БагатаДата 25–31 ліпеня

Гэтымі днямі мы можам адсвяткаваць аж два дні незалежнасці Беларусі. Адзін — дакладна, другі — па жаданні. Якія? Чытайце ў нашым традыцыйным аглядзе.


25 ліпеня

Дзень пажарнай службы адзначаецца ў Беларусі.

1840. У вёсцы Азяты Жабінкаўскага раёна на Брэстчыне нарадзіўся этнограф і фалькларыст Юльян Крачкоўскі. Дырэктар Полацкай настаўніцкай семінарыі, Віленскага настаўніцкага інстытута, старшыня Віленскай археаграфічнай камісіі. Бацька вядомага савецкага ўсходазнаўца Ігната Крачкоўскага, які пераклаў на рускую мову Каран і быў рэдактарам першага выдання «1001 ночы».

1910. У вёсцы Новы Пагост (цяпер Мёрскі раён) нарадзіўся беларускі дзеяч харавога мастацтва, кампазітар, дырыжор, фалькларыст, заснавальнік і кіраўнік Дзяржаўнага Акадэмічнага хору Беларусі Генадзь Цітовіч. Першую навуку мастацтва і культуры атрымаў у дзіцячыя гады ад Флора Манцэвіча.


26 ліпеня

Дзень работнікаў гандлю ў Беларусі (адзначаецца ў апошнюю нядзелю ліпеня), а таксама Дзень эсперанта.

1875. У Ковенскай губерні нарадзіўся друкар, выдавец кніг на беларускай, рускай, польскай і літоўскай мовах Марцін Кухта. Паходзіў са шматдзетнай сялянскай сям'і. Атрымаў пачатковую адукацыю (чатырохгадовае прыходскае вучылішча).

Марцін Кухта


У 1890-м годзе аказаўся ў Вільні і накіраваўся ў друкарню Віленскай ваеннай акругі. Тут ён здаў экзамен на прадмет адукаванасці і стаў вучнем наборшчыка. За дзесяць гадоў вучобы Кухта здолеў стаць малодшым наборшчыкам, пасля гэтага паступіў на працу ў Віленскую губернскую друкарню, аднак хутка адтуль звольніўся і накіраваўся ў сталіцу імперыі. Пасля вучобы ў Санкт-Пецярбургу там жа працаваў наборшчыкам і метранпажам.

1965. У Мінску нарадзіўся беларускі мовазнаўца Зміцер Саўка. Браў удзел у моладзевым грамадскім аб’яднанні «Беларуская Майстроўня» (1979–1984). У чэрвені 1982 года скончыў сярэднюю школу № 61 Мінска (цяпер гімназія № 3). Летам 1983 года паступіў на філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, які скончыў у 1988 годзе. Выкладаў у Мінскім дзяржаўным педагагічным інстытуце замежных моваў, дзе працаваў на кафедры беларускай мовы. У канцы 1990-х паехаў у ЗША на запрашэнне Вітаўта Кіпеля і прабыў там агулам паўтара года, запісваў успаміны амерыканскіх беларусаў. У 1999–2002 гадах працаваў стыль-рэдактарам на радыё «Рацыя». З 2006 года кіраваў моўнай службай на тэлеканале Белсат. Памёр 9 красавіка 2016 года, хварэў на рак. Пахаваны на Заходніх могілках Мінска.


27 ліпеня

Сусветны дзень барацьбы з гепатытам.

1950. У вёсцы Грачанае Валгаградскай вобласці Расіі нарадзілася дзяржаўная дзяячка Беларусі Антаніна Морава. У 2001–2006 гадах працавала міністрам працы і сацыяльнай абароны Беларусі. Намесніца старшыні Беларускага саюза жанчын.

1990. Вярхоўны Савет БССР прыняў Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце. Наша краіна абвяшчалася суверэннай дзяржавай, «якая ўладкавана на аснове ажыццяўлення беларускай нацыяй яе неад’емнага права на самавызначэнне, дзяржаўнасці беларускай мовы, вяршэнства народа ў вызначэнні свайго лёсу». Праз год, 25 жніўня, 1991 года Дэкларацыя набыла статус канстытуцыйнага закона. Менавіта дзень прыняцця Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце стаў датай, калі ў першай палове 1990-х гадоў святкаваўся Дзень незалежнасці Беларусі. У выніку рэферэндуму 14 траўня 1995 года, ініцыяванага Лукашэнкам, Дзень незалежнасці быў перасунуты на 3 ліпеня — Дзень вызвалення Мінска ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.


28 ліпеня

1890. У вёсцы Рушчаны Гро­дзенскай губерні нарадзіўся Язэп Рэшаць — беларускі рэлігійны і культурна-асветны дзеяч, навуковец, педагог, пісьменнік, драматург і публіцыст. Каталіцкі святар заходняга абраду, бенедыкцінец, місіянер, доктар філасофіі і тэалогіі. Адзін з найвядомейшых тэолагаў і вучоных у гісторыі беларускага хрысціянскага руху XX стагоддзя. У 1928–1929 гадах — актыўны дзеяч Беларускай хрысціянскай дэмакратыі. У складзе беларускай дэлегацыі ўдзельнічаў у працы 5-га Уніяцкага кангрэса ў Велеградзе. У 1938 годзе выехаў у ЗША да ксяндза Яна Тарасевіча ў мясцовасці Лайл (Ліс-Ілінойс) каля Чыкага, дзе ўступіў у ордэн бенедыкцінцаў у абацтве Св. Пракопа. Пасля года навіцыяту атрымаў манаскае імя Апанас. Памёр 15 лютага 1958 года.

1920. У польскім Кракаве памёр паэт Алесь Гарун (сапраўднае імя — Аляксандр Прушынскі). Прычынай смерці стала крываўка (дызентэрыя), на якую Гарун захварэў у Ваўкавыску, паеўшы вішняў і запіўшы іх халоднай вадой. Яго вывезлі санітарным цягніком у Кракаў, дзе паэт і памёр. 


Пахаваны там на Ракавіцкіх могілках. Доўгі час у беларускай літаратуры яго імя не згадвалася, бо лічыўся «нацдэмам», які не разумеў класавай барацьбы. У Мінску ёсць вуліца Гаруна. Будзеце праязджаць ці шпацыраваць па ёй — згадайце актуальны і па сёння верш паэта пра беларускую мову: «Ты, мой брат, каго зваць беларусам, Роднай мовы сваёй не цурайся; Як не зрокся яе пад прымусам, Так і вольны цяпер не зракайся».


29 ліпеня

1965. У Мінску ў парку Горкага запрацаваў публічны планетарый.


30 ліпеня

Сусветны дзень барацьбы з гандлем людзьмі, а таксама Міжнародны дзень сяброўства.


31 ліпеня

ы

Дзень сістэмнага адміністратара.

1920. Пасля савецка-польскай вайны спыніла існаванне Літбел (Літоўска-Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка) і адбылося паўторнае абвяшчэнне БССР. Дакладней, тады яна называлася ССРБ (Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка Беларусь).



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: