БагатаДата 24–30 жніўня

Аказваецца, у нас магло быць у тыдні пяць дзён — чатыры працоўных і адзін выходны. А лётчык Сяргей Грыцавец быў першым двойчы героем Савецкага Саюза. Больш цікавостак — у нашым аглядзе.

24 жніўня

1654. Адбылася бітва пад Шапялевічамі (цяпер Круглянскі раён на Магілёўшчыне). Гэта быў пачатак вайны паміж Рэччу Паспалітай і Масковіяй 1654–1667 гадоў — так званай Невядомай вайны, самай вынішчальнай у гісторыі Беларусі, пра якую за савецкім часам замоўчвалася. Войскі Рэчы Паспалітай у бітве пад Шапялевічамі былі разбітыя, гетман Януш Радзівіл паранены, пачалася маскоўская акупацыя тэрыторыі нашай краіны.

1949. У вёсцы Моладава Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці нарадзіўся Пётр Брыгадзін, гісторык, міністр адукацыі Беларусі ў 2001–2003 гадах, а да гэтага рэктар Акадэміі кіравання пры прэзідэнце, а яшчэ раней рэктар Рэспубліканскага інстытуту вышэйшай школы.

1959. Прынятая пастанова Саўміну БССР пра выраб на базе завода газавай апаратуры бытавых лядоўняў. Так паўстаў Мінскі завод халадзільнікаў — цяпер «Атлант». Першая лядоўня «Мінск-1» была выпушчана ў 1962 годзе.

25 жніўня

1899. У горадзе Невель (тады Віцебская губерня, а цяпер Пскоўская вобласць Расіі) нарадзіўся кінарэжысёр Эдуард Аршанскі. 1932 годзе ён паставіў адзін з першых беларускіх гукавых фільмаў — «Баям насустрач», прысвечаны жыццю сельскіх школьнікаў.


26 жніўня

1929. У СССР і, адпаведна, у Беларусі быў скасаваны сямідзённы тыдзень — і ўведзены пяцідзённы (чатыры працоўныя дні і за імі выходны дзень). Але такая каляндарная рэформа, галоўнай мэтай якой было разбурэнне звыклага хрысціянскага цыклу, не прыжылася. Спачатку тыдзень стаў шасцідзённым, а затым і зноў сямідзённым.

28 жніўня

1744. Памёр кіраўнік антыфеадальнага ўзброенага паўстання сялян у Крычаўскім старостве Рэчы Паспалітай у 1740-х гадах Васіль Вашчыла. Пасля разгрому паўстанцаў Вашчылу ўдалося ўцячы, але на тэрыторыі Украіны яго арыштавалі і трымалі ў адной з крэпасцяў. Пакуль вялося следства, лідар паўстанцаў захварэў і памёр.


1979. Памёр Канстанцін Сіманаў, расійскі пісьменнік. Пасля крэмацыі ягоны прах быў развеяны каля Магілёва над Буйніцкім полем, пра бітву на якім Сіманаў пісаў у рамане «Жывыя і мёртвыя».

1994. Пачалося першае святкаванне Дня беларускага пісьменства і друку. Часцей за ўсё яго сталіцай быў Полацк — тройчы.


29 жніўня

1950. У вёсцы Вяценеўка Слонімскага раёна на Гродзеншчыне нарадзіўся Леанід Мальцаў, двойчы міністр абароны Беларусі (у 1996–1997 гадах і ў 2001–2009 гадах). Цяпер — на чале Інстытуту дзяржаўнай службы Акадэміі кіравання пры прэзідэнце.

1939. Лётчык Сяргей Грыцавец, ураджэнец Баранавіцкага раёна, атрымаў другі раз званне Героя Савецкага Саюза. Ён стаў першым, хто быў такім чынам уганараваны двойчы.


30 жніўня

1954. У пасёлку Копысь Аршанскага раёна на Віцебшчыне нарадзіўся Аляксандр Лукашэнка. Пазней ён перанёс дату свайго нараджэння на дзень пазней.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!