БагатаДата 27 красавіка–3 траўня

Ці ведаеце вы, каму з нашых землякоў стаіць помнік у Японіі? А пра тое, як скончыў жыццё адзін з першых даследчыкаў Белавежскай пушчы? Больш цікавостак — у нашым аглядзе.

27 красавіка

Сусветны дзень ветэрынарнага лекара.

1584. У Вільні памёр дзяржаўны дзеяч Вялікага Княства Літоўскага Мікалай Радзівіл Руды. Быў падчашым, лоўчым, гетманам і канцлерам ВКЛ. Выступаў супраць заключэння Люблінскай уніі 1569 года і не падпісаў акт пра яе. Вызнаваў кальвінізм, прасоўваў Рэфармацыю. Камандаваў войскам ВКЛ у пераможнай бітве на рацэ Ула пад Чашнікамі над маскоўскім корпусам, які быў амаль утрая большым па колькасці за атрады ВКЛ.

Мікалай Радзівіл Руды

1919. Польскія войскі занялі Гродна, дзе на той час знаходзіўся ўрад БНР.

28 красавіка

Вялікдзень (па календары праваслаўнай канфесіі) і Сусветны дзень аховы працы.

1814. У сяле Стралічаў (цяпер — Хойніцкі раён Гомельскай вобласці) нарадзіўся Іосіф Гашкевіч, дыпламат, мовазнаўца, даследчык Японіі, Кітая ды іншых краінаў. Яго імем названы заліў у Паўночнай Карэі і некаторыя адкрытыя віды рэдкіх насякомых. Помнік Гашкевічу стаіць у японскім горадзе Хакагатэ і пад нашым Астраўцом, у ваколіцах якога ён жыў, калі вярнуўся на радзіму. У Мінску ёсць вуліца Гашкевіча.

1859. У вёсцы Зіновічы Лідскага раёна нарадзіўся ваенны дзеяч Кіпрыян Кандратовіч, генерал, міністр абароны БНР.

1864. У Магілёве быў пакараны смерцю лекар, паўстанцкі камісар у Магілёўскай і Мінскай губернях Міхал Аскерка. 22 красавіка Мураўёў-вешальнік падпісаў яму смяротны прысуд. Сваякі і сябры намагаліся дамагчыся яго змякчэння — і смяротнае пакаранне нібыта адмянілі. Але было зроблена так, каб паведамленне пра гэта прыйшло ў Магілёў ужо пасля расстрэлу Аскеркі.

1949. У Жыткавічах, што на Гомельшчыне, нарадзіўся кампазітар Уладзімір Буднік. Яго вядомыя песні — «Янка Купала», «Пах чабаровы», «Палессе», «Белая лілея», «Святло тваіх вачэй», «Водар чаромхі», «Я зачараваная табой», «Папараць-кветка» ды іншыя.

1964. У расійскім Новакузнецку нарадзіўся цяперашні міністр адукацыі Беларусі Ігар Карпенка.

1994. Быў створаны Канстытуцыйны суд Беларусі.


29 красавіка

Міжнародны дзень танца.

1884. У Гродне нарадзіўся Самуіл Агурскі, беларускі і яўрэйскі гісторык. Дырэктар Інстытута яўрэйскай пралетарскай культуры, намеснік дырэктара Інстытута нацыянальных меншасцяў Акадэміі навук. Выкрываў нацыяналізм Усевалада Ігнатоўскага і Зміцера Жылуновіча, але ў 1938 годзе сам быў рэпрэсаваны і сасланы ў Казахстан, у Паўладарскую вобласць, дзе і памёр.

1979. У Чавусах, што ў Магілёўскай вобласці, нарадзіўся біятланіст Сяргей Новікаў, сярэбраны медаліст Алімпійскіх гульняў–2010.

1 траўня

Дзень працы.


1939. У Свярдлоўску нара­дзілася спявачка, народная артыстка Беларусі Наталля Гайда, вядомая па пастаноўках цягам многіх гадоў у Беларускім дзяржаўным акадэмічным музычным тэатры (Тэатры музкамедыі).

1949. У вёсцы Далідавічы Валожынскага раёна на Міншчыне нарадзілася спявачка, народная артыстка Беларусі Ядвіга Паплаўская. Вядомая выступленнямі ў ансамблі «Верасы», а таксама як стваральніца і кіраўніца разам з мужам Аляксандрам Ціхановічам першага ў Беларусі Тэатра песні і творчай студыі пры ім.

1969. Адкрыўся Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны. Тады ён быў педінстытутам імя Валерыя Чкалава — славутага лётчыка, які нейкі час служыў у Гомелі.

2004. Беларусь займела мяжу з Еўрасаюзам. У гэтым дзень да ЕС далучыўся дзясятак краінаў, у тым ліку нашы суседзі — Літва, Латвія ды Польшча.


2 траўня

1954. Дзень народзінаў мастака і дызайнера Канстанціна Хацяноўскага, аўтара выяваў першых грошай незалежнай Беларусі — «зайчыкаў».



2009. Пайшоў з жыцця акцёр, народны артыст Беларусі Фёдар Шмакаў, які больш за 60 гадоў працаваў у трупе Коласаўскага тэатра ў Віцебску.


3 траўня

Міжнародны дзень свабоды прэсы.

1864. Скончыў жыццё самагубствам у сібірскай ссылцы Станіслаў Горскі, беларускі прыродазнаўца, медык і педагог. Ён быў адным з першых даследчыкаў Белавежскай пушчы.

1939. У Маскве нарадзіўся рэжысёр Леанід Нячаеў, які, працуючы на «Беларусьфільме», зняў такія славутыя дзіцячыя стужкі, як «Прыгоды Бураціна», «Пра Чырвоны Каптурок», «Прададзены смех», «Пітар Пэн» ды іншыя.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!