БагатаДата 28 снежня — 3 студзеня

У гэтыя святочныя дні адзначаюцца круглыя даты і проста дні народзінаў шматлікіх таленавітых людзей. Якіх? Глядзіце ў нашым традыцыйным аглядзе.

28 снежня

Міжнародны дзень кіно.

1899. У сяле Палуціна Кастрамской вобласці Расіі нарадзіўся генерал арміі Міхаіл Малінін, удзельнік вызвалення Беларусі падчас Другой сусветнай вайны. Вуліца яго імя ёсць у Мінску. Яго жонка Надзея Грэкава была старшынёй Вярхоўнага Савета БССР.


29 снежня

1934. У расійскім Барнауле нарадзіўся акцёр, народны артыст Беларусі і СССР Віктар Тарасаў. Апрача тэатральных роляў, здымаўся ў фільмах «Бацька», «Крушэнне імперыі», «Соф’я Пяроўская», «Дзяржаўная граніца», «Дэбют», «Кіроўца аўтобуса».


30 снежня

1879. У Гродне нарадзіўся спартовец-асілак Якаў Чахаўскі. Паставіў шэраг відовішчных рэкордаў. Напрыклад, перанёс на адной руцэ 6 чалавек (жаўнераў-грэнадзёраў у амуніцыі). А яшчэ ён падкідаў угару пудовыя гіры і лавіў на грудзі, трымаў на сабе сцэну з 30 музыкамі.

1904. У Маладзечне нарадзіўся яўрэйскі паэт Зэлік Аксельрод, брат мастака Меера Аксельрода. Перакладаў на ідыш беларускую і рускую класіку — ад Купалы да Пушкіна. Пратэставаў супраць закрыцця яўрэйскіх школ у СССР. Арыштаваны перад самым пачаткам вайны і расстраляны НКУС 26 чэрвеня 1941-га пры адступленні савецкіх войскаў з Мінска.


31 снежня

1909. У Варшаве нарадзіўся польска-беларускі кампазітар Юрый Бяльзацкі. У розныя гады працаваў дырыжорам Беларускага дзяржаўнага эстраднага аркестру, Тэатра музычнай камедыі, канцэртмайстрам Тэатра оперы і балета, кінастудыі «Беларусьфільм», мастацкім кіраўніком эстраднага аркестра Беларускага радыё і тэлебачання.

1904. У вёсцы Быстрыца Капыльскага раёна на Міншчыне нарадзіўся Іван Варвашэня, імем якога названа адна з мінскіх вуліц. Адзін з лідараў антыфашысцкага падполля і партызанскага руху ў Мінскай вобласці падчас Другой сусветнай вайны.


1 студзеня

Сусветны дзень міру.

1920. У мястэчку Турэц Карэліцкага раёна Гродзенскай вобласці нарадзіўся палітычны і ваенны дзеяч Барыс Рагуля. У пачатку Другой сусветнай вайны ваяваў супраць фашыстаў складзе Войска Польскага, трапіў у палон і ўцёк у Заходнюю Беларусь, якая ўжо была далучана да СССР. Працаваў настаўнікам, пакуль не быў арыштаваны НКУС.

У пачатку нямецкай акупацыі здолеў трапіць на волю, стаў камандзірам Беларускай самааховы ў Навагрудку, а затым акруговым начальнікам Беларускай краёвай абароны. Пасля вайны апынуўся ў амерыканскай зоне акупацыі Нямеччыны, удзельнічаў у падрыхтоўцы беларускіх выведных і дыверсійных спецгрупаў, якія закідваліся ў БССР.

Фота wikipedia.org

У сярэдзіне 1950-х гадоў перабраўся ў Канаду, дзе стаў вядомым доктарам медыцыны, займайся лекаваннем раку. Напрыканцы 1980-х — у пачатку 1990-х гадоў браў удзел у праектах па дапамозе дзецям — ахвярам Чарнобыльскай катастрофы.

1945. У мястэчку Мір Карэліцкага раёна Гродзенскай вобласці нарадзілася пісьменніца Вольга Іпатава. Працавала галоўным рэдактарам газеты «Культура», была старшынёй Саюза беларускіх пісьменнікаў. Вядомая як празаік гістарычнага жанру. 


Творы: «Прадыслава», «Агонь у жылах крэменю», «Чорная княгіня», «За морам Хвалынскім», «Залатая жрыца Ашвінаў», «Вяшчун Гедзіміна», «Альгердава дзіда».

1955. У вёсцы Рыжкавічы, цяпер гэта ў межах горада Шклоў на Магілёўшчыне, нарадзілася Галіна Лукашэнка, жонка Аляксандра Лукашэнкі. Пасля яго перамогі на выбарах–1994 яна так і не перабралася ў сталіцу і не стала, адпаведна, першай лэдзі. З кіраўніком Беларусі ў іх два сыны — Дзмітрый і Віктар.


2 студзеня

Дзень навуковай фантастыкі.

1920. Абраная для адзначэння Дня навуковай фантастыкі дата — не выпадковая. У гэты дзень на этнічных беларускіх землях у мястэчку Пятровічы, што цяпер у Смаленскай вобласці Расіі, нарадзіўся знакаміты амерыканскі пісьменнік Айзек Азімаў.

1950. У вёсцы Тумашы Ляхавіцкага раёна на Брэстчыне нарадзіўся Сямён Домаш, былы старшыня Гродзенскага гарвыканкаму і аблвыканкаму, дэпутат Вярхоўнага Савета. У 1996 годзе стаў адным з тых дэпутатаў, якія выступілі супраць рэферэндуму, ініцыяванага Лукашэнкам, і падпісалі заяву аб імпічменце. Быў зарэгістраваны кандыдатам у прэзідэнты на выбарах 2001 года, але зняў сваю кандыдатуру паводле дамоўленасцяў у шырокай апазіцыйнай кааліцыі на карысць старшыні Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Уладзіміра Ганчарыка. Пасля адышоў ад грамадска-палітычнай дзейнасці і працаваў дырэктарам на шэрагу заводаў. Памёр у лютым мінулага года.


3 студзеня

1905. У вёсцы Цітва Пухавіцкага раёна Мінскай вобласці нарадзіўся паэт і перакладчык Уладзімір Хадыка. На адзін з яго вершаў — «Расцём і дужэем» — была напісана песня. Пераклаў на беларускую мову «На дне» Горкага» і «Ціхі Дон» Шолахава. У 1936 годзе арыштаваны і асу­джаны на 10 гадоў пазбаўлення волі. Загінуў на будоўлі чыгункі каля Улан-Удэ (Расія, Бурація).



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: