БагатаДата 21–27 верасня

На тыдні ёсць нагода на дзень пакінуць на стаянцы сваё аўто і павіншаваць ратавальнікаў, якія святкуюць 25-годдзе стварэння МНС. Яшчэ больш цікавых падзей, гадавін і юбілеяў — у нашым аглядзе.


21 верасня

Міжнародны дзень міру. А яшчэ — Міжнародная ноч кажаноў.

1689. Ці то ў польскім Тыкоціне, ці то ў Беластоку нарадзіўся дзяржаўны і ваенны дзеяч Рэчы Паспалітай, адзін з яе самых багатых і ўплывовых магнатаў Ян Клеменс Браніцкі. Менавіта ён збудаваў раскошны барочны палац у Беластоку, які называюць падляшскім Версалем.

1954. У вёсцы Сейлавічы Нясвіжскага раёна Мінскай вобласці нарадзіўся журналіст і выдавец Станіслаў Суднік. Аднавіў у Лідзе выданне газеты Таварыства беларускай мовы «Наша слова», што перастала выходзіць у Мінску.

1959. У Мінску нарадзіўся дзеяч адраджэнскага руху Віктар Івашкевіч. У сярэдзіне 1980-х гадоў быў адным са стваральнікаў падпольнай арганізацыі «Незалежнасць». У 1990-я — сакратар управы БНФ, рэдактар газеты «Рабочы», віцэ-прэзідэнт Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў. 


У 2002 годзе асуджаны на два гады абмежавання волі («хімія») за публікацыю артыкула «Злодзей павінен сядзець у турме» падчас прэзідэнцкай выбарчай кампаніі, у якім пракуратура ўгледзела паклёп на кіраўніка Беларусі.


22 верасня

Сусветны дзень без аўтамабіля.

1919. Цэнтральная беларуская рада Віленшчыны і Гро­дзеншчыны арганізавала ў Вільні настаўніцкія курсы для падрыхтоўкі настаўнікаў беларускіх школаў. Выкладчыкамі на гэтых курсах былі: Я. Станкевіч (загадчык курсаў), М. Гарэцкі, К. Душэўскі, Ф. Ждановіч, М. Кахановіч, М. Мараўская, В. Ластоўскі, Н. Ласковіч.

Дарэчы, першыя такія курсы ў Вільні дзейнічалі са снежня 1915-га па 23 верасня 1916 года. Створаныя яны былі школьнай камісіяй Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны ва ўмовах германскай акупацыі для падрыхтоўкі настаўнікаў для віленскіх беларускіх школ. Выкладчыкі: А. Пашкевіч (Цётка), Б. Пачопка (загадчык курсаў), С. Іваноўская, В. Ластоўскі, І. Луцкевіч, А. Луцкевіч, У. Рымша, Ю. Менке і іншыя.


23 верасня

Міжнародны дзень бісексуальнасці.

1924. У Койданаве (цяпер Дзяржынск) на Міншчыне нарадзіўся паэт Артур Зэй­дэль-Вольскі, сын пісьменніка Віталя Вольскага і бацька музыкі Лявона Вольскага. Працаваў адказным сакратаром часопісаў «Бярозка» і «Вясёлка», дырэктарам Тэатра юнага гледача і Дома літаратара.

1994. Было створана Міністэрства па надзвычайных сітуацыях і абароне насельніцтва ад наступстваў катастрофы на ЧАЭС, праз некалькі гадоў — проста МНС.


24 верасня

1969. У Гродне нарадзіўся паэт, загадчык літаратурнай часткай Гродзенскага тэатра лялек Юрый Гумянюк. Там ставіліся яго п’есы для дзяцей: «Баль у барона Мюнхаўзена», «Таямніца залатога пярсцёнка», «Каляднае падарожжа».


25 верасня

1939. У Кіеве нарадзілася спявачка (меца-сапрана), народная артыстка СССР і Беларусі Святлана Данілюк. Салістка з 1966 года Опернага тэатра ў Мінску, а затым Белдзяржфілармоніі.

1944. У амерыканскім Нью-Брансвіку нарадзіўся акцёр Майкл Дуглас. Мае беларуска-яўрэйскага паходжанне: яго дзед і бабка Гершэль Даніловіч і Брына Занглель эмігравалі з Гомеля ў 1908 годзе.


26 верасня

Еўрапейскі дзень моваў, а таксама Сусветныя дні мора, кантрацэпцыі і барацьбы за поўную ліквідацыю ядзернай зброі.

1629. Паміж Швецыяй і Рэччу Паспалітай было заключанае Альтмаркскае замірэнне, якое скончыла вайну, што цягнулася ад 1600 года.

1964. З вёсак Баравыя, Купа, Малая Сырмеж, Наносы, Садоўшчына, Сцепянёва, Урлікі ўтвораны курортны пасёлак Нарач у Мядзельскім раёне на Міншчыне.


27 верасня

Сусветны дзень турызму.

1909. У вёсцы Скварцы Дзяржынскага раёна Мінскай вобласці нарадзіўся пісьменнік Лукаш Калюга. Сапраўдныя імя і прозвішча — Канстанцін Вашына. У 1933 годзе арыштаваны ДПУ і асуджаны «як член контррэвалюцыйнай нацдэмаўскай арганізацыі» на 5 гадоў ссылкі. Там быў зноў арыштаваны і ў выніку расстраляны. Апроч напісання ўласных твораў, Лукаш Калюга займаўся перакладамі. У прыватнасці, пераклаў на беларускую мову раман Яраслава Гашака «Прыгоды ўдалага ваякі Швейка».


1944. Сканаў акцёр Канстанцін Быліч. Выступаў у Вандроўным тэатры Уладзіслава Галубка, а затым у БДТ-1 (Купалаўскім тэатры). У прыватнасці, ён выканаў ролю Кастуся Каліноўскага ў аднайменным спектаклі Еўсцігнея Міровіча. Быліч, па розных звестках, ці то памёр, ці то загінуў падчас чыгуначнай катастрофы пры рээвакуацыі тэатра з Томска ў Мінск.

1969. У вёсцы Лышча Пінскага раёна Брэсцкай вобласці нарадзіўся адзін з самых вядомых беларускіх хакеістаў Эдуард Занкавец. Гуляў за зборную Беларусі і трэніраваў яе.




Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!