёсцы Суботнікі Іўеўскага раёна Гродзенскай вобласці нарадзіўся археолаг, мастацтвазнаўца і палітык Зянон Пазьняк. Адкрывальнік праўды пра Курапаты, заснавальнік Беларускага народнага фронту, дэпутат Вярхоўнага Савета 12 склікання, кандыдат у прэзідэнты на выбарах 1994 года. З 1996 года — у эміграцыі.

1949. У вёсцы Бераснёўка Кіраўскага раёна на Магілёўшчыне нарадзіўся публіцыст і пісьменнік Уладзімір Саламаха. Працаваў галоўным рэдактарам часопіса «Вожык» і выдавецтва «Беларуская энцыклапедыя».


25 красавіка



1939. Нарадзілася дыктарка беларускага тэлебачання, народная артыстка Зінаіда Бандарэнка.


26 красавіка

Міжнародны дзень памяці пра Чарнобыльскую катастрофу і Міжнародны дзень інтэлектуальнай уласнасці.

1899. У вёсцы Замосце Уздзенскага раёна на Міншчыне нарадзіўся пісьменнік і перакладчык Ілья Гурскі, у гонар якога названая адна з вуліц сталіцы. Быў да Другой сусветнай вайны рэдактарам газеты «Літаратура і мастацтва», падчас яе — рэдактарам газеты «За свабодную Беларусь» і сатырычнага лістка «Партызанская дубінка», а пасля вайны — часопіса «Беларусь».

1929. У Дукштах (цяпер гэта Літва) нарадзіўся гісторык і дзеяч беларускай меншасці ў Польшчы Юрый Туронак. Аўтар кніг «Беларускае школьніцтва на Беласточчыне», «Вацлаў Іваноўскі і адраджэнне Беларусі», «Беларусь пад нямецкай акупацыяй», «Беларуская кніга ў Другой Рэчы Паспалітай», «Людзі СБМ». Памёр сёлета ў студзені.


1929. У вёсцы Гарадзец Рагачоўскага раёна на Гомельшчыне нарадзіўся Мікалай Слюнькоў, першы сакратар ЦК КПБ (гэта значыць, кіраўнік БССР) у 1983–1987 гадах. Пасля — сакратар ЦК КПСС, член Палітбюро КПСС і загадчык Эканамічнага аддзелу ЦК КПСС. Абіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савету СССР.

1939. Нарадзіўся знакаміты савецкі акцёр Уладзіслаў Дваржэцкі. Фільмаграфія: «Бег», «Салярыс», «Вяртання няма», «Зямля Саннікава», «Да апошняй хвіліны». У траўні 1978 года памёр праз інфаркт у Гомелі, куды прыехаў на сустрэчу з гледачамі.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!