БагатаДата 25 красавіка — 1 траўня

У гэтыя дні БССР стала краінай-заснавальніцай Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, а таксама нарадзіўся адзін з аўтараў НЧ. Што яшчэ было цікавага — у нашым традыцыйным аглядзе.

25 красавіка — Міжнародны дзень ветэрынара


25 красавіка

Міжнародны дзень ДНК, а таксама Міжнародны дзень барацьбы з малярыяй і Міжнародны дзень ветэрынара.

1910. У сяле Аляксееўка Запарожскай вобласці Украіны нарадзіўся вельмі папулярны ў СССР памежнік Мікіта Карацупа. Стварыў уласную школу выхавання следапытаў і дрэсіроўкі сабак. Яго імя за савецкім часам надавалі многім піянерскім атрадам, класам, школам. Служыў Карацупа з сярэдзіны 1940-х гадоў і ў Беларусі. За час памежнай службы Карацупа затрымаў або знішчыў каля паўтысячы парушальнікаў мяжы. Але нібыта ў асноўным гэта былі кантрабандысты ды тыя, хто хацеў уцячы з Савецкага Саюза.


26 красавіка

Дзень Чарнобыльскай трагедыі. Міжнародны дзень інтэлектуальнай уласнасці і пародненых гарадоў.


1980. У Бабруйску нарадзіўся адзін з сучасных беларускіх гісторыкаў Ігар Мельнікаў. Аўтар некалькіх кніг і выставаў пра Заходнюю Беларусь першай паловы ХХ стагоддзя. Рэгулярна публікуецца на старонках «Новага Часу».


27 красавіка

1930. У Мінску нарадзіўся адзін з нашых самых вядомых жывапісцаў, народны мастак Беларусі Май Данцыг. Некаторыя карціны: «Раніца новага Мінска», «Бэз», партрэты Элема Клімава, Алеся Адамовіча, Васіля Быкава. Мазаіка ў мінскай гасцініцы «Юбілейная» — таксама аўтарства Мая Данцыга.


1945. БССР стала краінай-заснавальніцай Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. Юрыдычна гэта стала магчымым, калі Вярхоўны Савет СССР прадставіў саюзным рэспублікам быццам бы самастойнасць у знешніх зносінах. У іх з’явіліся свае МЗС. СССР хацеў, каб статус заснавальніц ААН атрымалі паўтара дзясяткі савецкіх рэспублік, але ў выніку яго займелі з іх толькі Украіна і Беларусь як рэспублікі з найвялікшымі стратамі ў Другой сусветнай вайне. РСФСР такога права не атрымала.


28 красавіка

Сусветны дзень аховы працы.

1915. У Бабруйску нарадзіўся рэжысёр Сямён (Саламон) Казіміроўскі. У 1967–1975 гадах — мастацкі кіраўнік Коласаўскага тэатра ў Віцебску.


29 красавіка

Сусветны дзень танца.


1940. У вёсцы Аўгустава Лагойскага раёна на Міншчыне нарадзіўся прафсаюзны лідар і апазіцыйны палітык Уладзімір Ганчарык. Дэпутат Вярхоўнага Савета СССР, Вярхоўнага Савета БССР, старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі. Кандыдат у прэзідэнты ад апазіцыі на выбарах 2001 года. Паводле афіцыйных дадзеных, набраў 15,65% галасоў.


30 красавіка

Міжнародны дзень джазу.


1 траўня

1895. У Мінску адбылося першае адзначэнне рабочымі 1 Мая. І сёлета гэты дзень — па-ранейшаму Свята працы.

1930. У вёсцы Пярэвалачня Талачынскага раёна Віцебскай вобласці нарадзіўся драматург Алесь Петрашкевіч. Былы намеснік галоўнага рэдактара выдавецтва «Беларуская Савецкая Энцыклапедыя», кіраўнік цэнтра па выданні гістарычна-дакументальных хронік «Памяць». Самая вядомая п’еса — «Напісанае застаецца». Суаўтар сцэнара мастацкага фільма «Час выбраў нас».



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: