БагатаДата 25–31 траўня

Сусветны дзень без тытуню, курган Міцкевіча, беларуская Папялушка і дзень народзінаў ГУМу. А таксама іншыя цікавосткі ў нашым аглядзе.

Леанід Барткевіч

25 траўня

1949. У Мінску нарадзіўся музыка, спявак Леанід Барткевіч, удзельнік гурту «Песняры». У 1991 годзе разам з жонкай, славутай гімнасткай Вольгай Корбут, эміграваў у ЗША, у 2000-м яны развяліся, і Барткевіч вярнуўся на радзіму.


26 траўня

Дзень хіміка ў Беларусі.

1799. Пры Свята-Троіцкім жаночым уніяцкім манастыры ў Мінску адчыніўся гарадскі шпіталь — першая медычная ўстанова сталіцы. За савецкім часам гэта была 2-я бальніца. У 1923 годзе тут упершыню ў Беларусі было праведзена пераліванне крыві.

2-я бальніца ў Мінску


1939. У Полацку нарадзіўся архітэктар Аркадзь Караткоў, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі за планіроўку і забудову Наваполацку.


27 траўня

1924. У Наваградку адбылася ўрачыстая закладка Кургана бессмяротнасці ў гонар паэта Адама Міцкевіча. Месца для помнага ўзгорку выбранае таму, што дзіцячыя гады творцы прайшлі ў ваколіцах горада, дзе адбываліся падзеі, апісаныя ў шэрагу яго твораў. Курган — гісторыка-культурная каштоўнасць.

Фота Argon by, CC BY-SA 3.0, commons.wikimedia.org

1959. У вёсцы Роскі Сялец Аршанскага раёна на Віцебшчыне нарадзіўся доктар медыцынскіх навук і высокапаўстаўлены цягам многіх гадоў чыноўнік Аляксандр Косінец. Узначальваў Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр «Навука і хірургія», быў рэктарам Віцебскага медыцынскага ўніверсітэта, працаваў намеснікам прэм’ер-міністра, старшынёй Віцебскага аблвыканкаму, кіраўніком Адміністрацыі прэзідэнта, цяпер — памочнік кіраўніка краіны.


28 траўня

1934. У Мінску адчынілася на той момант самая вялікая крама горада — ГУМ. Будынак быў размешчаны непадалёк ад сённяшняга, але ў вайну ён быў моцна пашкоджаны. Новы ГУМ пачыналі будаваць палонныя немцы, а ўнівермаг запрацаваў у ім у 1951 годзе.

ГУМ у Мінску


29 траўня

1909. У Ваўкавыску ў сям’і цыркавых артыстаў нарадзілася актрыса Яніна Жэйма, якая праславілася роляй Папялушкі ў аднайменным савецкім фільме. Яшчэ яна вядомая па стужцы «Сяброўкі». Актрыса была мініяцюрная (рост 148 сантыметраў і 31-ы памер нагі), да 40 гадоў выглядала на юную дзяўчыну, таму выконвала ў кіно ролі падлеткаў. «Калі я выконвала ролю Папялушкі, мне было 37 гадоў, а гераіня была равесніцай маёй дачкі», — згадвала Яніна Жэйма ў адным з інтэрв’ю. Падчас вайны была ў блакадным Ленінградзе, у 1957 годзе з трэцім мужам пераехала ў Польшчу. Памерла ў 1987 годзе ў Варшаве, а пахаваная ў Маскве.

Яніна Жэйма

1939. У пасёлку Руба, цяпер гэта ў межах Віцебску, нарадзілася актрыса Людміла Пісарава. Яна працавала ў трупе Коласаўскага тэатру і здымалася ў кіно (фільмы: «Плач перапёлкі», «Людзі на балоце»).


30 траўня

1899. У Дзвінску, цяпер Даўгаўпілс у Латвіі, нарадзіўся артыст, рэжысёр і культурна-грамадскі дзеяч тамтэйшай беларускай дыяспары Язэп Камаржынскі. Быў дырэктарам Беларускага народнага тэатру ў Рызе. У 1945 годзе арыштаваны і сасланы ў Сібір, у 1955 годзе вярнуўся ў Дзвінск, дзе ўдзельнічаў у пастаноўках спектакляў у мясцовым Доме культуры. Загінуў у выніку ДТЗ, калі ішоў на рэпетыцыю.

1999. Адбылася трагедыя на Нямізе ў Мінску, калі ў выніку таўкатні загінулі 53 чалавекі, пераважна моладзь ва ўзросце ад 14 да 20 гадоў. У гэты дзень каля Палацу спорту ладзілася піўное свята з канцэртам. Раптам усчалася залева — і многія людзі пабеглі хавацца ад яе ў пераход станцыі метро «Няміга». Там і здарылася смяротная цісканіна.


31 траўня

Сусветны дзень без тытуню.

Фота з сайта www.racyja.com

1924. У Познані памёр кампазітар, скрыпач-віртуоз, дырыжор Канстанцін Горскі, ураджэнец Ліды. Працаваў канцэртмайстрам аркестра Вялікага тэатру ў Познані, хоць да гэтай пасады яму давялося, каб выжыць, граць паміж сеансамі ў варшаўскіх кінатэатрах. Аўтар дзвюх опер — «За хлебам» (паводле навелы Генрыка Сянкевіча) і «Маргер» (паводле паэмы Уладзіслава Сыракомлі).




Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!