БагатаДата 21–27 сакавіка

У гэтыя дні нарадзіліся Мацей Бурачок і ўладыка Філарэт. Як завуць іх па-сапраўднаму і якія выбітныя людзі нарадзіліся ў адзін тыдзень з імі — у нашым традыцыйным аглядзе.

21 сакавіка — Дзень лялечніка

21 сакавіка

Сусветныя дні паэзіі, людзей з сіндромам Дауна, барацьбы за ліквідацыю расавай дыскрымінацыі, а таксама Міжнародны дзень лясоў і Дзень лялечніка (або тэатра лялек).

1840. У фальварку Свіраны (цяпер вёска Свіронас у Віленскім раёне) нарадзіўся адзін з пачынальнікаў беларускай літаратуры, яе класік Францішак Багушэвіч. Псеўданім — Мацей Бурачок. Зборнікі — «Дудка беларуская» і «Скрыпка беларуская». Пісаў лацінкай, але цяпер яго творы выдаюцца, зразумела, кірыліцай. Пры жыцці ў Расійскай імперыі быў забаронены. Аўтар вядомага выслоўя: «Шмат было такіх народаў, што страцілі найперш сваю мову, так як той чалавек перад скананнем, катораму мову займае, пасля і зусім замерлі. Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі!» Дык паўторым разам з іншым паэтам Адамам Гурыновічам: «Дзякуй табе, браце, Бурачок Мацею, за тое, што ў сэрцы збудзіў ты надзею».

1935. У Маскве нарадзіўся Кірыл Вахрамееў, ён жа ўладыка Філарэт, былы мітрапаліт Мінскі і Слуцкі, ганаровы патрыяршы экзарх усяе Беларусі. У пачатку 1990-х гадоў быў дэпутатам Вярхоўнага Савета Беларусі.


22 сакавіка

Сусветны дзень водных рэсурсаў, Міжнародны дзень таксіста, а ў Беларусі — Дзень працаўнікоў бытавога абслугоўвання насельніцтва і камунальнай гаспадаркі (адзначаецца ў чацвертую нядзелю сакавіка).

1585. У мястэчку Біржы (цяпер Літва) нарадзіўся Крыштаф Радзівіл, ваенны і дзяржаўны дзеяч Рэчы Паспалітай, вялікі гетман літоўскі. Ачольваў у ВКЛ апазіцыю супраць Жыгімонта Вазы. Кальвініст, праціўнік каталіцкага духавенства. 


Вызначыўся ў вайне Рэчы Паспалітай з Расіяй (1632–1634) за Смаленск: некалькі месяцаў трымаў яго ў аблозе і ўзяў, калі прыйшла польская дапамога.


23 cакавіка

Сусветны метэаралагічны дзень.

1990. Заснаванне Музея гісторыі тэатральнай і музычнай культуры Беларусі.


24 сакавіка

Сусветны дзень барацьбы з сухотамі.


25 сакавіка

Дзень Волі ў Беларусі.


1905. У вёсцы Машчыцы Слуцкага раёна на Міншчыне нарадзіўся доктар біялагічных навук Аляксандр Вечар. Навукова абгрунтаваў выкарыстанне аскарбінавай кіслаты ў тэхналогіі вытворчасці пеністых вінаў. Браў удзел у стварэнні першага ў СССР доследна-прамысловага завода па атрыманні караціну з морквы і першага завода па вытворчасці вітаміну В2 на аснове мікрабіялагічнага сінтэзу.

1945. У вёсцы Стэцкі Гродзенскага раёна нарадзіўся знакаміты баскетбаліст, гулец зборнай СССР Іван Ядэшка. Увайшоў у гісторыі тым, што ў фінал Алімпіяды–1972 за тры секунды да канца матча каманды СССР супраць ЗША аддаў надзвычай далёкі пас на Аляксандра Бялова, які зрабіў лік пераможным 51:50. Гэта адзін з самых драматычных эпізодаў у гісторыі сусветнага спорту.

26 сакавіка

1940. У вёсцы Масцішча Навагрудскага раёна на Гродзеншчыне нарадзіўся доктар гістарычных навук, ганаровы архівіст Беларусі Міхаіл Касцюк. Кіраваў Інстытутам гісторыі Акадэміі навук, быў галоўным рэдактарам шасцітомніка «Гісторыя Беларусі».

1960. У вёсцы Пугачы Валожынскага раёна нарадзіўся паэт Віктар Шніп, галоўны рэдактар выдавецтва «Мастацкая літаратура».


1995. Пачало дзейнічаць Шэнгенскае пагадненне. Беларусь займела агульную мяжу з краінамі, якія ўваходзяць у Шэнген, 1 траўня 2004 года (Польшча, Літва і Латвія).


27 сакавіка

Сусветны дзень тэатра

1985. У Ленінградзе нарадзілася беларуская біятланістка Надзея Скардзіна. Мае залаты алімпійскі медаль у эстафетнай гонцы і бронзавы — у індывідуальнай гонцы на 15 кіламетраў.

1985. У Мінску нарадзіўся Віталь Гуркоў, 12-разовы чэмпіён свету ў тайскім боксе. Таксама ён — удзельнік гурта «Brutto».





Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: