БагатаДата 23–29 лістапада

У гэтыя дні багата каго можна ўзгадаць і павіншаваць. А каго і за што канкрэтна — чытайце ў нашым традыцыйным аглядзе.

23 лістапада

23 лістапада — Міжнародны дзень барацьбы з беспакаранасцю. Гэты дзень быў заснаваны Міжнароднай асацыяцыяй па абароне свабоды слова (IFEX). Ён прысвечаны закліку да дзеяння: дамагчыся правасуддзя для тых, хто трапіў пад пераслед за ажыццяўленне свайго права на свабоду выказвання. Яшчэ адна задача — асвятліць тэму беспакаранасці.

1954. У вёсцы Вароніна Жыткавіцкага раёна Гомельшчыны нарадзіўся Міхаіл Русы. Быў старшынёй Аграрнай партыі, намеснікам прэм’ер-міністра, міністрам сельскай гаспадаркі. Цяпер — памочнік Лукашэнкі і інспектар па Магілёўшчыне.

1954. У вёсцы Жураўцы Валожынскага раёна Мінскай вобласці нарадзіўся Аляксандр Лукашанец. Кіраваў Інстытутам беларускай мовы і літаратуры Акадэміі навук, узначальваў Міжнародны камітэт славістаў.


24 лістапада

1714. Каля Навагрудку нарадзіўся архітэктар Тамаш Жаброўскі. Асноўныя яго працы: езуіцкі касцёл у Бабруйску, касцёл святога Ігната ў Вільні.

Тамаш Жаброўскі

Касцёл святога Ігната ў Вільні

1889. У пасёлку Мір Карэліцкага раёна Гродзеншчыны нарадзіўся Залман Шазар (Рубашоў), трэці прэзідэнт Ізраіля.

1899. У вёсцы Кляннік (цяпер Смалявіцкі раён Мінскай вобласці) нарадзіўся доктар біялагічных навук Міхаіл Ганчарык. У пачатку 1930-х гадоў кіраваў Інстытутам біялогіі. Арыштаваны ў 1933 годзе па «справе Беларускага нацыянальнага цэнтра»: асуджаны да 10 гадоў лагераў і накіраваны на будоўлю Байкала-Амурскай магістралі. Пасля вызвалення працаваў у Арлоўскай вобласці Расіі, дзе ў 1949-м зноў быў арыштаваны КДБ: высланы на пасяленне ў Краснаярскі край. Распрацаваў там асновы палярнага земляробства. У сярэдзіне 1950-х гадоў вярнуўся ў Беларусь і працаваў у Акадэміі навук.


25 лістапада

 Мікалай Янчук

 Мікалай Янчук



Міжнародны дзень барацьбы жанчын за ліквідацыю гвалту ў дачыненні да іх.

1914. У Гомелі нарадзіўся Іван Палякоў, старшыня прэзідыуму Вярхоўнага Савета БССР у 1977–1985 гадах. Таксама быў намеснікам старшыні прэзідыуму Вярхоўнага Савета СССР.


26 лістапада

Сусветны дзень інфармацыі.


1934. У вёсцы Краснае Кіраўскага раёна Магілёўскай вобласці нарадзіўся Валянцін Рабцэвіч, археолаг, адзін з заснавальнікаў беларускай нумізматыкі.


27 лістапада

1859. У Беларусі запрацавала першая тэлеграфная лінія — паміж Мінскам і Бабруйскам.


28 лістапада

Сусветны дзень спачування.

1959. У вёсцы Беражцы Жыткавіцкага раёна нарадзіўся Міхаіл Мароз, які ў 1977 годзе студэнтам на ўборцы бульбы каля вёскі Бурая Дубровенскага раёна на Віцебшчыне вынес з-пад гусеніц трактара снарад часоў Другой сусветнай вайны. Ён выбухнуў, калі хлопец адбег убок ад людзей. Узнагароджаны пасмяротна ордэнам Чырвонай Зоркі. Пра яго подзвіг пісала ўся савецкая прэса. Што праўда, паводле іншай версіі, студэнты знайшлі снарад — і той выбухнуў у руках аднаго з іх. Але начальства вырашыла гісторыю, як гэта часта ў СССР бывала, падкарэктаваць на гераізм у мірны час.


29 лістапада

1859. У сяле Корніца (цяпер Мазавецкае ваяводства Польшчы) нарадзіўся славіст, пісьменнік, этнограф Мікалай Янчук. Адзін з заснавальнікаў Народнай кансерваторыі ў Маскве, браў удзел у працы камісіі па стварэнні Белдзяржуніверсітэта. Збіраў і апрацоўваў беларускі, літоўскі, польскі, рускі, украінскі музычны фальклор.


Аўтар харавога гімну «Не загаснуць зоркі ў небе» на словы Янкі Купалы. Пераклаў шэраг вершаў Купалы для яго першай кнігі па-руску.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: