БагатаДата 22–28 чэрвеня

Сусветны дзень рыбалоўства і Дзень работнікаў беларускай пракуратуры, 40 гадоў Чырвонай кнізе Беларусі і гадавіна Люблінскай уніі. Іншыя круглыя даты і юбілеі — у нашым аглядзе.

22 чэрвеня

Дзень усенароднай памяці ахвяраў Вялікай Айчыннай вайны адзначаецца ў Беларусі.

1929. У Ташкенце нарадзіўся беларускі архітэктар Юлій Пурэцкі. Кіраўнік аўтарскага калектыву, які склаў Генплан Мінска ў пачатку 1980-х гадоў.

23 чэрвеня

Міжнародны алімпійскі дзень. Адзначаецца ў гонар аднаўлення алімпійскага руху ў сучасным фармаце.

1944. Падчас Другой сусветнай вайны пачалася наступальная аперацыя савецкай арміі «Баграціён», у выніку якой тэрыторыю Беларусі цягам двух месяцаў вызвалілі ад фашысцкай акупацыі і была амаль цалкам разгромленая нямецкая групоўка войскаў «Цэнтр».

1994. Беларусы першы раз абіралі прэзідэнта — у гэты дзень прайшоў першы тур выбараў–1994. Яго вынікі: у другі тур выйшлі дэпутат Вярхоўнага Савета і дырэктар саўгаса «Гарадзец» Шклоўскага раёна Магілёўскай вобласці Аляксандр Лукашэнка — 44,82% галасоў, а таксама прэм’ер-міністр Вячаслаў Кебіч — 17,33%, далей размясціліся дэпутат і лідар БНФ Зянон Пазняк — 12,82%, былы старшыня Вярхоўнага Савета Станіслаў Шушкевіч — 10%, старшыня Саюза аграрнікаў Аляксандр Дубко — 6%, кіраўнік Партыі камуністаў Беларускай Васіль Новікаў — 5%.


24 чэрвеня

1959. У Мінску нарадзілася балерына, народная артыстка Беларусі Інэса Душкевіч (Рагнеда ў пастаноўцы «Страсці» Андрэя Мдзівані і Валянціна Елізар’ева).

Сцэна са спектакля. У цэнтры Рагвалод (Аляксей Няцветаў) і Рагнеда (Інэса Душкевіч)

25 чэрвеня

1989. У Вільні завяршыўся распачаты напярэдадні ўстаноўчы з’езд Беларускага народнага фронту «Адраджэньне». У Мінску на яго правядзенне прэзідыум Вярхоўнага Савета дазволу не даў. Дэлегаты дабіраліся з Беларусі за свой кошт, на заклік тамтэйшага нацыянальна-вызвольнага руху «Саюдзіс» на ноч іх прытулілі жыхары Вільні. У прынятай праграме БНФ сярод іншага было зазначана права на выхад Беларусі са складу СССР, вяртанне гістарычнай сімволікі і статус адзінай дзяржаўнай беларускай мовы. Быў абраны Сойм, які ўзначаліў Зянон Пазьняк.


26 чэрвеня

Дзень работнікаў пракуратуры ў Беларусі і Міжнародны дзень барацьбы з наркотыкамі.

1934. У расійскім Чарапаўцы нарадзіўся беларускі архітэктар Юрый Градаў. Асноўныя працы: мемарыяльныя комплексы «Хатынь», «Кацюша», помнікі класікам беларускай літаратуры Янку Купалу і Якубу Коласу ў Мінску.

1974. Мінску нададзена званне «Горад-Герой». Яго сталіцы Беларусі доўга не хацелі даваць. Маўляў, ужо праз некалькі дзён горад акупавалі немцы: які гераізм? Вельмі ўпарта за наданне Мінску гэтага звання змагаўся кіраўнік БССР Пётр Машэраў. Усяго яно было нададзена 12 савецкім гарадам і Брэсцкай крэпасці — адмысловае званне «Крэпасць-Герой».


27 чэрвеня

Сусветны дзень рыбалоўства.

1909. У вёсцы Звонь Ушацкага раёна нарадзіўся пісьменнік Сяргей Знаёмы (сапраўднае прозвішча — Клопаў). У 1937 годзе асуджаны як «чалец контррэвалюцыйнай нацыянал-фашысцкай арганізацыі». Узімку 1944-га ўцёк з лагера на Калыме, але далейшы лёс невядомы.

1949. У вёсцы Казлоўшчына Пастаўскага раёна нарадзіўся дыпламат Міхаіл Хвастоў. У 2000-х гадах быў міністрам замежных спраў Беларусі і паслом у ЗША.


28 чэрвеня

1569. Быў заключаны акт Люблінскай уніі — дзяржаўнага саюза паміж Каронай Польскай і Вялікім Княствам Літоўскім.

1979. Заснаваная Чырвоная кніга Беларусі. Аснову Чырвонай кнігі складае спіс рэдкіх жывёлаў і раслінаў, які зацвярджаецца Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.




Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!