БагатаДата 26 снежня — 1 студзеня

На гэтым тыдні мы не толькі сустракаем Новы Год, але і віншуем Аляксандру Герасіменю: выбітную плыўчыху і, як паказаў 2020-ты, не менш выбітную грамадзянку краіны. Што яшчэ варта ўзгадаць — чытайце ў нашым традыцыйным аглядзе.

Аляксандра Герасіменя


26 снежня

1905. На Волзе ў сям’і бурлака нарадзіўся беларускі савецкі дзяржаўны дзеяч Аляксандр Мацвееў. У 1941-1942 гадах — наркам унутраных спраў БССР.

27 снежня
1925. У Грэцыі памёр ураджэнец Ашмяшчыны Зыгмунд Мінейка. Кіраўнік паўстання 1863-1864 гадоў у Ашмянскім павеце. Збег з катаргі у Сібіры і выправіўся за мяжу. Ганаровы грамадзянін Грэцыі, яго дачка Зоф’я — жонка прэм’ера-міністра Грэцыі Георгіяса Папандрэу-старэйшага. Унук Мінейкі Андрэас Папандрэу і праўнук Георгіяс Папандрэу-малодшы таксама ў розны час ачольвалі ўрад Грэцыі.

28 снежня
Міжнародны дзень кіно.

1910. У вёсцы Талька Пухавіцкага раёна на Міншчыне нарадзіўся акцёр, народны артыст Беларусі Іван Шаціла. Працаваў у Купалаўскім і Горкаўскім тэатрах у Мінску. Здымаўся ў фільмах: «Хто смяецца апошнім, Каханне трэба берагчы», «Вуліца малодшага сына», «Першыя выпрабаванні».

29 снежня
Міжнародны дзень віяланчэлі.

30 снежня
1990. Запрацавала 2-я (Аўтазаводская) лінія мінскага метро. Спачатку гэта былі пяць станцый — «Фрунзенская», «Няміга», «Купалаўская», «Пралетарская» і «Трактарны завод». Лінія асаблівая тым, што тут маецца адзіная двухплатформавая станцыя — «Першамайская».

31 снежня
1985. У Мінску нарадзілася плыўчыха Аляксандра Герасіменя. Чэмпіёнка свету і Еўропы, прызёрка Алімпійскіх гульняў. Узначальвае Беларускі фонд спартовай салідарнасці, які дапамагае рэпрэсаваным спартоўцам.

1 студзеня
Новы Год.
1861. У вёсцы Лаша Гродзенскага раёна нарадзіўся заснавальнік беларускага мова- і літаратуразнаўства Яўхім Карскі. Аўтар сямітомнай працы «Беларусы».
1956. З мінскай тэлевежы на вуліцы Камуністычная пачалася трансляцыя Рэспубліканскай тэлестудыі з радыусным ахопам прымання 70 кіламетраў.
1961. У вёсцы Стракавічы Светлагорскага раёна на Гомельшчыне нарадзіўся журналіст і палітык Ігар Гермянчук. У 29-гадовым узросце стаў адным з самых маладых дэпутатаў Вярхоўнага Савету 12-га склікання. Галоўны рэдактар забароненай у 1997 годзе газеты «Свабода».


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: