БагатаДата 28 верасня — 4 кастрычніка

А вы ведаеце, што першы Статут ВКЛ дапрацоўваўся аж сем гадоў? А першы «Чарнобыльскі шлях», насамрэч, адбыўся ўвосень? Больш цікавостак — у нашым аглядзе.


28 верасня

Міжнародны дзень прававых ведаў.

1924. У Варшаве нарадзіўся польскі навуковец, беларусіст Анджэй Цеханавецкі. Пасля рэпрэсіяў і рэабілітацыі ў 1958 годзе ён з’ехаў з Польшчы. У нямецкім Цюбінгенскім універсітэце абараніў дысертацыю, прысвечаную слонімскаму тэатру. Аўтар кнігі «Міхаіл Казімір Агінскі і яго “ся­дзіба музаў” у Слоніме».

1939. У Маскве міністры замежных спраў СССР і Германіі падпісалі нямецка-савецкі Дагавор аб дружбе і мяжы СССР і Германіі.

1979. У Мінску нарадзілася актрыса (ролі ў кіно і спектаклях Нацыянальнага драмтэатра імя Горкага), салістка гурта «Naka» Анастасія Шпакоўская.


29 верасня

1529. Зацверджаны першы Статут (збор законаў феадальнага права) Вялікага Княства Літоўскага. Напісаны Статут па-беларуску. Першы яго варыянт быў складзены (даследчыкі лічаць, што ў тым ліку пры ўдзеле Францішка Скарыны) у 1522 годзе — то-бок, статут дапрацоўваўся сем гадоў.


1904. У Екацярынаславе (цяпер горад Днепр ва Украіне) нарадзіўся кінарэжысёр, сцэнарыст, народны артыст БССР Леў Голуб. Яго фільмы: «Дзяўчынка шукае бацьку», «Міколка-паравоз», «Анюціна дарога», «Паланэз Агінскага». «Пушчык едзе ў Прагу».

1959. Нарадзіўся беларускі журналіст, пісьменнік, паэт Вітаўт Мартыненка (памёр 17 красавіка 2016 года). У 1985 годзе разам з Анатолем Мяльгуем стварыў першы ў Беларусі рок-клуб «Няміга». Удзельнік арганізацыі фэстаў «Тры колеры» (1986, 1988), «Басовішча» (1990). У канцы 1980-х — удзельнік «Талакі», «Тутэйшых», у 1988 годзе стаў арганізатарам адной з першых груп падтрымкі БНФ, якую стварыў у дзяржаўнай газеце «Чырвоная Змена». За ўдзел у Дзядах–88 Вітаўт Мартыненка быў асуджаны (адміністрацыйна). У адказ на гэта ў «Чырвонай Змене» з’явіўся калектыўны артыкул «Процістаянне». Аўтар шматлікіх публікацый на тэмы нацыянальнай музыкі, літаратуры, грамадска-палітычнага жыцця. Вітаўт Мартыненка ўвёў тэрміны «беларускі рок» (беларускамоўны) і «рок з Беларусі» (англамоўны, рускамоўны ды на іншых мовах).

Сяргей Каваленка, Вітаўт Мартыненка, Ігар Сімбіроў на прэзентацыі дыска «Сімвал веры і свабоды». Фота Анатоля Мяльгуя


30 верасня

Міжнародны дзень перакладчыка і Міжнародны дзень інтэрнэту.

1914. У Пінску нарадзіўся вучоны-хімік, заслужаны дзеяч культуры Беларусі, сын Якуба Коласа Даніла Міцкевіч. Ён быў арганізатарам і першым дырэктарам Літаратурнага музею Якуба Коласа.

1989. У Мінску ўпершыню прайшоў «Чарнобыльскі шлях» — ад гадзіннікава завода да плошчы Леніна (цяпер — Незалежнасці). Нягледзячы на тое, што ўлады прызначылі на гэты дзень суботнік, удзел у шэсці і мітынгу ўзялі больш за 30 тысяч чалавек. На чале шэсця былі пісьменнікі Васіль Быкаў і Алесь Адамовіч.

Першы чарнобыльскі шлях. Фота Уладзіміра Сапагова


1 кастрычніка

Міжнародны дзень людзей сталага веку, Міжнародны дзень музыкі, Сусветны дзень вегетарыянства.

1949. У вёсцы Забараўцы Пінскага раёна Брэсцкай вобласці нарадзіўся журналіст Іосіф Сярэдзіч. У першай палове 1990-х гадоў — дэпутат Вярхоўнага Савета і галоўны рэдактар парламенцкай «Народнай газеты». У сакавіку 1995 года Лукашэнка звольніў Сярэдзіча і прызначыў у «Народную газету» новага рэдактара, хаця на гэта меў права толькі Вярхоўны Савет. Іосіф Сярэдзіч стварыў іншае выданне — «Народную волю», якой кіруе дагэтуль.


2 кастрычніка

Міжнародны дзень нягвалту, Сусветны дзень аховы месцаў пасялення. А ў Беларусі — Дзень архівіста.

1989. Пачаліся заняткі ў адноўленай Мінскай духоўнай семінарыі, якая месціцца ў пасёлку Жыровічы Слонімскага раёна Гродзенскай вобласці. Заснаваная ў 1785 годзе ў Слуцку. У 1840-м пераехала ў Мінск. У 1918 годзе зачыненая бальшавікамі. У 1947-м запрацавала зноў, але ў 1963-м чарговы раз установу зачынілі.


3 кастрычніка

1924. У вёсцы Шляхецкая Ваколіца (цяпер вёска Цярэшкавічы) Гомельскага раёна нарадзіўся Рыгор Клімовіч, дзеяч беларускага антысавецкага супраціву. У 1953 годзе стаў адным з лідараў Нарыльскага паўстання — паўстання палітычных вязняў у Нарыльскім лагеры, у тым ліку 5 тысяч беларусаў. Клімовіч напісаў гімн паўстання «Не страшны нам тыранствы бальшавізму».


4 кастрычніка

1854. У вёсцы Азёрая Хоцімскага раёна на Магілёўшчыне нарадзіўся хірург-афтальмолаг Ерафей Касценіч. Узначальваў кафедру афтальмалогіі ў Пецярбургскім клінічным інстытуце, затым стаў і дырэктарам Пецярбургскай вочнай лячэбніцы, дзе працаваў да канца жыцця. Менавіта Касценіч, зрабіўшы аперацыю, вярнуў зрок знакамітаму вучонаму Дзмітрыю Мендзялееву.




Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!